Юлія Саладкевіч расказвае, што эпізод з «Белоруссией» не быў пастаноўкай.

11-гадовая Насця Ванеева стала вядомай на ўсю Беларусь 1 красавіка, калі расейскі Першы канал паказаў яе выступ у адным з тэлешоў. Вядучы Максім Галкін прадставіў Насцю як музыку з «Белоруссии», на што атрымаў адлуп.

«Правільна казаць „з Беларусі“», — патлумачыла яму дзяўчынка. «Насця са СмОргані», — спрабаваў ціснуць Галкін. «Са Смаргоні», — зноў паправіла яго беларуска.

Ролік умомант стаў вірусным, яго распаўсюдзілі ўсе асноўныя беларускія сайты. Свабода даведалася, што Насця Ванеева ўжо пяць гадоў займаецца цымбаламі ў смаргонскай мастацкай школе імя Агінскага.

«Яна яшчэ на рэпэтыцыі яго паправіла, — расказвае Свабодзе маці Насці Юлія Саладкевіч. — Гэта не было пастаноўкай. Імправізацыя. Насця пачала яшчэ перад выступам папраўляць, а ён усё адно „Белоруссия“ сказаў. Ну вось яна яго зноў вырашыла паправіць».

Мама Насці кажа, што шоў увогуле было максымальна набліжанае да выступу на канцэрце. Насця ўпершыню бачыла спявачку, з якой даводзілася выступаць. Імправізавала ня толькі ў дыялёгах з Галкіным, але і ў музычным пляне.

«Насцю проста ўбачылі ў інтэрнэце, пазванілі нам, запрасілі паўдзельнічаць, — працягвае Юлія Саладкевіч. — Цяпер я чытаю водгукі на расейскіх сайтах, там пішуць, што яна высакамерная, самаўпэўненая… На самой справе Насця сціплая, у яе заніжаная самаацэнка. Яна стаяла там за заслонай, баялася вельмі. Гэта толькі так здаецца, што яна такая дзёрзкая. Магчыма, проста такая абарончая рэакцыя. Вось вы мне расказваеце пра тое, што ў інтэрнэце станоўчыя водгукі, але на расейскіх сайтах іншыя».

Насця, акрамя цымбалаў, таксама захапляецца маляваннем і лепкай, у школе вучыцца выключна на «выдатна». «У яе працоўны дзень круцейшы, чым у дарослых, — кажа мама Насці. — Часам нават паесці не хапае часу. Усё бягом і бягом».

Юлія Саладкевіч таксама расказвае, што яе дачка ня першы раз удзельнічае ў тэлевізійных шоў. Раней ездзіла ва Ўкраіну, дзе таксама вучыла вядоўцаў вымаўляць назву сваёй краіны правільна.

«Чаму яна Галкіна вырашыла паправіць? Ну ў нас жа краіна называецца Рэспубліка Беларусь, — гаворыць Юлія Саладкевіч. — Таму „Белоруссия“ рэжа слых. І Насці таксама. Яна ўжо не ўпершыню так робіць. Былі ва Ўкраіне на тэлешоў „Круцей за ўсіх“, там таксама папраўлялі, яшчэ на рэпэтыцыі. Але ўкраінцы адразу выправіліся і больш „Белоруссия“ не гаварылі. А вось у Расеі вырашылі пакінуць».

Алесь Пілецкі, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: