Вялікім аб’ёмам гандлю з Кітаем казырнуў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у свежым інтэрв’ю агенцтву Сіньхуа. Але гэта той выпадак, калі д’ябал тоіцца ў дэталях.

Па выніках 11 месяцаў летась мы дасягнулі таваразвароту амаль на тры мільярды долараў”, — зазначыў кіраўнік беларускай дыпламатыі. І дадаў: “Таму мы задаволеныя ўвогуле станам нашых адносін з Кітаем…”

А цяпер зазіраем у афіцыйную статыстыку нашых мытнікаў. І высвятляецца, што за студзень — лістапад 2017 года беларускі экспарт у КНР склаў толькі 350,7 мільёна долараў, а вось купілі мы кітайскіх тавараў амаль што на два з паловай мільярды долараў. Прычым наш экспарт у Кітай за гэты час скараціўся на 19,9%, у той час як імпарт адтуль вырас на 31,9%. У выніку маем каласальнае адмоўнае сальда, якое расце.

Днямі, між іншым, на Калядным хакейным турніры ў Мінску каманда Аляксандра Лукашэнкі перамагла кітайцаў з лікам 14:9, прычым сам прэзідэнт закінуў дзве шайбы і зрабіў дзве выніковыя перадачы. А вось у эканамічных дачыненнях з Кітаем усё наадварот: яны нас, кажучы спартовым сленгам, выносяць у адну касу.

Вялікае адмоўнае сальда таваразвароту — гэта ўвогуле даўняя балючая праблема нашай эканомікі, а гандаль з Кітаем, як бачым, толькі ўзмацняе гэты дысбаланс.

У чым загваздка? Усё банальна: акрамя калійных угнаенняў, Беларусь мала што можа прапанаваць Кітаю такога, што зацікавіла б партнёраў. Яны і самі з вусамі, абставілі нас у многіх галінах. Гэта беларусы купляюць кітайскія ноўтбукі, смартфоны, а не наадварот.

Ну, апошнім часам мы сталі прадаваць ім трохі болей сельгаспрадукцыі. Але аб’ёмы такія, што гэта пагоды не робіць, ды і вялікае пытанне, наколькі выгадна вазіць прадукты на каласальныя адлегласці (і як пры гэтым захаваць іх якасць).

Між тым нам катастрафічна бракуе канкурэнтаздольага высокатэхналагічнага тавару на экспарт. А гэта ўжо — пытанне эканамічных рэформаў, мадэрнізацыі, якое ў нас калі і вырашаецца, то з вялікім скрыпам, чарапашымі тэмпамі.

У свой час беларускае кіраўніцтва стала фарсіраваць развіццё дачыненняў з Кітаем, калі адчула, што стала даваць збоі “братняя інтэграцыя” з Расіяй. Маскве надакучыла схема “нафта ў абмен на пацалункі”.

Але аказалася, што кітайцы яшчэ меней схільныя да падобных схем. У адносінах з Мінскам яны мэтанакіравана, жорстка пераследуюць свой інтарэс. Ніякіх сантыментаў, толькі бізнес. Хочаце крэдыт? На здароўе, толькі гэта будзе звязаны крэдыт. Прасцей кажучы, вы мусіце закупіць на гэтыя грошы пэўны аб’ём кітайскага ж абсталявання, наняць кітайскіх работнікаў, якія пабудуюць вам нейкі завод. А потым будзеце яшчэ і сплочваць тую пазыку з працэнтамі.

Беларускі афіцыйны лідар у 2015 годзе сам прызнаваўся, што з кітайскімі крэдытамі не ўсё так проста: «Гэта добрыя крэдыты. Некаторыя пад 1,5-2% толькі. Лічы, танныя грошы, бясплатныя. Але гэта звязаныя крэдыты. Вось табе грошы — 50% или 70% вы робіце свамімі матэрыяламі, а на 30-50% з Кітая будуць прывезены рабочыя, тэхніка, абсталяванне і гэтак далей”.

Пры гэтым, як можна здагадацца, кітайцаў не надта хвалюе, наколькі запатрабаванай, прыбытковай акажацца прадукцыя, — яны свае вяршкі з праекта ўжо знялі. Беларускі жа бок далёка не заўсёды пралічвае выгады, перпектывы, што стварае для такіх праектаў “загадзя стратную траекторыю”, як адзначаў у свой час эканаміст Кірыл Руды, цяперашні амбасадар у Кітаі.

Летась у лістападзе Лукашэнка ўрачыста адкрыў пад Барысавам створаны разам з кітайцамі завод “БелДжы”. Мяркуецца, што ён будзе выпускаць 60 тысяч легкавікоў штогод (а потым — удвая болей). Але куды тыя Geely будзе падзець?

Так, беларускі прэзідэнт наважыўся перасадзіць на іх сваю вертыкаль. Аднак купля пад пугай — гэта ж не вырашэнне праблемы. Між тым расіяне (а завод арыентаваны найперш на іх) маюць на сваім аўтарынку багаты выбар сусветных брэндаў, і зусім не відавочна, што згодзяцца аддаць перавагу “беларускаму кітайцу” пры яго не самым дэмакратычным кошце.

Свежы скандал звязаны з заводам беленай цэлюлозы, што пабудаваны кітайцамі непадалёк ад Светлагорска. Мясцовыя жыхары скардзяцца на смурод, кепскае самаадчуванне. Улады, экалагічныя ды санітарныя службы запэўніваюць, што нічога страшнага няма: аналізы, маўляў паказваюць, што гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі выкідаў шкодных рэчываў не перавышаны.

Між тым у насах жыхароў ад гэтага свярбіць не меней. У сацыяльных сетках сумна жартуюць, што кітайцы ўбачылі ў Беларусі краіну чацвёртага свету, куды можна вынесці шкодныя вытворчасці. Зноў жа, грамадскасць не ведае, наколькі пралічаны перспектывы прадпрыемства, ці будзе запатрабавана тая цэлюлоза.

І, дарэчы, з гэтым жа заводам ужо быў звязаны скандал, калі высветлілася, што кітайцы паклалі кабель, што не адпавядаў патрабаванням бяспекі для хімічных вытворчасцяў. Кабель давялося мяняць, пра што летась прызнаўся віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка.

Але застаецца пытанне: а раптам гора-партнёры напартачылі яшчэ ў нечым і гэта вылезе бокам пазней? Між іншым, гэта не першы выпадак падобных прэтэнзій. У свой час колішні прэм’ер Сяргей Сідорскі наракаў на благую якасць абсталявання, якое кітайцы пастаўлялі для мадэрнізацыі нашых цэментных заводаў. З той мадэрнізацыяй, між іншым, таксама нажылі галаўны боль, бо тым часам ажыятажны попыт на цэмент прапаў і ўзнікла пытанне, куды яго падзець.

Далей, ужо не першы год беларускія ўлады піяраць Кітайска-беларускі індустрыяльны парк “Вялікі камень”. Маўляў, ад яго чакаецца прыток валюты аж на 50 мільярдаў долараў, а кітайскі лідар Сі Цзінпінь назваў гэты парк жамчужынай Эканамічнага пояса Шоўкавага шляху (ЭПШШ).

Што ж, метафара прыгожая, але вось у сухіх лічбах каласальнага плёну ад “Вялікага каменя” мы пакуль што не бачым. Сам жа праект ЭПШШ разлічаны на перыяд аж да 2049 года, і не факт, што галоўны маршрут праляжа менавіта праз Беларусь.

“…Каб гэты праект запрацаваў, Беларусь павінная зрабіць велізарную “хатнюю працу” — каб стварыць спрыяльны бізнес-клімат і інвестыцыйныя ўмовы для сусветна вядомых кітайскіх транснацыянальных карпарацый… Нашы стасункі з Кітаем проста падштурхоўваюць нас да таго, каб мы займаліся рэформамі”, —заявіў “Еўрарадыё” аналітык Арсень Сівіцкі.

Такім чынам, праблема зноў упіраецца ў рэфармаванне беларускай эканамічнай мадэлі. Без гэтага супраца з Кітаем (якая сапраўды нам патрэбна дзеля дыверсіфікацыі, аслаблення залежнасці ад Расіі) будзе заставацца збольшага гульнёй у адну браму, з выгадай найперш для прагматычных кітайцаў.

Беларускаму ж боку застанецца браць рэванш хіба што на калядных турнірах па хакеі. А міністру замежных спраў — пазбягаць расшыфроўкі лічбаў двухбаковага гандлю. Бо калі расшыфраваць, дык відавочна, што кітайцы выносяць нас у адну касу.

Аляксандр Класкоўскі, Народная Воля
Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: