Урача-нэўроляга Тацяну Фесікаву, якая актыўна змагаецца супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ТАА «АйПаўэр», звольнілі з цэнтральнай гарадзкой бальніцы Берасця.

Фото: Facebook Татьяна Фесикова

 

Паводле адміністрацыі лякарні, загад аб звальненні падпісаны 4 траўня «ў сувязі з прыняццем на працу асноўнага работніка».

Тацяна Фесікава мяркуе, што прычынай стаў яе выступ на мітынгу «Берасцейкі супраць свінцу» ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў 29 красавіка. Пра гэта яна распавяла ў інтэрвію карэспандэнту Свабоды.

«Я ў бальніцы працавала 16 гадоў»

— Я ў бальніцы працавала 16 гадоў: з 2002 па 2008 год на поўную стаўку, а з 2008-га на паўстаўкі як сумяшчальніца. Брала дзяжурствы, бо маё асноўнае месца працы з мэдыцынай практычна не звязанае, але я хацела падтрымліваць сваю кваліфікацыю, катэгорыю. Таму за капейкі, якія там плацяць, я дзяжурыла, каб ня страціць свой дыплём і стаж.

У нядзелю адбыўся гэты мітынг, на якім я выступіла. А ў панядзелак 30 красавіка мне патэлефанавалі, што я магу на працу не выходзіць. 2 траўня я сустрэлася з галоўным урачом, які сказаў, што прыходзіць асноўны работнік і ў маіх паслугах больш няма патрэбы.

— То бок вы звязваеце сваё звальненне з вашай актыўнасцю супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу?

— Я так мяркую, бо стаўкі ў аддзяленні ёсць і не было неабходнасці мяне звальняць, каб прыняць новага чалавека.

— Ці будзеце вы абскарджваць сваё звальненне?

— Я звярнулася па дапамогу да адвакатаў, яны рыхтуюць запыты ў бальніцу. Буду дамагацца свайго аднаўлення.

«Сказалі ў кулюарах, што лезла на ражон»

— Як адрэагавалі вашы калегі?

— Падтрымкі мэдычных работнікаў, на жаль, не адчуваю. Мне нават сказалі кулюарна, што я, маўляў, сама вінаватая і калі б ня лезла на ражон, то нічога гэтага ня здарылася б. І што мне ня знойдзецца месца ў ніводнай дзяржаўнай установе Берасця, бо выступаю супраць заводу і чыноўнікаў.

Чытайце па тэме:  Некалькі дзясяткаў чалавек ізноў выйшлі пратэставаць на плошчу ў Берасці

Адразу мы мелі надзею, што будаўніцтва можна прыпыніць. Але цяпер бачым, што ніякія нашы ўказанні на недахопы, фальсыфікацыі нікому не цікавыя.

Мітынг «Берасцейцы супраць свінцу»

 

Таму мы сталі звяртацца да чыноўнікаў больш жорстка і выказваць сваю незадаволенасць і недавер да таго, што яны робяць. Я думаю, з гэтым звязанае і маё звальненне. І гэта ж не адзіны выпадак. Некаторых калегаў па ініцыятыўнай групе папярэджвалі на працы, аднаму працягнулі кантракт, але толькі на адзін месяц.

Людзей, якія збіралі подпісы супраць будаўніцтва, і мяне таксама запрашалі ў пастарунак. 10 траўня зноў людзей выклікаюць за тое, што збіралі подпісы за адстаўку чыноўнікаў. Але ж мы дзейнічаем законна, нічога не парушаем, мы выказваем сваю думку.

— Чаму вы выступаеце супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу?

— Я адстойваю свае інтарэсы і інтарэсы іншых грамадзянаў, якія будуць жыць непасрэдна каля яго. Я жыву за чатыры кілямэтры ад гэтага злашчаснага прадпрыемства. Там у мяне дом, у які ўкладзеныя сродкі, сілы, час і аддадзена палова жыцця. Таму я заўзята абараняю свой дом і буду працягваць гэта рабіць, бо там жыве мая сям’я. У мяне дарогі назад няма.

«Ад свінцу цярпіць рэпрадуктыўная сыстэма»

— Пра што вы казалі ў сваім выступе на мітынгу «Берасцейкі супраць свінцу»?

— Я звярталася да чыноўнікаў з просьбай спыніцца і адумацца, што нельга размяшчаць такое прадпрыемства ў непасрэднай блізкасці да гораду, які паводле генпляну будзе развівацца ў тым кірунку. І гэты завод апынецца ў цэнтры, то бок шматкватэрныя дамы, грамадзка-культурны цэнтар будуць яго акружаць.

Я таксама распавяла пра шкоду свінцу для здароўя, пра тое, што ад яго цярпіць рэпрадуктыўная сыстэма. І што трэба абараніць наш горад ад гэтага заводу.

Чытайце па тэме:  Зона напряжения: жители Бреста собирают подписи против строительства завода аккумуляторов

«Гэта будзе сур’ёзная пагроза»

— У чым, на ваш погляд, асноўная небяспека акумулятарнага прадпрыемства?

— Актывісты знайшлі шматлікія парушэнні, нестыкоўкі ў дакумэнтах. І ніхто не дае ніякіх тлумачэнняў. Мы накіравалі каля дзевяноста запытаў у розныя інстанцыі, але адказы адусюль аднолькавыя: парушэнняў ня выяўлена, усё ў парадку.

Мы падавалі ў суд, але прайгралі. Цяпер рыхтуем яшчэ адзін пазоў.

Там праблема ў тым, што ўсе разлікі зробленыя па незразумелых даведках, якія былі атрыманыя нібыта ад аналягічнага заводу ў Італіі. Італьянская даведка пра выкіды чамусьці падпісаная дырэктарам пінскага заводу, які ўваходзіць у групу кампаній «ПАК». А на падставе гэтай даведкі робяцца ўсе разлікі, што небяспекі няма. Але мы мяркуем, што небяспека будзе, бо маркі фільтраў у праектнай дакумэнтацыі не ўказаныя, незразумелая даведка па рассейванні выкідаў.

У тым, што з’явіцца сур’ёзная пагроза, нас пераконвае вопыт аналягічных прадпрыемстваў у іншых краінах і ў Беларусі.

Прадпрыемства «БІТ-сплаў» у Белазёрску, якое таксама належыць да 1AK-GROUP, складуе адкіды цягам трох гадоў каля пасёлку Зялёны Бор. Але ніякага руху з імі няма. Побач за 800 мэтраў — дзіцячы садок, школа і стадыён.

У гэтую групу кампаній уваходзіць і наш завод пад Берасцем, які таксама будзе ствараць у даволі вялікай колькасці адкіды першай і другой клясы небяспекі. Куды яны будуць накіроўвацца, бо ў Беларусі няма прадпрыемстваў па іх перапрацоўцы?

Намесніца міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Ія Малкіна, калі прыяжджала да нас, сказала, што гэтае пытанне вырашаецца і завод ня будзе ўведзены ў эксплюатацыю, пакуль ня вызначаць месцы размяшчэння адкідаў. А завод тым часам будуецца, і нам кажуць, што ўсё, маўляў, у парадку.

«Ідзе вялікі ціск на людзей»

Камэнтуючы сытуацыю, праваабаронца Раман Кісляк сказаў Свабодзе, што для звальнення Тацяны Фесікавай знайшлі фармальную нагоду, хоць яна шмат гадоў адпрацавала ў лякарні і ніколі не было пытанняў.

Geplaatst door Роман Кисляк op woensdag 31 januari 2018

«Тое, што Тацяна працавала ў прыватнай фірме і на паўстаўкі ў лякарні, нікому не перашкаджала. Але тое, што яе звольнілі адразу пасля мітынгу, — відавочны ціск. Гэта адзіны лекар, які асмеліўся выступіць. Ідзе вялікі ціск на людзей, якія працуюць у дзяржаўных установах, каб яны ня ставілі свае подпісы і не выступалі на акцыях», — кажа Кісляк.

Чытайце па тэме:  «Застаецца рабіць як у Курапатах». Берасцейцы – пра новы завод

Паводле Рамана Кісляка, грамадзкая кампанія супраць будаўніцтва заводу працягваецца, хоць улады ігнаруюць довады берасцейцаў.

«Таксама мы выступаем супраць іншых парушэнняў, якія дапускае група кампаній „ПАК“, яе прадпрыемствы. Гэта захаванне і складаванне свінцовых адкідаў у розных месцах Берасцейскай вобласці. Цяпер працягваецца збор подпісаў за адстаўку мясцовага кіраўніцтва, таксама распаўсюджваецца інфармацыя пра шкоду свінцу, яго злучэнняў, пра небяспеку заводу».

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасці трываюць ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі. Штонядзелі пратэстоўцы выходзяць на цэнтральную плошчу ў Берасці.​

Будаваць акумулятарны завод пад Берасцем у канцы 2017 году пачала кампанія «АйПаўэр»  Віктара Лемяшэўскага. Падрадчыкам выступае Аньхойская замежнаэканамічная будаўнічая карпарацыя (Кітай).

Завод будуецца каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназуе, што ўздзеянне заводу на асяроддзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.

27 сакавіка суд Маскоўскага раёну Берасця адмовіў грамадзянам і грамадзкаму аб’яднанню «Экадом» у задавальненні пазову супраць ТАА «АйПаўэр» і Берасцейскага аблвыканкаму.

Пазоўнікі прасілі спыніць будаўніцтва акумулятарнага заводу, пакуль ня будзе праведзена паўторнае грамадзкае абмеркаванне актуальнай справаздачы па ацэнцы яго ўздзеяння на навакольнае асяроддзе.

 Алесь Дашчынскі, Радыё Свабода
Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: