9 ліпеня ўступіў у сілу ўказ прэзідэнта пра дзейнасць кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Індустрыяльны парк „Вялікі камень“». Згодна з ім кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка дазволіў аддаваць зямельныя ўчасткі ў межах парка ў прыватную ўласнасць інвестарам. 

kitay

Паводле ўказа зямельныя ўчасткі даюцца ў сталае ці часовае карыстанне, арэнду тэрмінам да 99 гадоў ці ў прыватную ўласнасць без правядзення адпаведных аўкцыёнаў. Зямлю ў прыватную ўласнасць можна атрымаць па цане, роўнай 50 адсоткам ад яе кадастравага кошту, паведамляе Нацыянальны прававы партал.

Першы намеснік гендырэктара кампаніі па развіцці індустрыяльнага паркаКірыла Карацееў у размове з карэспандэнтам Свабоды адзначыў, што атрымаць зямлю ў прыватную ўласнасць можа толькі юрыдычная асоба Рэспублікі Беларусь.

«У нас на сённяшні дзень законам аб зямлі ўжо прадугледжана магчымасць прадстаўлення зямлі ў прыватную ўласнасць. І ў гэтым плане ўказ па індустрыяльным парку, які ўступае ў сілу, не нясе ніякіх навацыяў. На сёння магчыма прадстаўленне ў прыватную ўласнасць прадпрыемствам, якія створаныя на тэрыторыі РБ, у тым ліку з замежным капіталам. Незалежна ад паходжання — ці гэта кітайскі капітал, ці нейкі іншы. То бок гэтая норма і так сёння дзейнічала па Беларусі. Практыкі яе прымянення практычна не было, гэта так. Гэты вопыт не распаўсюджаны. Але навацыяў няма».

Паводле Карацеева, захоўваецца забарона на продаж зямлі ў прыватную ўласнасць замежным кампаніям, якія не з’яўляюцца рэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь.

«У нас парк кітайска-беларускі, але не таму, што ён для кітайцаў. Ён для ўсіх інвестараў».

Пры гэтым спадар Карацееў адзначае, што сама працэдура куплі зямлі спрошчаная.

«Калі ў звычайным прававым полі, каб атрымаць зямлю ў тую ж прыватную ўласнасць ці ў арэнду, неабходна было звяртацца ў аблвыканкам — там ёсць пэўныя працэдуры, то ў гэтым выпадку гэтую працэдуру спрасцілі і падвялі пад мадэль парка. А мадэль парка палягае ў тым, што дзяржава перадае права выкарыстання земляў кіроўнай сумеснай кітайска-беларускай кампаніі. Гэта кампанія абавязваецца стварыць неабходную інфраструктуру, транспартную, інжынерную. Пасля гэтага яна на гэтыя зямельныя ўчасткі прыцягвае рэзідэнтаў. І кампанія альбо здае ў арэнду гэтым рэзыдэнтам зямлю, альбо прадае ў прыватную ўласнасць. То бок механізм той самы, толькі змяніліся крыху працэдуры».

Паведамленні ў медыях, што кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка дазволіў перадаваць беларускія землі кітайцам у прыватную ўласнасць, спадар Карацееў лічыць «вырванымі з кантэксту».

Кіраўніку аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леаніду Заіку даводзілася працаваць у Кітаі, дзе зямля, як ён адзначае, не прадаецца, а прадаецца гаспадарчае права выкарыстання зямлі на некалькі гадоў — сама ж зямля там застаецца ў народнай уласнасці. Што да эканамічнай дзейнасці за межамі Кітаю, спадар Заіка адзначае:

«Паводле расійскай практыкі, там, дзе кітайцы ўвайшлі, стварылі свае рынкі, прадпрыемствы, расійская паліцыя і расійскія ўлады ўжо не могуць ступіць нагой. Таму я не буду тут маляваць нейкія вясёлкавыя перспектывы і адсылаць да нейкіх законаў. Які закон для кітайцаў? У кітайцаў законаў няма, там, у адрозненне ад еўрапейскай, практыка іншая: камандуе партыя, спецслужбы і армія. Хоць на паперы нешта ёсць. Кітайцы гэта зробяць так: будуць жаніцца, і потым гэта будуць рэзідэнты.

Кітайцы хочуць увайсці і шчыльна, на дзесяцігоддзі тут асесці. Беларуская наменклатура, сярод якой ёсць і генералы КДБ, альбо гэтага не разумее, альбо пайшла на такую змову. Існуюць нацыянальныя інтарэсы Беларусі кароткатэрміновыя, сярэднетэрміновыя, доўгатэрміновыя. Мы ж у Кітаі ніякіх зонаў не ствараем. Мы ў Кітаі ніякай зямлі не атрымліваем. Няхай пойдуць на востраў Хайнань, выдзеляць 80 квадратных кіламетраў для будаўніцтва на востраве турыстычнай базы для беларусаў. І няхай атрымаюць такія ж правы рэалізацыі і выкарыстання зямлі. Няхай паспрабуюць. Там кожны кавалачак зямлі на ўліку. Там зямлі не хапае. У Кітая не хапае жыццёвай прасторы. І, паважаныя беларускія кіраўнікі, палітолагі і так далей, крыху ўключыце свае мазгі і падумайце, што гэта азначае для Беларусі. Кітайцы яшчэ нідзе і ніадкуль самі не сыходзілі. Наадварот, узнікалі і ўзнікаюць канфлікты паміж уласным бізнесам і кітайскім на глебе нацыянальных супярэчнасцяў. Кітай — гэта добра, гандляваць і сябраваць трэба. Але не да такой ступені, каб размясціць у сябе ля Мінска некалькі дзясяткаў тысяч прадстаўнікоў гэтай сяброўскай краіны».

Карэспандэнт: «Дык што гэта азначае для Беларусі?»

Заіка: «Гэта азначае каласальную стратэгічную памылку, якую выпраўляць будуць ужо не цяперашнія палітыкі, а будуць выпраўляць дзеці. І наўрад ці ў іх гэта атрымаецца. Кітайскія дзеці цяперашніх інвестараў будуць спрытнейшыя, чым дзеці нашай наменклатуры».

Эканаміст Міхал Залескі адзначае, што пытанне з зямлёй — самае страшнае, і пакуль яно не атрымае адказу, гэта будуць афёры і злачынствы супраць беларускага народу.

«Зямля ў Беларусі павінна належаць беларусам і больш нікому. Бо яна дасталася нам тут ад Бога. І ніякі гандаль за спінай у людзей немагчымы. Спачатку трэба зрабіць зямлю прыватнай уласнасцю, каб кожны ведаў, што яму належыць. А пасля гэнага ўласнікі зямлі няхай ствараюць рынак, гандлююць гэтай зямлёй паміж сабой. Усе іншаземцы, усе прыхадні маюць права атрымліваць тут зямлю толькі на ўмовах карыстання».

Тое, што зямлю ў прыватную ўласнасць можна атрымаць па цане, роўнай 50 адсоткам ад яе кадастравага кошту, спадар Залескі пракаментаваў так:

«Гэны кадастравы кошт — гэта фікцыя розуму. Кошт зямлі складаецца дзеля таго, што яна прадаецца і купляецца. А гэны кадастравы кошт — выдумка. Якія эканамічныя рэаліі ён адлюстроўвае? Гэта прастора для карупцыі».

Куток, дзе разьмесьціцца «Вялікі камень», фота Радыё Свабода

Куток, дзе разьмесьціцца «Вялікі камень», фота Радыё Свабода

Спадар Залескі называе сябе самым вялікім сябрам кітайскага народа ў Беларусі і прапагандыстам яго дасягненняў, бо цягам сарака гадоў вывучае кітайскую культуру.

«Але справа ў тым, што маніпуляцыі з зямлёй да высвятлення пытання аб прыватнай уласнасці на зямлю з’яўляюцца афёрамі. Тут кітайцы ні пры чым. Кітайцы робяць роўна столькі, колькі ім дазваляюць мясцовыя людзі. Мясцовыя людзі, якія маюць справу з кітайцамі, нам пайменна вядомыя. Мы ведаем, чые подпісы стаяць пад дакументамі з кітайцамі. Вось на гэтых людзей трэба ціснуць, а не на кітайцаў».

30 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 326 «Аб дзейнасці кітайска-беларускага індустрыяльнага парку „Індустрыяльны парк „Вялікі камень“». Закладка першага каменя ў «Вялікі камень» адбылася 19 чэрвеня ў Смалявіцкім раёне Мінскай вобласці. У цырымоніі ўзялі ўдзел чыноўнікі Беларусі і КНР.

Парк будзе будавацца 30 гадоў на тэрыторыі Смалявіцкага раёна на плошчы 8048 га.

Крыніца: Радыё Свабода

 

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...