Прыхаджане магілёўскага Свята-Міколькага манастыра заўважылі дзіўную абвестку: магілёўцаў просяць не падаваць грошай пʼяніцам і дармаедам, паведамляе Белсат.

Менавіта тут збіраюцца тыя, хто просіць міласціну

 

На ўваходзе ў Свята-Мікольскі манастыр нас супакоілі: гэтая абвестка датычыць толькі тых, хто просіць міласціну пры ўваходзе, а не ўсіх, каго дзяржава ўнесла ў спісы не занятых у эканоміцы краіны.

Наведніца падтрымала ініцыятыву манастыра: «Дык гэта ж ува ўсіх цэрквах такое. Ужо даўно вісяць такія абвесткі, каб не давалі грошай, бо яны іх збіраюць на выпіўку. А дармаеды – гэта тыя людзі, якія просяць грошы каля царквы».

Абвестка ў Свята-Мікольскім манастыры

 

Свята-Мікольскі жаночы манастыр у Магілёве

 

У манастыры belsat.eu патлумачылі афіцыйную пазіцыю:

«Даходзіла нават да боек паміж тымі, хто просіць міласціну. Вы проста не бачыце, колькі іх тут бывае, гэта цяпер толькі адзін чалавек, але яму мы дазваляем стаяць у нас і збіраць грошы, бо ён хворы, яго не возьмуць нідзе на працу ды яму цяжка іншым чынам зарабіць сабе на жыццё. Мы ўсё разумеем: калі чалавек сапраўды ў складанай жыццёвай сітуацыі, то мы дапамагаем, чым можам.

Напрыклад, каля дваццаці чалавек да нас прыходзяць есці. Але і такіх людзей мы правяраем, ці сапраўды яны не могуць самыя пракарміцца. А вось іншым, якія прыходзяць пад вароты прасіць грошай, мы не заўсёды можам дапамагчы. Значная частка з іх – людзі без пэўнага месца жыхарства, схільныя да злоўжывання алкаголем. Яны гэтыя грошы толькі на алкаголь і збіраюць».

Першапачаткова дэкрэт аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства Лукашэнка падпісаў у красавіку 2015-га года. Паводле яго, беспрацоўныя грамадзяне мусілі працаўладкавацца або сплаціць падатак дзяржаве, што супярэчыла гарантаванаму Канстытуцыяй Беларусі праву на працу. Пасля таго, як на вуліцы па ўсёй краіне выйшлі незадаволеныя дармаеды, дэкрэт перагледзелі.

У красавіку 2018 года Саўмін зацвердзіў новы Дэкрэт №1, паводле якога незанятыя ў эканоміцы грамадзяне павінны па поўным тарыфе плаціць за жыллёва-камунальныя паслугі і за карыстанне жылымі памяшканнямі. Пры гэтым з ліку такіх грамадзянаў выключаюцца тыя, чыя занятасць па аб’ектыўных прычынах немагчымая.

У базу дармаедаў дзяржава залічвае людзей аўтаматычна, на падставе ўласных звестак.

АС, belsat.eu

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...