«Бакханалія» працягнецца «мінімум паўтара года» — будуць парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары, а «нашы людзі ўмеюць пытаць», цытуе Лукашэнку Радыё Свабода.

АМАП падчас акцыі пратэсту супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, 19 сьнежня 2010 году

 

Падчас прызначэньня шэрагу чыноўнікаў 13 лістапада Аляксандар Лукашэнка зьвярнуўся да «кіраўнікоў на месцах», піша БелТА.

«Будучы год — гэта год сурʼёзны, — казаў Лукашэнка. — У нас пачынаецца палітычная „бакханалія“, якая працягнецца мінімум паўтара года. І выбары парлямэнта, і прэзыдэнта. Яны ніколі не дадавалі стабільнасьці і спакою ў нашым грамадзтве».

Паводле Лукашэнкі, «палітычная кампанія — гэта іспыт», а іх давядзецца здаваць адразу два, «даваць справаздачу перад народам», а «нашы людзі ўмеюць пытаць».

Ён таксама даў яшчэ некалькі парадаў чыноўнікам, у прыватнасьці згадаў, як ужо раней казаў адносна карупцыі — «лепш быць жабраком, але на свабодзе».

«Працаваць па прынцыпе „чаго жадаеце?“ катэгарычна забараняецца. Вы павінны быць актыўнымі ў прыняцьці рашэньняў».

«Адзінае, пра што я вас папрашу: каб вы, прыйшоўшы на працу, не займаліся паднясеньнем нейкіх папераў. Вы кіраўнікі, і ў рот глядзець, нават начальству, забараняецца».

«Я за свой пэрыяд прэзыдэнцтва бачыў розныя народы. Якія б ні былі беларусы, лепш за нашых людзей няма. Гэта нерасьпешчаныя, цярплівыя, працавітыя людзі. Адпаведна і мы павінны паступаць. Мы павінны адпавядаць свайму народу».

«Таму стаўцеся па-чалавечы да людзей. Там, дзе трэба прымусіць працаваць кагосьці, прымусьце. Каму трэба дапамагчы — дапамажыце».

«Барацьба з карупцыяй — гэта непахіснае маё патрабаваньне і мае дзеяньні зь першага дня майго прэзыдэнцтва. Не таму, што я хачу здацца такім крутым. Пытаньне ня ў гэтым. Карупцыя зьядае ўсё. Гэта іржа».

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: