Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў 29 траўня прыбыў у Беларусь для падрыхтоўкі да паседжання Найвышэйшага дзяржаўнага савету «Саюзнай дзяржавы» і правёў сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам.

Аляксандар Лукашэнка, як піша БЕЛТА, заявіў, што сустрэча напярэдадні паседжання расейска-беларускага савету вельмі важная, бо «трэба яшчэ раз абмеркаваць дэталі» і «ўдакладніць, калі трэба, дату», бо Расея «перажывае няпросты пэрыяд фармавання ўраду і ўваходжання яго ў звычайны рытм працы».

Сяргей Лаўроў «перадаў вітанне і найлепшыя пажаданні» ад Уладзіміра Пуціна і расказаў пра папярэднюю сустрэчу з беларускім калегам Уладзімерам Макеем. Маўляў, пакуль няма ніякіх перашкодаў, каб мяняць «падыход да гэтага мерапрыемства», на якім маюць зацьвердзіць прыярытэтныя кірункі разьвіцця «Саюзнай дзяржавы» да 2022 году ўключна.

Паводле Лаўрова, на сустрэчы з Лукашэнкам яны разгледзелі «ўвесь спэктар стасункаў» у «Саюзнай дзяржаве», абмеркавалі эканамічныя праекты і «неабходнасць пераадольваць тыя праблемы, якія непазбежна ўзнікаюць» пры вялікіх аб’ёмах эканамічных сувязяў.

«Размаўлялі і пра дачыненні паміж нашымі краінамі з аднаго боку і Эўразвязам і Паўночнаатлянтычным альянсам з другога, — дадаў Лаўроў. — У нас адзіная пазыцыя. Мы саюзнікі. Мы не шукаем ні з кім канфрантацыі. Хочам развіваць раўнапраўныя ўзаемапаважлівыя адносіны на аснове прынцыпаў узаемнай выгады і роўнай непадзельнай бяспекі, калі ніхто не гарантаваў бы сваю бяспеку на шкоду бяспецы іншых. На такіх асновах мы гатовыя весці дыялёг з усімі краінамі. У тым ліку дыялёг, які зараз пачынае актыўна развівацца паміж ЭАЭС і замежнымі партнэрамі».

Ён удакладніў, што Беларусь і Расею непакоіць «актывізацыя дзейнасці NATO ў краінах Балтыі і Польшчы».

Лаўроў і Макей 29 траўня падпісалі пагадненне аб «узаемным бязвізе» на час чэмпіянату свету ў футболе ў Расеі і Эўразійскіх гульняў у Беларусі. Паводле Макея, Беларусь і Расея «крок за крокам набліжаюцца» да ўзаемнага прызнання візаў – але ад студзеня, калі Беларусь  перадала  Расеі абноўлены варыянт пагаднення аб узаемным прызнанні іх, пра значныя крокі не паведамлялася.

Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: