З сёлетняга навучальнага году дзейнічаюць новыя правілы залічэння ў гімназіі. Прыярытэтнае права паступлення далі дзецям, чые бацькі зарэгістраваныя ў «замацаваных» за гімназіямі дамах. Тыя ж, хто такой рэгістрацыі ня мае, вымушаныя шукаць часовую. Многія бацькі яе купляюць.

Зварот жыхаркі Магілёва да суседзяў дапамагчы з часовай рэгістрацыяй

 

Уступныя экзамэны ў гімназіі адмененыя ўказам Аляксандра Лукашэнкі ад 25 студзеня 2018 году. Ініцыятыва змяніць парадак паступлення ў гімназіі зыходзіла ад Міністэрства адукацыі і тлумачылася неабходнасцю «стварэння роўных умоваў у атрыманні агульнай сярэдняй адукацыі».

Прапанаваў змяніць правілы паступлення ў гімназіі міністар адукацыі Ігар Карпенка ў жніўні 2018 году на пэдагагічнай нарадзе перад пачаткам навучальнага году. Тады міністар заявіў, што ўступныя экзамэны ў 5-ю клясу — гэта «залішні стрэс» для дзяцей, а паступленне ў гімназію ў такім узросце — хутчэй «амбіцыі бацькоў», а не жаданне дзіцяці. Тады ж ён сказаў, што ў гімназіях падвышаны ўзровень ведаў мусіць давацца толькі ў 10-й і 11-й клясах.

«Дапамажыце фармальна — аддзячым матэрыяльна»

Перад пагрозай ня трапіць у гімназіі апынуліся дзеці, якіх бацькі мэтанакіравана рыхтавалі туды. У звычайныя школы выпраўляць дзяцей яны ня хочуць, бо гімназію лічаць найлепшым месцам для вучобы. У гэтых установах, сцьвярджаюць бацькі, працуюць дасведчаныя настаўнікі, наладжана пазашкольная праца, а калектыў навучэнцаў фармуецца з беспраблемных сем’яў.

Жыхарка Магілёва Юлія (на яе просьбу імя змененае), каб дачка паступіла ў гімназію, вадзіла яе на заняткі ў школу развіцця, а таксама карысталася паслугамі рэпэтытара. Цяпер жанчына ў роспачы і лічыць, што яе высілкі былі дарэмнымі. Гімназія ў яе пад вокнамі, але дом, у якім жыве, аднесены да іншай школы.

Знаёмцаў, якія маглі б даць часовую рэгістрацыю, у Юліі няма. Яна звярнулася да ахвотных падзарабіць на прапісцы праз абвесткі на пад’ездах.

«Дзіцяці пагражае непісменная будучыня. Дапамажыце фармальна — аддзячым матэрыяльна», — напісала Юлія ў сваім звароце.

Жанчына прызнаецца, што выбраны ёю спосаб паступлення дачкі ў гімназію для яе асабіста непрыемны, але іншага выйсця яна ня бачыць.

«Чаго ня зробіш дзеля будучыні свайго дзіцяці», — кажа Юлія, суцяшаючы сябе тым, што не яна адна ў такім становішчы.

«Крыўдна, што будучыня дзіцяці залежыць ад паперкі»

Паводле Юліі, чарга з тых, у каго з’яўляецца раптам часовая рэгістрацыя, расце па некалькі чалавек штодня. На мінулым тыдні ў ёй было больш за 80 чалавек. Пры гэтым, паводле звестак раённага аддзелу адукацыі, у мікразоне гімназіі блізу трох дзясяткаў школьнікаў з 14 дамоў.

Калі ня ўдасца знайсці часовую прапіску, то ў Юліі застаецца мізэрная надзея, што пасля паступлення ў гімназію ўсіх з рэгістрацыяй застануцца вакантныя месцы для астатніх. Заяву ў навучальную ўстанову Юлія напісала яшчэ 12 чэрвеня. Са слоў жанчыны, яе прынялі, але праз адсутнасць прапіскі яна застаецца бяз руху.

Інструкцыі для бацькоў з прапіскай і без яе

 

Юлія кажа, што была гатовая да таго, што яе дачка пасля здачы экзамэнаў магла не паступіць у гімназію, і гэта, заўважае яна, быў бы вынік сумленнай канкурэнцыі.

«А так выходзіць, — выказваецца маці першаклясніцы пра новаўвядзенне, — што новыя ўмовы для залічэння ў гімназіі спрыяльныя не для дзяцей таленавітых і здольных, а для тых, у каго бацькі больш вёрткія і прадпрымальныя. Хіба ня крыўдна, што будучыня дзіцяці залежыць ад паперкі да пашпарта».

Настаўнікі: гімназіі становяцца звычайнымі школамі

У адміністрацыі магілёўскіх гімназіяў запэўніваюць, што сытуацыя з паступленнем «праходзіць у плянавым рэжыме згодна з нарматыўнымі дакумэнтамі». Кажуць, што ажыятажу няма. Ці ёсць спадзеў, што ў першых клясах гімназіяў застануцца вакантныя месцы пасля залічэньня тых, у каго ёсць прапіска, пэўнага адказу не далі.

У гімназіях ведаюць пра пошук бацькамі часовай рэгістрацыі. Некаторыя чыталі такія абвесткі ля гімназіяў. У прыватных гутарках настаўнікі ня ўтойваюць, што новыя правілы залічэння пераробяць гімназіі ў звычайныя школы. Калі раней, тлумачаць пэдагогі, вучні да гімназіі праходзілі папярэднюю падрыхтоўку, то цяпер прыйдзе вучнёўскі кантынгент «з суседніх дамоў».

Настаўнікі ня маюць канкрэтыкі, якой будзе іх праца ў новых умовах. Кажуць, што пра змены ім паведамяць напярэдадні навучальнага году.

Прыём дакумэнтаў у гімназіі канчаецца 28 жніўня ў 20.00. Бацькі кажуць, на наступны дзень стане вядома, колькі засталося ў навучальнай установе вакантных месцаў для тых, хто не знайшоў часовай рэгістрацыі ў зоне гімназіі.

Часовая рэгістрацыя не гарантуе залічэння ў першую клясу

Калі ў сацыяльных сетках і нават на слупах з’явіліся абвесткі кшталту «куплю рэгістрацыю ў доме каля гімназіі» і нават тарыфы, улады пачалі шукаць шляхі, як гэтаму процістаяць.

У прыватнасці, Менскі гарвыканкам 7 чэрвеня 2018 году прыняў рашэнне, што калі дзіця зарэгістраванае па месцы знаходжання гімназіі менш году, пры наяўнасці вольных месцаў 28–29 жніўня вызначаць, каго прымаць, будзе камісія. Праўда, у адкрытым доступе на сайце Менгарвыканкаму гэтага дакумэнту няма.

Аднак і менскія бацькі спадзяюцца, што часовая рэгістрацыя дапаможа. Хаця канкурэнтаў у іх паболее: перавагу пры залічэнні на вольныя месцы маюць дзеці супрацоўнікаў установы адукацыі, а таксама дзеці, у якіх тут вучацца старэйшыя брат ці сястра, а потым ужо ўсе астатнія.

Міністэрства адукацыі пакуль сытуацыі не камэнтуе, бо прыём дакумэнтаў у першыя клясы працягваецца.

Старшыня ТБШ: «Школа стварае варожае для навучання асяроддзе»

Тамара Мацкевіч, старшыня Таварыства беларускай школы, перакананая, што гімназіям аддаюць перавагу ня толькі за ўзровень ведаў, бо ўсё адно і з гімназій дзеці ідуць да рэпэтытараў ці на адмысловыя курсы перад здачай ЦТ.

«Як той казаў, калі дзіця ў школе, табе трэба браць рэпэтытара на 3 гады, калі ў гімназіі — на 1 год. Гэта што тычыцца фінансаў, але ня самае важнае.

Самае важнае, што бацькі імкнуцца стварыць дзецям лепшы асяродак сярод аднагодкаў, якія матываваныя на вучобу, каб атрымаць, як цяпер можна казаць, сінэргетычны эфэкт, каб было за кім цягнуцца. Бацькі хочуць забяспечыць сваім дзецям асяроддзе, менш варожае да навучання, чым у школе. Я не магу сказаць спрыяльнае, я магу сказаць — менш варожае. Бо школа стварае варожае для навучання асяроддзе.

Школа — гэта закрытая ўстанова, дзе дзяцей кантралююць, прымушаюць рабіць пэўныя рытуалы, хадзіць на спартовыя мерапрыемствы, і гэта поўнае бязмежжа. Гэта, мне здаецца, галоўная матывацыя, магчыма, ілюзія для бацькоў, што ў дзяцей будзе лепшае асяроддзе для навучання», — кажа Мацкевіч.

Дзяржава хоча зрабіць «ураўнілаўку»

Таму і ідуць бацькі на ўсялякія хітрыкі, купляюць часовую рэгістрацыю дзеля дзяцей, мяркуе Мацкевіч. На яе думку, дзяржава хоча зрабіць “ураўнілаўку”. Не ўзняць школы да ўзроўню гімназій, а наадварот, усіх ураўняць, апусціць узровень адукацыі ў гімназіях да ўзроўню школаў.

На пытанне, ці можа паспрыяць «стварэнне роўных умоваў у атрыманні агульнай сярэдняй адукацыі» таму, што звычайныя школы будуць імкнуцца «дарасці» да ўзроўню гімназій, што будзе канкурэнцыя сярод пэдагогаў, Міцкевіч адказала адмоўна, бо кадравую палітыку ажыцьцяўляе ня школа, не дырэктар школы фармуе калектыў, гэта ўсё зацьвярджаецца на ўзроўні райвыканкамаў.

«Няма ў нас канкурэнцыі паміж школамі, якую павінна ствараць, да прыкладу, ваўчарнае фінансаванне (хаця яно фармальна абвешчана). Але ж яно не працуе, бо няма ў бацькоў права аддаць сваё дзіця ў лепшую школу. А калі б гэта можна было, і была канкурэнцыя, дырэктары былі б вымушаныя найлепшых настаўнікаў збіраць. Няма магчымасці сыстэму заахвочвання мець, стымуляваць лепшых настаўнікаў, у якіх лепшыя вынікі. Бо школа ў цісках бюракратызацыі.

Аптымізму, што да дзяржаўных школаў, у мяне пры гэтай уладзе няма. Але ёсць вера ў людзей, што мы захаваем той агмень, з якога, калі штосьці зменіцца, усё пойдзе. Ёсць жа фінскія, эстонскія мэтодыкі, якія накіраваныя, каб сераднячка да выдатніка ўзняць. У настаўнікаў ёсць жаданне прафэсійнай самарэалізацыі, але на гэта ў іх няма часу, няма стымулу», — мяркуе Мацкевіч.

Іна Студзінская, Радыё Свабода
Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: