Магілёўскі пенсіянер Уладзімер Пашчанка, які пагражаў сябе спаліць ля польскай амбасады, дамогся пакарання сваіх крыўдзіцеляў.

Двум мужчынам, якія збілі яго, прысудзілі «хімію» і абавязвалі сплаціць пацярпеламу 5 тысяч рублёў кампенсацыі маральнай шкоды, паведамляе Радыё Свабода.

«Пагроза самаспалення мне, безумоўна, дапамагла», — адзначае Уладзімер Пашчанка.

«Калі б я не агучыў такога намеру, то маіх крыўдзіцеляў працягвалі б „бараніць“, — казаў ён. — У мяне цэлы стос папераў, якія пераконваюць, што без рашучых дзеянняў усё б заставалася без справядлівага выраку. Калі б не пісалі сродкі масавай інфармацыі пра маю сітуацыю, то таксама б не было б такога эфекту. Масмедыя расказалі маю гісторыю не толькі на ўсю краіну, але за яе межы, таму такі вынік».

Намер падпаліць сябе Пашчанка агучыў летась у відэазвароце, выкладзеным у інтэрнэце.

69-гадовы пенсіянер казаў, што ў 2014 годзе яго збілі ля свайго дому. Сын пенсіянера прысароміў двух мужчынаў нападпітку, адзін з якіх мачыўся на агароджу сядзібы. У адказ тыя ўчынілі бойку. Стары стаў між імі і сынам, а супраць яго, як ён сцвярджае, быў ужыты прыём з арсеналу баявых адзінаборстваў. У медыцынскім заключэнні зафіксаваны пералом левага надкаленніка, а таксама пабоі.

Судовая калегія крымінальных спраў Магілёўскага абласнога суду прызнала вінаватым аднаго з крыўдзіцеляў Пашчанкі — Аляксандра Іконнікава. Паводле выраку, ён «груба парушыў грамадскі парадак, што праявілася ў непавазе да грамадства з выкарыстаннем гвалту, пашкоджаннем чужой маёмасці і нанясеннем цялеснага пашкоджання». Мужчыну прысудзілі тры гады «хіміі» і выплату 30 мільёнаў недэнамінаваных рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.

Пакарання другога крыўдзіцеля Генадзя Сафонава Уладзімер Пашчанка дамагаўся больш за два гады. Як ён сцвярджаў, суды пазбягалі прыцягваць мужчыну, які ўдзельнічаў у збіванні, да крымінальнай адказнасці. Пракуратура давала фармальныя адпіскі. Без належнай увагі пакінула зварот і Адміністрацыя прэзідэнта. Тады пенсіянер і наважыўся на самаспаленне. Выбраўся ў Менск, але сваёй пагрозы не ажыццявіў. Абмежаваўся правядзеннем пікету ля польскай амбасады.

Неўзабаве пасля акцыі пратэсту прэзідыўм Магілёўскага абласнога суду пастанавіў перагледзець крымінальныя справы супраць крыўдзіцеляў Пашчанкі. Пенсіянер заявіў, што ягоныя патрабаванні пачалі выконваць, і адклаў самаспаленне.

У выніку Ленінскі раённы суд Магілёва пакараў Сафонава двума з паловай гадамі «хіміі» і абавязаў сплаціць Пашчанку 2000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды. Мужчыну прызналі вінаватым у наўмысных дзеяннях, учыненых групай асобаў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і характарызуюцца відавочнай непавагай да грамадства.

Паводле пацярпелага, асуджаныя не прызналі сваёй віны. Што да кампенсацыі, то, кажа пенсіянер, яе выплачвае пакуль толькі Іконнікаў і тое не рэгулярна, паколькі ўладкаваць яго на сталую працу не ўдаецца.

Абодва асуджаныя да ўступлення выраку ў сілу былі на падпісцы аб нявыездзе.

Уладзімер Пашчанка лічыць, што Іконнікава і Сафонава хоць і пакаралі, але далі ім замалыя тэрміны. Сваю змагарную эпапею пенсіянер збіраецца працягнуць. На судовыя пасяджэнні ён хадзіў у майцы з надпісам «Патрабую справядлівага суду».

Пашчанка мае намер звярнуцца да гарвыканкаму па дазвол на правядзенне пікету ў абарону сваіх парушаных канстытуцыйных правоў. Зварот да гарадской улады ён ужо падрыхтаваў.

 


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Add comment

E-mail is already registered on the site. Please use the Login form or enter another.

You entered an incorrect username or password

Sorry, you must be logged in to post a comment.