Расейскія і беларускія прапагандысты ўпарта ўплішчваюць у розумы аўдыторыі, што беларускі пратэст ідзе на спад. Тое самае сказаў і міністар замежных справаў Расеі, маўляў, сытуацыя ў Беларусі нармалізуецца.

І тут карцінка, якая разбурае ўсю гэтую паліттэхналягічную прыгажосьць. Вярхоўны галоўнакамандуючы бярэ зброю ў рукі толькі ў самы апошні момант, на краі. Гэта проста ніяк не стасуецца з байкай пра спад.

Але ня выключана, што Лукашэнка думае зусім не пра піяр. Карцінка з аўтаматам стасуецца з заявай міністра абароны Хрэніна аб магчымасьці ўжываньня войска супраць пратэстоўцаў.
Войска – гэта не паліцыя. Яго функцыя не падаўляць, не нэўтралізоўваць, не прадухіляць. Ужо як гэта робяць праваахоўнікі, усе даведаліся 9-11 жніўня. Але функцыя ў войска наагул іншая і адна – забіваць ворага.

Пры гэтым Хрэнін наўпрост сказаў, што гатовы ўжыць войска (гэта значыць аддаць загад забіваць) не супраць пагромаў, не супраць захопу будынкаў, не супраць тых, хто чыніць нейкую фізычную шкоду каму б то ні было. Не, ён гатовы выкарыстаць войскі (гэта значыць – забіваць) сваіх суайчыньнікаў, якія ходзяць са сьцягамі, якія не падабаюцца генэралу Хрэніну, каля сьвятых для яго месцаў. Не разбураюць гэтыя месцы, не наносяць ім шкоду, проста ходзяць са сьцягамі.

Іншымі словамі, паведамляецца, што ён гатовы ўжываць зброю супраць людзей, якія не чыняць ніякага гвалту нават з пункту гледжаньня самога Хрэніна. Яны са сьцягамі ходзяць, а мы ў іх будзем страляць, калі тлумачыць простай мовай.

У сьвятле яго заявы дэманстратыўна паказаная зброю ў руках Лукашэнкі можа проста азначаць гатоўнасьць прабіць яшчэ адно дно.

Некалі даўно былы рэдактар «Советской Белоруссии» Павал Якубовіч распавядаў мне пра адно важнае правіла жыцьця «злодзеяў у законе». Якубовіч ведаў гэта па сваёй службе ўва ўнутраных войсках. Дык вось закон – ні ў якім выпадку нельга палохаць зброяй: дастаў нож – бі, дастаў пісталет – страляй. Па гэтым жалезным законе жыве сьвет злодзеяў.

Напэўна, Якубовіч і Лукашэнку пра гэта закон распавядаў. Пытаньне – якую выснову зрабіў Лукашэнка з гэтага расповяду.

Юрый Дракахруст, журналіст

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...