«Нашай Ніве» стала вядома пра трагедыю, якая ўвесну 2017 года адбылася на вайсковым факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР).

Выпускны курс меў адзначаць сканчэнне вучобы: па курсанцкай завядзёнцы грошы на выпускны адкладаюцца з першага курса, так было і тут — курсанты здавалі ўнёскі свайму сяржанту, намесніку камандзіра ўзвода Яўгену Б.

Некалькі гадоў курсанты давяралі Яўгену свае грошы, але бліжэй да выпускнога выявілася, што арганізаваць свята не ўдасца — сяржант развёў сабраныя грошы на асабістыя патрэбы.

Курсанты звярнуліся па дапамогу да начальніка курса, але той толькі схаваў здарэнне ад кіраўніцтва факультэта. А неўзабаве кіраўнік змяніўся.

Новы начальнік падышоў да справы рашуча, пагаварыў з Яўгенам і — зноў-такі не паведамляючы свайму кіраўніцтву — узяў з яго слова вярнуць грошы.

У выніку сяржант папрасіў звальненне, каб нібыта з’ездзіць па грошы, але ўжо не вярнуўся. 30 сакавіка ён зрабіў сабе смерць.

«На выпускныя трэба ж сталы накрыць, машыны арандаваць і гэтак далей. Трэба было ўносіць перадаплату, а грошай — пуста. Яму трэба было кампенсаваць грошы да канца сакавіка, здаецца. Ніякіх падводных камянёў у гэтай гісторыі няма, на яго не ціснулі і не здзекаваліся, як у Печах, напрыклад. Ён сам гэта [самагубства] зрабіў», — расказаў «Нашай Ніве» стрыечны брат загінулага.

Сваякі кажуць, што памер сумы, якую Яўген быў вінны, ім не паведамілі.

Аднагрупнікі хлопца, якія сталі лейтэнантамі, колькасць грошай таксама не называюць — кажуць, што ім цяжка і не хочацца пра гэта гаварыць.

Кіраўніцтва вайсковага факультэта БДУІР не каментуе здарэння.

Паходзіў загінулы з Гродна. Ён трохі адвучыўся ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце, быў адлічаны за прагулы, аднак пасля перапаступіў у БДУІР.

Хлопцу было 26 гадоў.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: