1 студзеня 2019 года запрацуе абноўлены дэкрэт № 3. Дакумент, які нарабіў шмат шуму, зменіць і сваю назву (рабочы варыянт — «Па садзейнічанні занятасці»), і сутнасць. Якой жа будзе новая рэдакцыя, што чакае беспрацоўных і якія меры плануюць прымяняць да тых, хто не збіраецца шукаць работу?

euroradio.fm

 

Ад збору з утрыманцаў да камісій па працаўладкаванні

Дэкрэт «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» быў прыняты 2 красавіка 2015 года. Ён павінен быў стымуляваць беларусаў да працоўнай дзейнасці і забяспечыць удзел усіх у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў. Тыя, хто сядзеў без работы больш за 183 дні ў годзе, мусілі плаціць адмысловы збор.

У пералік тых, хто вызваляецца ад такога падатку, трапілі пенсіянеры, людзі з інваліднасцю, грамадзяне, якія паўгода правялі па-за межамі Беларусі, маці, якія выхоўваюць дзіця ва ўзросце да сямі гадоў. Не павінны былі плаціць збор таксама рамеснікі, рэпетытары, сельскія жыхары, якія вядуць падсобныя гаспадаркі, і іншыя. У спісе вызваленых ад падатку аказаліся і беларусы, афіцыйна зарэгістраваныя ў якасці беспрацоўных: гэта стала адной з прычын, чаму службы занятасці навадніліся ахвотнымі стаць на біржу.

Утрыманцы, якія выплочвалі падатак добраахвотна, маглі атрымаць зніжку: таму, хто па сваёй ініцыятыве аплачваў збор да канца мая 2016 года, памяншалі яго на 10 працэнтаў. У пачатку 2017 года, пасля маніторынгу зваротаў грамадзян, у дэкрэт унеслі некалькі змяненняў. Да перыяду ўдзелу ў фінансаванні дзяржвыдаткаў аднеслі, напрыклад, праходжанне альтэрнатыўнай службы, знаходжанне ў нацыянальнай ці зборнай камандзе краіны па розных відах спорту.

А ў абмен на «статус» беспрацоўнага, запатрабавалі выконваць шэраг умоў: не адмаўляцца ад прапанаванай работы, звяртацца да наймальнікаў ва ўстаноўлены тэрмін, удзельнічаць у аплатных грамадскіх работах.

Па рашэнні мясцовых органаў вызваліць ад падатку маглі тых, хто апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі.

У сакавіку дзеянне дэкрэта прыпынілі: было вырашана, што на працягу года збор спаганяць увогуле не будуць. Дакумент адправілі на дапрацоўку. Але задача — знайсці работу ўсім — засталася. З канца сакавіка да канца красавіка ў раёнах дзейнічалі камісіі па працаўладкаванні. У іх склад уваходзілі кіраўнікі выканкамаў, прадстаўнікі розных упраўленняў і службаў.

Не ходзіш на работу — плаці

На снежаньскай нарадзе, прысвечанай праектам прававых актаў, скіраваных на развіццё рэальнага сектара эканомікі, навуковай дзейнасці і забеспячэнне занятасці насельніцтва, Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заявіў, што новая рэдакцыя дэкрэта № 3 павінна быць прыземленай і збалансаванай.

— Каб мы не падвяргаліся крытыцы і нас не называлі рэтраградамі, мы павінны дапрацаваць гэты дакумент з улікам тых недахопаў і, магчыма, памылак, якія былі дапушчаны, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — З аднаго боку, неабходна даць людзям магчымасць уладкавацца на работу, з іншага — прымусіць працаваць тых, хто сёння можа, але не хоча.

Яшчэ адно канцэптуальнае патрабаванне: мы не адсюль, з цэнтра, павінны шукаць гэтых непрацуючых грамадзян і прымяняць да іх меры. Яны жывуць у канкрэтных гарадах і сёлах, і там ёсць органы ўлады, якія разбяруцца ў сітуацыі.

Падрабязней аб прапановах, якія ўвойдуць у новую рэдакцыю, паведаміла старшыня Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Тамара КРАСОЎСКАЯ. Расказваючы пра навацыі, дэпутат парламента адзначыла, што пры ўладкаванні на работу грамадзян, якія не могуць на роўных канкурыраваць на рынку, будзе выкарыстоўвацца індывідуальны падыход.

— Мы заўважылі, што наймальнікі не вельмі ахвотна хочуць браць выпускнікоў ВНУ і каледжаў без вопыту, а таксама жанчын, якія толькі выйшлі з водпуску па доглядзе за дзіцем. Для таго каб знайсці працоўнае месца для кожнага, у раёнах павінны быць створаны спецыяльныя камісіі. У іх увойдуць дэпутаты ўсіх узроўняў, прадстаўнікі ЖКГ, упраўленняў унутраных спраў, аддзелаў адукацыі і занятасці.

Тамара Красоўская дадала, што нельга ўсе рэгіёны параўноўваць з Мінскам, дзе база вакансій налічвае тысячы прапаноў. Павінны быць вызначаны тэрыторыі з напружанай сітуацыяй на рынку. Іх пералік неабходна зацвярджаць штогод. Выйсце для такіх рэгіёнаў — адкрыццё новых працоўных месцаў, перападрыхтоўка спецыялістаў і стымуляванне самазанятасці. Ствараць таксама адзіную інфармацыйную базу грамадзян, не занятых у эканоміцы.

Лічбы

470 тысяч — столькі апавяшчэнняў «утрыманцам» разаслалі падатковыя органы. Збор на фінансаванне дзяржвыдаткаў аплацілі 62,7 тысячы чалавек — гэта 18,6 мільёна рублёў.

Пасля нарады ў Прэзідэнта ў сакавіку было выдадзена распараджэнне вярнуць грошы тым, хто ўладкаваўся на работу, дасягнуў пенсійнага ўзросту або прызнаны недзеяздольным ці інвалідам (незалежна ад прычыны, даты наступлення і тэрміну інваліднасці). Па звестках у кастрычніку, збор на ўтрыманства вярнулі 15,2 тысячы грамадзян у агульным памеры 4,5 мільёна рублёў. Астатнія грошы пайшлі на сацыяльныя патрэбы.

— Важна, каб дзяржаўныя органы ўзаемадзейнічалі пры яе вядзенні, — лічыць старшыня камісіі. — Інфармацыя ў базе павінна актуалізавацца штомесячна — хто пераехаў у іншы рэгіён, хто праходзіць курсы. Вылічыць, ці ёсць работа ў чалавека, можна будзе таксама з дапамогай ІD-карткі, якую ў наступным годзе плануюць завесці на кожнага грамадзяніна.

А вось уздзейнічаць на тых, хто працаваць не хоча, складана, прызнаецца дэпутат. «Многія, хто быў уладкаваны камісіяй вясной, ужо звольніліся. Хоць ім і месца на добрых прадпрыемствах знайшлі, і заробак далі».

Да гэтай катэгорыі будуць прымяняць эканамічныя рычагі. Незанятым грамадзянам працаздольнага ўзросту давядзецца аплачваць паслугі, якія субсідзіруюцца з бюджэту, у стапрацэнтным памеры. Дакладны пералік такіх паслуг будзе распрацаваны ўрадам у першым квартале 2018 года. Магчыма, у гэтым спісе акажуцца паслугі па газа- і электразабеспячэнні. Пры гэтым беларусы, якія не маюць работы, але знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, будуць вызвалены ад такой платы.

Дапамога прадпрымальнікам і былым зняволеным

Для таго каб забяспечыць людзей работай, у Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ёсць шэраг правераных мер. Ахвотным заняцца прадпрымальніцкай дзейнасцю, аказваць паслугі ў сферы аграэкатурызму ці стаць рамеснікам выдаецца субсідыя. Яна складае 11 бюджэтаў пражытачнага мінімуму (ці 269,5 рубля). Тым, хто збіраецца адкрыць сваю справу ў вёсках, малых гарадах ці рэгіёнах з высокай напружанасцю на біржы, выплачваюць дапамогу ў памеры 15 БПМ (бюджэтаў пражытковага мінімуму), а пры арганізацыі бізнесу, звязанага з выкарыстаннем вынікаў навуковых даследаванняў і распрацовак, — 20 БПМ.

За студзень — лістапад мінулага года субсідыі атрымала больш за 1,6 тысячы беспрацоўных. Больш за ўсё іх было выдадзена ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях (358 і 302 адпаведна). У Брэсцкім рэгіёне дапамогу для адкрыцця сваёй справы выдзелілі 237 чалавекам, у Мінскім — 220, на Віцебшчыне — 211, на Гродзеншчыне — 206, у сталіцы — 149.

Для тых, хто не можа канкурыраваць на рынку на роўных (інвалідаў, былых зняволеных), браніруюць працоўныя месцы. Гэта значыць, што прадпрыемства будзе абавязана прыняць чалавека на работу. Інакш наймальніку давядзецца заплаціць штраф — да 50 базавых велічынь.

Беспрацоўным прапануюць праходзіць курсы перападрыхтоўкі. Цягнуцца яны нядоўга — ад пары месяцаў ад года. Часта групы набіраюцца менавіта пад заказ канкрэтнага прадпрыемства. Асвоіць можна такія прафесіі, як кладаўшчык, лагіст, кандытар, кіроўца тралейбуса, майстар па манікюры, цырульнік, пячнік і іншыя.

На аднаго беспрацоўнага ўрача — 90 вакансій

Згодна з інфармацыяй Агульнарэспубліканскага банка вакансій, самыя запатрабаваныя работнікі ў краіне — медыцынскія сёстры (2,4 тысячы свабодных месцаў), урачы (2,3 тысячы) і кіроўцы аўтамабіля (2,2 тысячы). Пры гэтым колькасць прапаноў для дактароў у 90 разоў перавышае колькасць зарэгістраваных беспрацоўных з адпаведнай спецыяльнасцю, для медсясцёр — у 54 разы, для кіроўцаў — у тры разы.

З ліку спецыялістаў неабходны таксама фельчары-лабаранты, ветэрынары, заатэхнікі, педагогі дадатковай адукацыі, леснікі, выхавацелі ў дзіцячых садках, інжынеры. Калі казаць пра рабочыя прафесіі, то самыя запатрабаваныя з іх — швачка, муляр, бетоншчык, кухар, маляр, электрагазазваршчык, прадавец. А вось для біёлагаў, пашпартыстаў, аператараў складоў, матросаў-ратавальнікаў і машыністаў аўтамабілеразгрузчыка прапановы практычна адсутнічаюць.

Найбольшым попытам у саміх саіскальнікаў карыстаюцца месцы для некваліфікаванай працоўнай сілы. На адну вакансію прыбіральшчыка прэтэндуе беспрацоўных —4,4, дворніка — 4,3, грузчыка — 3, падсобнага рабочага — 2,5.

За студзень — лістапад мінулага года зафіксавана 10 мільёнаў зваротаў да банка вакансій. Наймальнікі шукалі ў базе інжынераў, бухгалтараў, эканамістаў, кіроўцаў, сакратароў, падсобных рабочых. Саіскальнікаў больш цікавілі прапановы для кіроўцаў (140 тысяч зваротаў), бухгалтараў (120 тысяч), інжынераў (112 тысяч), юрысконсультаў (73 тысячы) і эканамістаў (72 тысячы).

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ, Звязда

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: