Некалі, яшчэ за савецкім часам, са знаёмым журналістам з “Камсамольскай праўды” мы разам выляталі з Масквы ў Калінінград. У аэрапорце нам паказалі сабаку, гаспадар якога некуда паляцеў, сябра свайго чацвераногага кінуўшы. І той ужо некалькі дзён яго чакаў.

nekliaev-otkaz-600

Я купіў дзве катлеты ў буфеце і пакарміў сабаку. А мой знаёмы журналіст сказаў: “О, матэрыял!..” І напісаў пра бяздушных, якія сустракаюцца яшчэ ў нашым савецкім грамадстве, людзей, і пра беднага, галоднага, але вернага сабаку.

Надрукавалі адразу. “Камсамолка” была адной з найпапулярных газет, сабаку шкадавала ўся краіна. І кожны быў гатовы ўзяць яго ў дом.

А пад Калінінградам у доме для старых (калі той жах, які я ўбачыў, можна назваць домам) памерла маці маёй сяброўкі, і яна папрасіла мяне дапамагчы. Забраць, перавезці, пахаваць. З’явіліся мы ў той багадзельні, а нябожчыцу знайсці не могуць. Зайшлі ў морг – там каля тузіна трупаў. Адзін на адным. Ужо пахнуць. “Чаму не хаваеце?” “Чакаем. Можа, радня забярэ”. “І прыязджаюць, забіраюць?..” “Амаль не. Але раптам…”

Нарэшце знайшлі. У агульнай магіле, яшчэ не засыпанай зямлёй, толькі прысыпанай вапнай.

Такой насамрэч была краіна, якая шкадавала сабаку.

Вярнуўся ў Мінск, напісаў матэрыял. Пра людзей, якіх ніхто не шкадуе, якіх хаваюць, як сабак, і пра сабаку, якога ўсе шкадуюць.

Не надрукавалі. Ні адразу, ні пасля.

Я гэта да чаго?..

Пад пагрозай існаванне нашай дзяржавы, агучваюцца планы далучэння Беларусі да Расіі, каля нашых межаў расійскія танкі, наша эканоміка ў катастрафічным стане, шмат каму ўжо няма за што дзяцей гадаваць і дзядоў пахаваць, – а пра што ў гэты час самая бурная дыскусія як сярод тых, хто чытае “СБ”, гэтак і сярод тых, хто чытае “НВ”?..

Пра геяў і лесбіянак. Лесбіянстваваць ім ці не лесбіянстваваць…

Умельцы тлуміць галаву, ператвараць другаснае ў галоўнае, адцягваць увагу грамадства ад сапраўдных праблем на гэтым сабаку з’елі.

Уладзімір Някляеў

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: