Актывісткі ініцыятывы “Матчын рух 328”, які аб’ядноўвае сваякоў, асуджаных за наркотыкі, абвесцілі пра свой намер распачаць 27 красавіка бестэрміновую галадоўку пратэста супраць прысудаў па арт. 328 “Захоўванне і распаўсюд наркатычных рэчываў”.

Фота: Ларыса Шчыракова

 

Маці асуджаных такім чынам дамагаюцца асабістага прыёму ў Аляксандра Лукашэнкі, перагляду крымінальных спраў, змяншэння тэрмінаў зняволення, дыферэнцыяцыі пакарання ў залежнасці ад аб’ёмаў і тыпу наркотыкаў.

“Мы ідзем на гэту крайнюю меру, – каментуе актывістка са Жлобіна Ліяна Шуба, – бо чыноўнікі на ўсіх узроўнях нас не чуюць. Мы гадамі вядзем ліставанне з дэпутатамі беларускага парламенту, пераконваем іх у неабходнасці перагляду арт. 328, па якому асуджаны нашы дзеці, мы дзясяткі разоў звярталіся ў пракуратуру, МУС, адміністрацыю прэзідэнта. У адказ – толькі абяцанні альбо фармальныя адпіскі. Трапіць на асабісты прыём да Лукашэнкі мы не можам. Не хочуць улады нас пачуць. Мы спрабавалі выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю на мітынгах, але нам адмаўлялі ў магчымасці іх зладзіць. А час ідзе, нашы дзеці ў турмах губляюць здароў’е, дэфармуецца іх псіхіка. Яны ўжо пакрыўджаны дзяржавай, у іх ужо падарваны аўтарытэт усёй дзяржаўнасці ў нашай рэспублікі. І кім яны выйдуць незаконна адсядзеўшы па 10 гадоў?”

Ліяна Шуба     Фота: Ларыса Шчыракова

 

Актывісткі “Матчынага руху 328” з Гомля, Магілева, Гародні, Берасця, Менска, Ліды, Мазыра (агулам 20 чалавек) маюць намер супольна галадаць у прыватнай хаце пакуль іх патрабаванні не пачнуць выконвацца. Падчас галадоўкі пратэсту маці асуджаных за наркотыкі маюць намер камунікаваць з беларускімі і замежнымі СМІ, звяртацца да амбасадараў розных краінаў.

 “Мы вычарпалі ўсе магчымыя і немагчымыя спосабы, – кажа актывістка руху з Гомля Таццяна Канеўская, – цярпенне скончылася, чаша перапоўнена. Мы абвяшчаем галадоўку, бестэрміновую да тых часоў пакуль, прынамсі адзін пункт з нашых патрабаванняў да ўраду, не будзе выкананы. Мы настойваем на асабістай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, мы патрабуем стварэння адмысловай камісіі па справядліваму перагляду крымінальных спраў нашых дзяцей, мы патрабуем зменаў у арт. 328 у бок памякчэння пакарання і дыферэнцыяцыі адказнасці ў залежнасці ад ступені вінаватасці. Мы заклікаем нашыя ўлады не ціснуць на актывістаў, якія ідуць на галадоўку”.

Фота: Ларыса Шчыракова

 

Напрыканцы сакавіка бягучага году актывісткі руху звярталіся ў гомельскі гарвыканкам з просьбай даць дазвол на правядзенне масавага мерапрыемства ў выглядзе галадоўкі, на што атрымалі катэгарычную адмову. Каб здзейсніць свой намер і дамагчыся зменаў у наркатычнае заканадаўства яны прынялі рашэнне галадаць у прыватнай хаце.

Ларыса Шчыракова, Гомельская Вясна

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: