Мерапрыемства праходзіць ў Нацыянальнай бібліятэцы. Жывая трансляцыя ідзе на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё.

lu

 

Лукашэнка пра санкцыі ЕС у дачыненні да яго і іншых чыноўнікаў

Захад увёў супраць нас санкцыі. У нас было шмат прапаноў, і я ж вельмі проста мог Захаду па носе пстрыкнуць. Іншых дарог няма? Няма. Па нашых трубах пастаўляецца вельмі шмат. Вы санкцыі на мяне? Добра, я вас спыніў на мяжы і закрыў вентыль. Але пацерпіць Расія. Спыніць усіх на мяжы? Ну, можна было. Паток у 100 мільёнаў ішоў праз Беларусь. Спынім, але пацерпяць нашы перавозчыкі. Думаю, не, мы пойдзем іншым шляхам. Выстаялі, вытрымалі, у Венесуэлу пайшлі, у Кітай, у Інданезію. Цяпер яны прызналі, што гэтыя санкцыі былі няправільнымі з іх боку. 200 чалавекам з лішнім забаранілі ўезд. За што? Нават майму пацану, ён нават у выбарах не ўдзельнічаў. Нават тыя, хто памерлі, ёсць у спісах. Ну, паехаў Макей, кажа, вы ж выкрасліце іх, гэта ж нябожчыкі.

Лукашэнка патлумачыў, адкуль у Пуціна быў здымак з грыбамі, на скрынцы з якімі было напісана “зроблена ў Беларусі”, а пад налепкай зроблена ў Польшчы.

“Я даручыў Кабякову разабрацца, што гэта. Ён мне праз гадзіну прыносіць — гэта грыбы, скрыня была сапраўды затрыманая на мытні. І піша, што грыбы пад эмбарга не трапляюць. Другое, што гэта грыбы канкрэтнага чалавека ў Баранавіцкім раёне. А скрыню — гэта зваротная тара, яна падарожнічае па ўсім свеце. Адна скрыня з 3 тысяч гэта была. Яе выкінулі адразу і павезлі далей, таму што грыбы не пад эмбарга і яны беларускія. Чаму Пуціну гэты здымак перадалі? Ведаеце, якая самая карумпаваная служба? Мытня”.

Мінскі трактарны завод — нумар адзін па вытворчасці колавых трактароў — 70 тысяч у год.

45 млрд долараў уклалі ў мадэрнізацыю сельскай гаспадаркі

Мы былі вымушаныя ісці на сама жорсткую мадэрнізацыю. Мы 45 мільярдаў долараў ўклалі ў мадэрнізацыю сельскай гаспадаркі.

Мы падышлі да таго, каб ствараць свае самалёты і верталёты

Калі прыехалі бізнесмены з Амерыкі і кажуць, калі жадаеце нешта складанае — зрабіце ў Амерыцы, занадта складанае можаце зрабіць у Індыі. А калі вы хочаце зрабіць нешта немагчымае, то едзьце ў Беларусь. Гэта што тычыцца высокіх тэхналогій.

Учора сустракаўся з “Мотор Сич”. Я чаму іх паклікаў, не таму што яны з Расіяй не могуць гандляваць. Мне важныя тэхналогіі заўтрашняга дня. Мы падышлі да таго, каб ствараць свае самалёты і верталёты. Паколькі ў нас авіярамонтныя прадпрыемствы, невялікія, але база ёсць. Я ім кажу, калі вы хочаце — прыходзьце.

Вам што ў горла не лезе беларуская прадукцыя на Рублёўцы?

Вось усе казалі, крэветкі з Беларусі ў Курскай вобласці з’явіліся. Яны ўжо гадоў 15 там прадаюцца. Адкуль? У свой час прыйшоў адзін інвестар, па-мойму, бацька ў яго ў свой час у Нарвегіі быў заняты перапрацоўкай рыбы. Аляксандр, здаецца, яго завуць, даверанай асобай у мяне быў. Ад бацькі ён атрымаў у спадчыну гэта прадпрыемства, потым ён развіў яго. Ён браў па ўсім свеце, дзе танней, рыбу перапрацоўваў, забяспечыў цалкам рынак Беларусі. Купіў у вас кампанію “Рускае мора”. Я кажу, я падтрымліваю, купляй. І ён праз гэтыя сеткі пастаўляў гэту прадукцыю. Ён гэта робіць і цяпер. І яго папракнуць у рээкспарце нельга. У яго няма магутнасцяў дадаткова перапрацоўваць. Ён як прадаваў у такіх аб’ёмах, прадае і цяпер.

І потым калі мяне ўжо дасталі з гэтым пытаннем, я раззлаваўся: вам што ў горла не лезе беларуская прадукцыя на Рублёўцы?

Вам далёка да нашай прадукцыі толькі таму, што калі Саюз разваліўся, вы перайшлі на тэхрэгламенты, то бок панізілі ўзровень. А мы захавалі ГОСТ.

На пытанне аб прызнанні Крыма дэ-юрэ

Не трэба мяне дзяўбаць па Крыме, як па Абхазіі. Прычым упустую. Я ўжо і так і сяк тлумачыў. Ну, прызнаем мы Абхазію ці не — абсалютна нічога не зменіцца.

Аб ўкраінскіх бежанцах: прыязджаюць розныя людзі. У асноўным нармальныя пацярпелыя

Прыязджаюць розныя людзі. У асноўным нармальныя пацярпелыя, якія разумеюць. Іншыя прыязджаюць і лічаць, што мы прыехалі, вы нас у пялёнкі спавілі і носіце на руках, таму што мы пацярпелі. Але мы іх ацвярожваем. Мы разумеем, але давайце дамовімся, мы вам падаем умовы, каб зарабляць, а не ствараем умовы, якія ставяць іх у прывілеяванае становішча. Але бываюць адзінкавыя выпадкі: вось мы прыехалі, а нам тут не ствараюць ўмовы.

У нас ёсць сайт у інтэрнэце, дзе мы прапісваем усе вакансіі, каля паловы з іх з жыллём. У Мінску вельмі складана, у рэгіёнах далей прасцей. 99,9% гэта разумеюць. Але ёсць такія: вось мы прыехалі, у Мінску нам бы кватэру, а вы плаціце дапамогу. Але тыя, хто можа працаваць — павінны працаваць.

Мірны план Лукашэнкі па Украіне не прынялі ні Захад, ні Расія

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што на прапанову Захаду ён падрыхтаваў мірны план вырашэння сітуацыі на Данбасе. Аднак яго не прынялі ні Захад, ні Расія.

“Значыць гэта бойня камусьці была патрэбна”, — зрабіў выснову Лукашэнка.

Наша пазіцыя па Украіне стала штуршком, каб нармальныя людзі на Захадзе пачалі заяўляць аб супрацоўніцтве з намі

Я вельмі коратка. Не хачу казаць пра Захад. Ніколі мяне там не любілі і не палюбяць. Ім, можа, патрэбны такі чалавек як Яцанюк, але я не такі чалавек. Я прамалінейны і лічу, што палітыка можа быць не бруднай справай. Я стаю за незалежнасць сваёй дзяржавы. У беларусаў павінен быць уласны дом ці хаця б свая кватэра ў шматпавярхоўцы.

Наша пазіцыя па Украіне стала штуршком, каб нармальныя людзі на Захадзе пачалі заяўляць аб супрацоўніцтве з намі.

Не таму, што яны мяне не лічаць дыктатарам, або перасталі ненавідзець беларускі народ. Проста цяпер гэта непрыстойна, ніхто не зразумее нават не Захадзе. Вось і ўсё, а не таму, што мы неяк змянілі сваю палітыку.

Давайце ліквідуем Саюзную дзяржаву, калі ЕАЭС дасягне таго ўзроўню

ЕўрАзЭС цяпер ужо няма, ёсць ЕАЭС. Калі з’явіўся гэты працэс, і ўсе пагаворвалі, можа і Саюзная дзяржава не патрэбная, я сказаў, не спяшайцеся, гэта шмат нам не каштуе. Давайце ліквідуем яе, калі эканамічны саюз дасягне таго ўзроўню.

Бо ЕАЭС — гэта толькі эканамічная інтэграцыя. А Саюзная дзяржава — гэта адзіная абаронная прастора, МЗСы разам працуюць, вы можаце сюды спакойна прыязджаць. Ваенны складнік, візавыя пытанні, дыпламатыя, чалавечае стаўленне — гэтага не прапісана ў дамове ЕАЭС.

Мы не былі супраць адзінай валюты. Але нам прапаноўвалі, каб эмісійны цэнтр быў у Расіі

Нам прапаноўвалі адзіную валюту. Я казаў: растлумачыце, што гэта будзе за валюта. Эмісійны цэнтр павінен быць на раўнапраўных умовах. Вось Лукашэнка прапануе раўнапраўныя ўмовы, каб падзяліць напалову. Не, на гэтым мы не настойвалі. Калі валюта, то эмісійны цэнтр павінен быць незалежны ні ад Расіі, ні ад Беларусі.

Мы не былі супраць стварэння адзінай валюты. Але нам прапаноўвалі, каб эмісійны цэнтр быў у Расіі, Цэнтрабанк будзе кіраваць. А нам калі трэба зарплату выдаць, трэба будзе ў Крамлі на калені станавіцца.

Януковіч фінансаваў “Правы сектар”

“Віктар Фёдаравіч [Януковіч] фінансаваў “Правы сектар”. Бо ён супраць Юлі [Цімашэнкі] будзе”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. І дадаў: “Стварыў сілу, якая яго і знішчыла”.

Як вядома, “Правы сектар” — гэта аб’яднанне правых сіл ва Украіне, якое з’явілася ў канцы 2013 года і стала арганізаванай сілай Майдана. Цяпер гэта палітычная партыя.

Я прапанаваў падрыхтаваць праект Канстытуцыі Украіны. І Кучма гэта зрабіў, але не прыняў. І вось адтуль усё пайшло

Кучма вельмі нямала зрабіў. Але я яму кажу, ты яшчэ не адкупіўся у народа за тое, што адбылося падчас твайго прэзідэнцтва. У РФ, у прэзідэнцкім клубе, дзе Ельцын у тэніс гуляў, мы ўтрох сядзелі, абмяркоўвалі сітуацыю. Па чарцы выпілі. І Ельцын спытаў, што ты прапануеш па Украіне. Я кажу, там трэба сістэму ўлады мяняць. Трэба мяняць Канстытуцыю, трэба, каб была прэзідэнцкая ўлада. І яны згодныя. Канстытуцыю нельга мяняць у Радзе. Мы ў Беларусі выйшлі на рэферэндум і прынялі Канстытуцыю, якая нам у той час разрухі была патрэбная.

Я прапанаваў падрыхтаваць праект Канстытуцыі. І Кучма гэта зрабіў. Кучма не ратыфікаваў новую Канстытуцыю ў Радзе. Ён кажа: разумееце, у нас такая сітуацыя, што не падтрымаюць.

У нас таксама такая сітуацыя была. Маглі маніпуляваць прэзідэнтам. Навошта яго тады абіраць? Што такое дэпутаты, я ведаю. Калі на пасяджэнні не ходзяць, з заплушчанымі вачыма галасуюць.

Мы зразумелі, што духу у Кучмы не хопіць, каб унесці на ратыфікацыю ў парламент.

Калі ў мяне гэта было, то я прыйшоў і паклаў на стол, што народ прыняў, і Канстытуцыю трэба зацвердзіць. Не толькі нацмены, але і камуністы не пагадзіліся. Тады я ім сказаў, што калі вы гэта не зробіце, то я вас разганю.

Тады трэба было ствараць дзяржаву. Я кажу: дайце мне гэту магчымасць. Народ прагаласаваў, а парламент не хацеў. І ўсё ж такі мы ў парламенце зацвердзілі гэту Канстытуцыю. Тое самае было прапанавана Леаніду Данілавічу. Але ён гэтага не зрабіў. І вось адтуль усё пайшло.

Лукашэнка: Расія вымушана абараняць “ДНР” і “ЛНР” з-за асабістага рэйтынгу

“Калі б не Расія, дні ДНР і ЛНР былі б палічаныя даўно. Расія вымушаная абараняць і падтрымліваць гэтыя тэрыторыі. З розных прычын. Пачынаючы ад асабістага рэйтынгу, заканчваючы тым, што там жывуць браты, — сказаўЛукашэнка. — Што тычыцца бойні на паўднёвым усходзе Украіны. Ну, давайце не будзем цямніць. Калі б не Расія, то дні ЛНР і ДНР былі б лічаныя даўно. Я лічу, што Расія вымушаная падтрымліваць гэтыя тэрыторыі. З-за іміджу і таго, што там жывуць браты і пакінуць іх нельга.

Але ясна адно. Я пра гэта сказаў, як толькі гэты канфлікт пачынаўся. Я сказаў прэзідэнтам: “Мужыкі, нам ні ў якім разе нельга пачынаць вайну. Там не будзе ваяваць адкрыта, напрыклад, Амерыка, але некаторыя дзяржавы і блокі вельмі будуць зацікаўленыя, каб мы ўласнымі рукамі перабілі адзін аднаго. Ствараецца варонка ў цэнтры Еўропы, і такім чынам, яна будзе нас зацягваць, і славяне будуць губіць адзін аднаго ледзь ці не ўпершыню ў гісторыі.

Я не разумею, навошта яны ваююць за Данецкі аэрапорт. Але няхай яны лепш там сабе за аэрапорт ваююць, чым у горадзе.

Нягоднікі палітыкі і падонкі, некаму трэба захаваць твар. Партыі вайны ва Украіне трэба даказаць, што мы абаронімся і будзем ваяваць да канца. З іншага боку таксама трэба твар захаваць. Як з-за таго, што там будуць гінуць людзі, можна захоўваць свой твар?!

Сёння прафесіяй стаў тэрор і ваенныя, асабліва былыя, якія гатовыя за грошы ваяваць”.

Лукашэнка нагадаў Пуціну пра Пскоўшчыну, Смаленшчыну і Браншчыну

Гаворачы пра меркаванні, што пасля Украіны Расія можа забраць частку тэрыторыі Беларусі ці ўсю нашу краіну, Аляксандр Лукашэнка назваў гэта “поўнай лухтой”.

Кіраўнік дзяржавы прыгадаў, як аднойчы пажартаваў з Уладзімірам Пуціным. Лукашэнка яму нагадаў, што калісьці пскоўскія, смаленскія і бранскія землі належалі Беларусі. “Таму давядзецца падзяліцца!” — сказаў Лукашэнка Пуціну. Ён падкрэсліў, што гэта жарт, што Беларусь на гэтыя землі цяпер не прэтэндуе.

Вы лічыце, што Крым ваш, дык чаму аддалі яго Расіі без адзінага стрэлу?

Пасля інаўгурацыі Парашэнкі ўсім, хто мяне там атачыў і пачаў мяне церабіць і дапытваць, я раззлаваўся і сказаў: “Вы лічыце, што Крым ваш, дык чаму аддалі яго Расіі без адзінага стрэлу? Навошта вы пачалі забараняць мову і пагражаць жыццю гэтых людзей? Не было іншых праблем? Вы хацелі размясціць у Крыме НАТА? Шукайце прычыны не ў Расіі, а ў сабе. Вы падстаўляліся, вы вінаватыя самі.

Што будзе далей у Крыме — пытанне важнейшае. Там вельмі цяжкая сітуацыя, а напярэдадні зімы будзе яшчэ больш складана. Таму што Крым адрэзаны, а паромам будзе цяжка забяспечыць Крым.

Расіі гэта ноша будзе складанай. І гэта трэба мець на ўвазе, калі кажуць, што Расія хоча адхапілі частку тэрыторыі. Адхапіць няма праблем, калі ва Украіне няма арміі. Але што потым?

Недапушчальна, каб парушалася тэрытарыяльная цэласнасць дзяржавы

У Будапешце канферэнцыя. 1994 амерыканцы з расіянамі, Клінтан з Ельцыным падзялілі ядзерную зброю. Тады настойвалі на тым, каб наша ядзерная зброя была выведзена на тэрыторыю РФ. Нашы свядомыя, нацыяналісты, якія былі ва ўладзе тады, гатовыя былі што заўгодна зрабіць у тагачасных умовах, каб спадабацца амерыканцам, і яны пагадзіліся. Я дефакта быў вымушаны гэта выконваць, але быў катэгарычна супраць гэтага. І самы вялікі ціск з боку расійскага кіраўніцтва. Былі пагрозы, калі не выведзеце ядзерную зброю, перакрыем газ, нафту.

Але калі мы выводзім ядзерную зброю, то нам гарантуецца бяспека, як ядзерны парасон, і ўсе мы застанёмся як тэрытарыяльна цэласныя дзяржавы, у рамках якіх былі на той момант. Тэрытарыяльная цэласнасць нам была гарантаваная.

Адказваю на пытанне тых, хто кажа што Хрушч такі-сякі аддаў незразумела як Крым Украіне — гэта не матыў. Нават калі б гэта было так, была дадзена гарантыя цэласнасці. Таму гэта не дапушчальна.

Пра Майдан: Гэта быў не канстытуцыйны пераварот, а захоп улады

Хто каго страляў на Майдане, цяжка разабрацца. Ідзе інфармацыйная вайна. Але адбыўся пераварот. І хто ў гэтым вінаваты? Вінаваты прэзідэнт Януковіч. Толькі ён вінаваты.

Я размаўляў з Турчынавым і казаў яму: “Ты страшны нацмен”. Ён мне адказваў: “Так я нацыяналіст, але не вельмі варожы”. Я яму пра гэта сказаў, што гэта быў не канстытуцыйны пераварот, а захоп улады.

Я падтрымліваю добрыя адносіны з вядучымі ўкраінскімі палітыкамі. У Расіі гэта некаторым не падабаецца

Не ўсе ў Расіі разумеюць пазіцыю Беларусі і маю асабістую па ўкраінскім пытанні. Я ў некаторых момантах паўтаруся, а вы самі вырашайце, ці гуляецца Лукашэнка з захадам і ўсходам, як некаторыя кажуць.

Я заўсёды знаходзіў агульную мову з любымі палітыкамі, якія былі ва ўладзе ва Украіне. Так і цяпер я падтрымліваю добрыя адносіны з вядучымі ўкраінскімі палітыкамі. У Расіі гэта некаторым не падабаецца, а што тут кепскага? Гэта на шкоду Расіі і Беларусі?

Пераможцаў ва ўкраінскай вайне не будзе

Мы ведаем, хто кіруе гэтым хаосам і вырашае такім чынам свае праблемы і натраўлівае адны народы на іншыя. Перад тварам новых пагроз расіяне і беларусы павінны быць разам і быць моцнымі.

Пераможцаў ва ўкраінскай вайне не будзе. Патрэбны дыялог. Трэба аднаўляць гарады і вёскі. Тысячы бежанцаў прыехалі з Украіны ў Расію і Беларусь, сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка крытыкуе расійскія федэральныя СМІ

Кіраўнік Беларусі заявіў, што федэральныя сродкі масавай інфармацыі Расіі “у лепшым выпадку замоўчваюць, што ёсць такая брацкая краіна — Беларусь, а ў горшым выпадку вы ўсё бачыце самі”.

Лукашэнка хоча, каб расіяне “даведаліся праўду пра Беларусь”. На яго погляд, у Расіі не хапае “аб’ектыўнай інфармацыі”.

Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка адказвае на пытанні прадстаўнікоў расійскіх рэгіянальных СМІ. Нагадаем, яны ўдзельнічаюць у традыцыйным прэс-туры ў Беларусь — іх знаёмілі з сацыяльна-эканамічным развіццём Віцебскай вобласці.

Як адзначае прэс-служба кіраўніка дзяржавы, мерапрыемства праводзіцца ўжо 12-ы раз. Сёння ў ёй бяруць удзел больш за 100 журналістаў з 50-ці суб’ектаў Расійскай Федэрацыі. Тэлеверсія выйдзе ў эфір на тэлеканалах “Беларусь1” і “Беларусь 24” а 21-й гадзіне.

Фота — ria.ru

Крыніца: Еўрарадыё

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...