З самага пачатку (як звычайна) хачу падкрэсліць, што не адношу свой негатыў да ўсіх прадстаўнікоў настаўніцкай працы, бо там не мала, сапраўды, вельмі прыстойных людзей. Адной з нагодаў для напісання гэтага тэксту стала нервовая рэакцыя на словы беларускай нобэлеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч пра «ролю» настаўнікаў ва ўзмацненнi дзейснай улады.

REUTERS/Vasily Fedosenko

 

Прагучалі яны на інтэлектуальным клубе, дзе ў якасці віп-госця была вядомая расейская пісьменніца Людміла Улiцкая. Сутнасць у тым, што настаўнікі прымаюць самы актыўны ўдзел у фальсіфікацыях выбараў, а ў якасці прабачэння адносна крыўды на гэты конт было агучана тое, што менавіта яны (асабліва на вёсцы) сталі самай залежнай ад улады катэгорыяй насельніцтва.

У сувязі з тым, што гімназіі «апусцілі» да ўзроўняў звычайных школ, гэтая тэма зноў аказалася ў фокусе інфармацыйнай увагі. Аднак зрабіць акцэнт хочацца зусім не на фальсіфікацыях або відавочнай спробе яшчэ раз прынізіць народ да ўзроўню «народца».

На мой погляд, не менш сумна ад таго, што і зараз пратэсты не выйдуць за рамкі зломаных у апазіцыйных СМІ і сацыяльных сетках дзідаў. Пратэставаць такім чынам стала адметнасцю нашага часу і новых прозвішчаў там амаль няма.

Асабліва тых, хто сам працуе ў дадзенай галіне. Такое ўражанне, што не баіцца гаварыць тое, што думае, адна толькі Ганна Севярынец…

Аўтару гэтых радкоў не раз даводзілася чуць ад настаўнікаў шмат негатыву наконт таго, што цяпер робіцца ў школе. І адносна шматлікіх праверак, і самадурства начальнікаў, і ідэалагічнага маразму. Аднак, як толькі справа даходзіла да запісу на дыктафон, або канкрэтнай спасылкі, гучала знаёмая: «Ну вы ж разумееце…»

Думаю, менавіта гэта фраза і дазволіла «чырвонаму» міністру адукацыі паказаць, «хто ў доме гаспадар» і зрабіць «каласальную дурасць». Прыехаўшы з Расеі, кіраўнік беларускай адукацыі «таварыш Карпенка» дакладна ведае, чаго ад яго чакае Той-Каго-Нельга-Не называць. Наіўна думаць, што Ігар Васільевіч ці ягоны непасрэдны начальнік віцэ-прэм’ер Васіль Жарко маглі агучыць нейкую сваю навацыю…

Працытаваныя фразы належаць паважанай пісьменніцы Яўгеніі Пастарнак, якая апошнім часам шмат і слушна піша аб адукацыйных праблемах. Цалкам згодны з яе высновамі, аднак не магу не звярнуць увагу на адну «акалічнасць».

Паводле Яўгеніі ў галіне адукацыі сёння працуе 430 000 чалавек. 100 000 з іх – чыноўнікі, то бок тыя, хто вучыць вучыць (словы аднолькавыя ціскі розныя). Некаторы час таму шаноўная пісьменніца і маці школьніцы звярнулася з адкрытым лістом да міністра адукацыі, што мела пэўны рэзананс па традыцыйнаму для ўсіх бюракратаў прынцыпу – «сам дурань».

Акрамя гэтага яна была адна з укладальнікаў петыцыі «Абаронім школьнага настаўніка», якую падпісала амаль 14 000 чалавек. Не трэба быць вялікім матэматыкам, каб палічыць, што, калі б гэтую петыцыю падпісвалі толькі самі настаўнікі, лічба была бы мінімум на некалькі парадкаў больш…

Не вельмі перакананы ў эфектыўнасці падобных акцыяў, аднак упэўнены, што, калі б яны былі надзвычай масавымі ніхто бы не адважыўся на «эксперыменты» па фактычнаму знішчэнню гімназіяў або пераносу пачатка школьных урокаў…

А так…

Надалей тое, што магло бы быць смешным жартам.

Ведаеце, хто самы ўплывовы чалавек Беларусі?

Правільна – Лукашэнка. Толькі не «А.Г.», а «М. А»., то бок не Аляксандр Рыгоравіч, а Мікалай Аляксандравіч. Ён і буквар Папе Рымскаму прэзентаваў, і на дзяржаўных перамовах прысутнічаў, і вайсковыя парады прымаў. А на Алімпійскіх гульнях бываў столькі разоў, што можа скласціся ўражанне быццам бы спартоўцы толькі дзеля яго чатыры гады да гэтых спаборніцтваў і рыхтаваліся.

Упэўнены, мой спіс кожны з Вас можа працягваць яшчэ доўга, але, калі гаварыць сур’ёзна, то справа не ў хлопчыку. Яго акурат шчыра шкада, бо, як толькі краінай перастане кіраваць А.Г., сучасная наменклатура за пастаянныя прыніжэнні і публічную ганьбу адыграецца на М.А..

У Колі тады пачнецца новая жыццё і далёка не факт, што яно будзе па-ранейшаму шчаслівым і бестурботным. Падобных прыкладаў у найноўшай гісторыі шмат, а трагедыі Васіля Сталіна і Галіны Брэжневай самыя вядомыя з іх…

Але справа, паўтаруся, не ў падлетках, а ў тым, што дарослыя пагаджаюцца жыць «пад Колю»…

Аляксандр Тамковіч, Белсат


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.