Анатоль Лябедзька пракамэнтаваў Свабодзе відэаролік, на якім амапаўцы, паводле міліцыі «працягнулі руку дапамогі чалавеку, які трапіў у бяду». Відэа апублікавала сёння Галоўнае ўпраўленне ўнутраных справаў Менгарвыканкаму пад загалоўкам «Супрацоўнікі менскага АМАПу ратуюць А. Лябедзьку!».

Анатоль Лябедзька ў Жабінкаўскім раённым судзе, 12.02.2018

 

У лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі ўзніклі праблемы з атрыманнем правоў кіроўцы — нягледзячы на тое, што ён прайшоў належны мэдагляд, правы ён атрымаць ня можа, бо, як цьвердзяць чыноўнікі, два гады таму ён падчас роварнай прагулкі страціў прытомнасць і меў сутаргі.

Лябедзька, як тлумачыцца ў артыкуле «Замест падзякі — хлусня» на сайце ГУУС, «сцьвярджае, што яму стала дрэнна і звязвае тое, што здарылася з „амапаўцамі і людзьмі ў цывільным“, якія маглі развеяць у паветры „нешта такое, што мяне адключыла“».

Паводле вэрсіі ГУУС, 6 траўня 2016 году «каля краю праезнай часткі па вуліцы Арлоўскай у Менску аўтапатруль ГУУС Менгарвыканкаму выявіў мужчыну. Канвульсіі, хрыпы і пена з рота сведчылі пра тое, што ў яго магчымы эпілептычны прыпадак. Супрацоўнікі АМАПу неадкладна кінуліся на дапамогу».

Здарэнне было знятае на відэакамэру, аднак увесь гэты час органы міліцыі «з этычных меркаванняў» не публікавалі відэа.

Пасля таго, як 9 лютага сёлета супрацоўнікі ДАІ затрымалі Лябедзьку ў Жабінцы за кіраванне аўтамабілем без пасведчання кіроўцы, ГУУС «аддала гэты матэрыял галоснасці», «каб расставіць усе кропкі над „i“».

«Гэта толькі пачатак сплянаванай кампаніі па дыскрэдытацыі»

Анатоль Лябедзька пракамэнтаваў карэспандэнту Свабоды відэа, якое выклала ГУУС Менску.

— Гэта вэрсія ГУУС і АМАПу, але ня лекараў. Я магу толькі апэляваць да папераў, якія атрымаў ад лекараў, бо адразу пасля гэтага прайшоў глыбокае абследаванне. Калі ўжо ўсё выйшла за межы элемэнтарнай прыстойнасці і этычнасьці я іх агучу.

Паводле Лябедзькі, ён ніколі за сваё жыццё ня страчваў прытомнасці. І пасля таго выпадку ў 2016 годзе рэгулярна ездзіў на ровары.

— Я тады ехаў і, як толькі параўняўся з гэтымі амапаўцамі і людзьмі ў цывільным, страціў прытомнасць. І мне выклікалі якраз мэдычную дапамогу людзі, а не амапаўцы. Але мне сказалі, што лекары пісалі паказанні з вуснаў міліцыянтаў.

Мне цікава якім чынам з’явілася гэтае відэа? У падобных выпадках гэта ніхто ніколі не здымаў. А тут выйшла так, што я падаю і адразу нейкія здымкі і відэа захоўваецца. Я паспрабую атрымаць усё відэа, бо там толькі маленькі фрагмэнцік. Можа, там бачная і агульная сытуацыя, хто стаяў і што рабіў. Такое можа адбывацца, калі выкарыстоўваецца нейкае таксічнае рэчыва. Але зафіксаваць і пацьвердзіць гэта лекары не маглі. Цяпер гэта трэба паглядзець усё. Але я нікога наўпрост не абвінавачваў. Гэта ўжо проста такая вайна пайшла. Тыповыя паводзіны беларускіх уладаў.

— І пасля гэтага вам не даюць мэдычную даведку для атрымання правоў?

— Так. Пасля камісіі мне ўсе лекары паставілі адзнаку — «годны». Але потым раптам нешта змянілася. Потым мне ў кулюарах сказалі, што ня ўсё так проста. І я зразумеў, што гэтае пытанне неяк кантралююць нейкія сілавыя структуры.

Мне сказалі яшчэ раз прайсці абследаванне. І я яго прайшоў. Лекары казалі, што ўсё нармальна. У мяне была ранейшая паперка адносна таго здарэння, але калі я прыйшоў на камісію, чыноўнікі чамусьці напісалі з вуснаў міліцыянтаў інакш, пра нейкія сутаргі.

Таму давядзецца змагацца, каб атрымаць неабходную даведку. Бо я пачуваю сябе фізычна нармальна і пэрсанальнага кіроўцу заводзіць не збіраўся.

Лябедзьку затрымалі без правоў і судзяць за «непадпарадкаванне міліцыі»

9 лютага сёлета супрацоўнікі ДАІ затрымалі Анатоля Лябедзьку ў Жабінцы за кіраванне аўтамабілем без пасведчання кіроўцы. Цяпер яго судзяць за «непадпарадкаванне міліцыі», наступнае паседжанне прызначанае на 23 лютага.

Апошнімі гадамі ўсе паездкі лідэра АГП суправаджаюцца шчыльным кантролем спэцслужбаў, уключаючы вонкавае назіранне, арганізацыю правакацый і засад, у тым ліку з прыцягненнем ДАІ (многія выпадкі апублікаваныя на старонцы Анатоля Лябедзькі ў Фэйсбуку), паведамляе сайт АГП.

Партыя лічыць, што ўсё гэта з’яўляецца часткай мэтанакіраванай кампаніі, якую каардынуюць спэцслужбы, накіраванай на стварэнне перашкодаў ажыццяўлення палітычнай дзейнасці Анатолем Лябедзькам. АГП патрабуе спыніць злачынную практыку выкарыстання спэцслужбаў для барацьбы з палітычнымі апанэнтамі.

Алесь Дашчынскі, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: