Напярэдадні праваслаўны экзарх усяе Беларусі, мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел заявіў, што мэтай Уніі з’яўляецца жаданне даказаць, што ў праваслаўных і католікаў адзін Бог, і што насамрэч гэта ня так.

Ксёндз Юры Санько

 

Паколькі грэка-католікі, якіх раней называлі ўніятамі, з’яўляюцца паўнапраўнай часткай сусветнай Каталіцкай царквы, Радыё Свабода звярнулася па камэнтар да прэсавага сакратара Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі ксяндза Юрыя Санька.

— Як бы вы пракамэнтавалі заяву праваслаўнага экзарха усяе Беларусі, мітрапаліта Менскага і Заслаўскага Паўла?

— Гэта не мая кампэтэнцыя, каб камэнтаваць мітрапаліта. Для гэтага ёсць прэс-служба Беларускай Праваслаўнай царквы.

Хачу сказаць адно: мы працягваем маліцца і як лічылі праваслаўных сваімі братамі, так і лічым. Заява мітрапаліта Паўла на гэта не паўплывае.

Мы молімся, і сьвятар там, у Бярозаўцы, нічога дрэннага ня робіць — ён моліцца з людзьмі, гэта яго галоўнае заданне.

Я думаю, што Праваслаўная царква сама павінна пракамэнтаваць гэтую заяву і растлумачыць, што меў на ўвазе мітрапаліт Павел.

Калі мы пачнём разважаць, што мітрапаліт меў на ўвазе, мы яшчэ больш заблытаем людзей. Мы, паўтараю, молімся аб адзінстве хрысціян, надалей лічым праваслаўных братамі і будзем рабіць усё, каб гэтае супрацоўніцтва далей развівалася, і ня толькі ў сацыяльнай сфэры ці сфэры адукацыі…

— Пытанне да вас як да каталіцкага святара. Яно можа падацца несур’ёзным, але адказ на яго пасля заявы праваслаўнага герарха шмат для каго можа быць вельмі актуальным — у католікаў і праваслаўных адзін Бог?

— Канечне. Слухайце, калі мы гаворым пра адзінства сакрамантаў, і калі нашы вернікі могуць прымаць сакрамант шлюбу у Праваслаўнай царкве, а праваслаўныя могуць, не змяняючы канфэсіі, прымаць шлюб у Касцёле, пра што мы можам яшчэ гаварыць?

Мы прымаем хрост праваслаўны, у нас ёсць адзінства сакрамантаў. Таму тое, што мы кажам, што ёсць адзін бог — гэта само сабой разумеецца. У нас адна Біблія, адно Эвангелле.

Я думаю, што прэсавы сакратар Праваслаўнай царквы пастараецца вытлумачыць гэтыя словы мітрапаліта. А характарызаваць іх мы ня будзем, бо гэта ня наша кампэтэнцыя.

Зноў кажу, мы молімся аб адзінстве хрысціян і лічым праваслаўных братамі, гэта нам запаведваў Ісус Хрыстос.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: