35-гадовы гамяльчук Міхаіл Міхайлюкоў — інвалід па слыху з дзяцінства. Праз сваё захапленне спартовым арыентаваннем мужчына ледзь ня трапіў пад кулю вартавога, калі прабягаў паўз агароджу вайсковай часткі № 63604. Воклічаў «Стой, хто ідзе!?» і «Стой, страляць буду!» Міхаіл не пачуў і спыніўся толькі пасля папераджальнага стрэлу, адчуўшы вібрацыю ў паветры. Гамельчука затрымалі і абвінавацілі ў спробе незаконнага пранікнення на тэрыторыю часткі (артыкул 23.14 КаАП).

Міхаіл Міхайлюкоў падчас выступлення за Беларусь на чэмпіянаце Эўропы па арыентаванні сярод глухіх, 2016 год

 

«Трымаўся за агароджу вайсковай часткі»

«Міхаіл увогуле ня чуе. Яшчэ добра, што адчуў вібрацыю ад стрэлу на папярэджанне, а калі б не? Маглі б і застрэліць, — расказала Свабодзе жонка падсуднага Тацяна Міхалюкова. — У той вечар ён, як звычайна, пайшоў бегаць — пракладаў маршруты па навігатары, займаўся стала, бо рыхтаваўся да спаборніцтваў. Час ішоў, а муж не вяртаўся. Я пачала пісаць яму. А ён адказаў, што не разумее, за што, але яго затрымалі».

Паводле яе, у вечар затрымання вайскоўцы па тэлефоне патлумачылі ёй, што Міхаіл спрабаваў пранікнуць на тэрыторыю часткі. Потым жанчыне сказалі, што яе муж трымаўся за агароджу вайсковай часткі. Сурдаперакладчыка пры разборы не было, Міхаіл адказваў на пытанні вайскоўцаў пісьмова — ён умее чытаць па вуснах.

Адзін стрэл з пісталета ТТ на папярэджанне

Справу ў судзе Навабеліцкага раёну Гомлю 18 красавіка разглядаў суддзя Дзмітры Новікаў. У пасяджэнні ўдзельнічала перакладчыца.

З адміністрацыйнага пратаколу вынікала, што 30 сакавіка прыкладна а 20.30 «з усходняга боку вонкавай агароджы пэрымэтру грамадзянін, ігнаруючы каманды вартавога, наблізіўся да агароджы, і, дакранаючыся да яе рукамі, спрабаваў пранікнуць на ахоўную тэрыторыю вайсковай часткі № 63604».

Да справы былі далучаны тлумачэнні вартавога, які дзейнічаў згодна з інструкцыяй: пасля воклічаў «Стой, хто ідзе?» і «Стой, страляць буду!» зрабіў з пісталета ТТ адзін выстрал на папярэджанне.

«Пасля выстралу мужчына прысеў каля агароджы вайсковай часткі, потым ён быў затрыманы», — даў пісьмовыя тлумачэнні вартавы. Паміж ім і Міхаілам было каля 10-11 мэтраў.

«Я наблізіўся да чалавека, які цэліўся ў мяне, каб прачытаць па вуснах — што ён крычыць»

Міхаіл не прызнаў сваёй віны. Ён падрабязна расказаў, як выправіўся на прабежку 30 сакавіка а 20.00. Праклаў маршрут ад возера ў Навабеліцы да 104-га мікрараёну і пабег.

«На маршруце не было вайсковай часткі. Тады было цёмна, ляжаў снег. Калі я ўбачыў наперадзе ліхтары, то вырашыў, што прыбег у 104-ы мікрараён. Але ўбачыў нейкі плот і вырашыў абмінуць яго. Адчуў нешта падобнае на выбух. Прысеў, пачаў углядацца ў цемру, заўважыў постаць чалавека, які цэліўся ў мяне. Мне нешта казалі, крычалі, але я ня мог зразумець, бо я глухі. Таму наблізіўся да гэтага чалавека, каб прачытаць па вуснах, што ён мне крычыць», — тлумачыў Міхаіл.

Яго затрымалі, загадалі стаць на калені. Па вуснах мужчына прачытаў, што яму кажуць: «Пачакай». Ён чакаў, моцна змёрз. Потым на яго надзелі кайданкі. У Міхаіла пыталіся, для чаго ён хацеў пералезці праз плот.

«А я наогул не падыходзіў да агароджы, я бег на адлегласці 3-4 мэтры ад яе. Каля дзвюх гадзінаў ночы мне далі падпісаць паперы, што я нешта парушыў, што была спроба пералезці на тэрыторыю часткі. Я адмаўляўся, але мне сказалі, што гэта ня мае значэння, мне нічога ня будзе — і я падпісаў», — распавядаў на судзе Міхайлюкоў.

Ноччу яго адвезлі ў аддзел міліцыі, сфатаграфавалі і ўзялі адбіткі пальцаў. Абяцалі, што яму «нічога ня будзе». Але прыйшла позва ў суд.

Справу спыніць праз адсутнасць складу правапарушэння

На пасяджэнні праглядалі відэа з камэры назірання часткі. Міхаіл глядзеў яго з хваляваннем і камэнтаваў праз перакладчыка: «Вы ж бачыце, што я ня лез праз плот, што я не трымаўся за яго!»

Суддзя яшчэ раз перагледзеў відэа, закрыў ноўтбук і вынес рашэнне: склад правапарушэння адсутнічае, справу спыніць.

Паводле артыкулу 23.14 КаАП правапарушальніку пагражала ад 10 да 30 базавых ці арышт. У Міхайлюкова пэнсія — 150 рублёў. Інжынэр-канструктар, ён ня можа ўладакавацца на працу праз фізычныя асаблівасці. У сям’і двое дзяцей, 5 і 16 гадоў. Міхаіл сказаў, што працягне займацца спартовым арыентаваннем, але будзе больш дбайна выбіраць маршруты.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: