Мы ўступаем у новую рэальнасьць, у якой Лукашэнка ўжо не з’яўляецца абсалютным злом — ні для Захаду, ні нават для беларускай апазіцыі.

Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

Разрэкламаванае інтэрв’ю Аляксандра Лукашэнкі Еўраньюс не прынесла ніякіх сенсацыяў, але гэта добрая інфармацыйная нагода, каб зафіксаваць тэндэнцыю, якую, здаецца, ужо немагчыма ігнараваць.

Немагчыма ігнараваць тую новую ролю, якую цяпер займае ў беларускай і еўрапейскай палітыцы Аляксандр Лукашэнка. Банальна паўтарацца, але дэ-факта ён ужо не ізгой, не «апошні дыктатар Еўропы», а істотны чыннік еўрапейскай геапалітыкі. Мы можам крыўдзіцца на еўрапейскіх палітыкаў (як раней крыўдзіліся на грузінаў, а потым на ўкраінцаў), але варта паспрабаваць зразумець іхнюю логіку. Яна прыблізна такая — «пазіцыі Лукашэнкі непахісныя, дэмакратычнай рэвалюцыі ў Беларусі пакуль не праглядаецца, таму адзінае, што мы можам рабіць — гэта ўплываць на афіцыйны Мінск, заахвочваць яго займаць больш незалежную, не-расійскую пазіцыю».

Любы выклік — гэта яшчэ і шанец. Выклік расійска-ўкраінскага канфлікту Лукашэнка ператварыў у свой шанец, і выкарыстоўвае яго, варта прызнаць, палітычна амаль ідэальна. Сваімі новымі «міратворчымі» прапановамі Лукашэнка робіць бяспройгрышны ход. Прапанаваць увесці беларускія міратворчыя сілы ў Данбас — гэта значыць апрыёры прапанаваць нешта такое, ад чаго партнёры абавязкова вымушаныя адмовіцца. А потым сказаць — ну я ж прапаноўваў, а яны не зразумелі маіх высокіх парываў. Канешне, больш складана было б выкручвацца, калі б украінцы раптам пагадзіліся (але Лукашэнка разумее, што гэта зусім малаімаверна). Але і тады заўсёды можна выйсці з сітуацыі праз вылучэнне нейкіх нерэалістычных умоваў і абставінаў.

Ва ўнутранай палітыцы беларуская прапаганда гадамі палымяна, але даволі абстрактна выкарыстоўвала тэзіс «Абы не было вайны». А тут — такая нечаканая ўдача! — сапраўдная вайна каля беларускай мяжы, і анекдатычны лозунг раптам становіцца зусім не жартам, а рэальнай патрэбай масаў. На гэтым фоне можна ўвогуле нічога іншага не рабіць, але толькі адпрацоўваць схему — «я захоўваю ў краіне мір». Ды і як не гуляць на гэтым полі, калі звыш 60 працэнтаў беларусаў, паводле НІСЭПД, ухваляюць пераўтварэнне Мінска ў перамоўную пляцоўку, а тры чвэрці не хочуць, каб праз Беларусь праходзілі на Украіну расійскія войскі.

Лідэры беларускай апазіцыі, адрозна ад распаўсюджанага меркавання, якраз вельмі адэкватна ацэньваюць сітуацыю і рэалістычна ўзважваюць свае сённяшнія шанцы. Таму ніхто з іх зараз і не кліча на Плошчу, саму ідэю Плошчы ўсё часцей увогуле называюць патэнцыйна небяспечнай — маўляў, калі хто і будзе туды заклікаць, дык гэта хутчэй прарасійскі кандыдат.

Новы статус Лукашэнкі ставіць глыбокую маральную праблему перад усімі — як да гэтага ставіцца? Як палітычны аглядальнік, аналітык — я магу проста адстароненна фіксаваць у сілу сваіх здольнасцяў гэтую тэндэнцыю. Як грамадзянін і публіцыст я магу радыкальна не пагаджацца з гэтым трэндам, магу горача заклікаць не забываць пра такія аспекты 20-гадовага кіравання Лукашэнкі, як знікнення палітычных апанентаў, знішчэнне беларускай мовы і культуры, масавыя рэпрэсіі пасля 19 снежня 2010 года.

Але самае глупае будзе не заўважаць відавочнага: мы ўступаем у такую рэальнасць, у якой Лукашэнка ўжо не з’яўляецца абсалютным злом — ні для Захаду, ні для большасці насельніцтва, ні нават для беларускай апазіцыі.

Крыніца: Віталь Цыганкоў, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...