У БССР былі створаныя два тыпы ўстойлівых механізмащ дзяржаўных рэпрэсій. Першы — па ўказанні з Масквы, другі — па ўласнай ініцыятыве. Маскоўскі ўключаў пошук ворагаў у маштабах СССР, мясцовы — вырашаў пытанні савецкага развіцця толькі ў БССР. Падчас Вялікага тэрору працавалі абодва механізмы.

29 кастрычніка 1937 года здарыўся самы чорны дзень у гісторыі беларускай літаратуры. За адну ноч з 29-га на 30-га карнікі НКУС расстралялі цэлую групу пісьменнікаў, сярод якіх былі Анатоль Вольны, Платон Галавач, Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Васіль Каваль, Юрка Лявонны, Валеры Маракоў, Міхась Чарот ды іншыя — агулам 22 чалавекі. Фота «Радыё Свабода»

 

Па ўказцы з Масквы

У снежні 1938 года ў НКУС СССР на імя Берыі паступіла заява ад двух камсамольцаў з Мсціслава Магілёўскай вобласці — Ратчанка І. і Цітова І., якія працавалі ў раённай газеце. Камсамольцы пісалі, што пад заступніцтвам сакратара райкама КП(б)Б, рэдактара раённай газеты і начальніка раённага аддзялення НКУС у раёне «ў многіх галінах гаспадаркі дзеюцца варожыя справы». У гэты час ажыццяўлялася «чыстка» (такі выраз ужываўся ў дакументах) раёнаў СССР ад варожых элементаў, ліст разам з супрацоўнікамі НКУС з Масквы быў накіраваны ў НКУС БССР, які таксама накіраваў у Мсціслаў сваю праверку. У выніку была вызначаная «выключная засмечанасць раёна сацыяльна-чужымі і варожымі элементамі».

Паколькі камсамольцы скардзіліся на тое, што «варожым элементам» кіруюць першы сакратар райкама КП(б)Б, рэдактар раённай газеты і начальнік РА НКУС, праверку пачалі з разгляду іх дзейнасці. Два аператыўных супрацоўнікі НКУС, якія прыехалі з Масквы, усталявалі «развал раённай камсамольскай арганізацыі», «засмечанасць выкладчыцкага складу школ», «наяўнасць сярод школьнікаў зладзейскіх груп», былі ўсталяваныя выпадкі малявання дзецьмі фашысцкіх значкоў. Усё гэта адразу расцанілі як факты варожай дзейнасці настаўнікаў, сваякі якіх былі рэпрэсаваныя.

Было ўстаноўленае і шкодніцтва — на конезаводзе №120 за 1938 год загінула 5 жарабіц, 18 жарабят, 31 цяля і 35 парасятаў. У шкодніцтве былі абвінавачаныя ветэрынар завода і яго дырэктар. Апошняга абвінавацілі і ў здзеках з працоўных, бо ён штрафаваў работнікаў за тое, што тыя ў працоўны час, пасланыя для нарыхтоўкі драўніны для завода, нарыхтоўвалі дровы для сябе. На заводзе працавалі дзеці і падлеткі без згоды інспекцыі аховы працы.

У калгасах раёна было знойдзена парушэнне статута сельгасарцелі, «безгаспадарлівасць, якая даходзіць да шкодніцтва», павялічаныя звыш нормы прысядзібныя ўчасткі ў 490 калгаснікаў, 74 калгаснікі мелі кароў звыш нормы. Былі выкрытыя факты страты збожжа пры ўборцы (калгас імя Юрчанка), падмярзанне выкапанай, але не складаванай бульбы.

Супрацоўнікі НКУС выявілі таксама вінаватасць службовых асоб раёна — сакратара райкама КП(б)Б, упаўнаважанага Камітэта нарыхтовак па Мсціслаўскім раёне, намесніка старшыні райвыканкама, старшыні райспажыўсаюзу. Усе яны былі абвінавачаныя таксама ў роднасці або кантактах з ужо асуджанымі «ворагамі народа».

Варта адзначыць, што выяўленнем шкоднікаў актыўна займаліся і кіруючыя камсамольцы. Так, сакратар ЦК ЛКСМБ Галоўкін асабіста ўдзельнічаў у раскрыцці контррэвалюцыйнай арганізацыі ў Мсціслаўскім раёне.

Віна рэдактара раённай газеты («Калгасная газета») была ў тым, што ён «займае згодніцкую пазіцыю ў адносінах да кіраўнікоў раёна, не ставіць прынцыпова пытанне перад імі па тых сігналах, што паступаюць у рэдакцыю».

НКУС БССР пачаў службовае расследаванне на начальніка раённага НКУС і агентурна-следчыя справы супраць выяўленых ворагаў, у дачыненні да негатыўнага стану партыйнай дзейнасці праінфармаваў першага сакратара ЦК КП(б)Б Пятра Панамарэнку.

Вядома, узнікае пытанне — чаму з тысяч лістоў, якія дасылаліся ў НКУС СССР і БССР пільнымі савецкімі грамадзянамі, быў абраны менавіта гэты ліст? Канкрэтных адказаў на гэтае пытанне архіўныя дакументы не ўтрымліваюць. Як правіла, маскоўскі механізм уключаўся тады, калі неабходна было знайсці спосабы ўздзеяння на рэспубліканскае партыйнае і гаспадарчае кіраўніцтва (кампрамат для змены непажаданых кіраўнікоў, для падтрымкі ў саюзных органах тых ці іншых праектаў і іншае). Або прыбраць тых, хто быў непажаданы рэспубліканскай уладзе, але, па тых ці іншых прычынах, быў для яе недасягальны. Гэты механізм дзейнічаў увесь час, пакуль існаваў СССР. Цікава, што ён заўсёды пачынаўся са зваротаў працоўных, а не па ініцыятыве ўлады.

«Чорная ноч»

Беларускі механізм быў падобны на саюзны. 8 кастрычніка 1936 года чырвонаармеец 6-га палка 2-й дывізіі, сябра ВЛКСМ з’явіўся ў Асобы аддзел дывізіі і паведаміў, што ён даведаўся ад таварыша — палкавога настаўніка, з якім быў у блізкіх адносінах, студэнта Вышэйшага педагагічнага інстытута — пра тое, што ў Мінску існуе варожая антысавецкая арганізацыя, і пералічыў некаторых яе ўдзельнікаў. 9 кастрычніка на двух студэнтаў педінстытута данёс і сам настаўнік, які з’яўляўся асведамляльнікам асобага аддзелу дывізіі.

11 кастрычніка былі арыштаваныя адказны сакратар газеты «Піянер Беларусі» Ф.Клімёнак і студэнт 2-га курса літаратурнага факультэта педінстытута С.Шляхціч, а таксама асведамляльнік Сліжыкаў, які ў час не данёс пра існаванне арганізацыі. У выніку іх допытаў былі арыштаваныя яшчэ 8 чалавек — студэнтаў, выкладчыкаў педінстытута, супрацоўнікаў газеты. Выяўлена, што ўсе яны распавядалі «пахабныя контррэвалюцыйныя анекдоты, накіраваныя супраць партыі і ўрада» — «паўсюль, дзе гэта ўяўлялася магчымым — у рэдакцыі, інстытуце, на кватэры». Пасля допытаў новых арыштаваных, арыштавалі яшчэ 8 чалавек, сярод якіх супрацоўнік Белдзяржвыдавецтва Ракіта-Законнікаў, Белрадыёцэнтра — С.Грахоўскі. Далей была знойдзеная іх сувязь з ужо асуджанымі «нацдэмамі Мараковым, Дударам Аляксандрам». Заведзеная агентурная справа «Маладыя».

У працэсе распрацоўкі агентурнай справы былі арыштаваныя яшчэ 7 студэнтаў літфаку педінстытута, на 7 завялі агентурныя справы. Крымінальная справа ўзнікла па раскрыцці «нацдэмаўскай антысавецкай, шпіёнскай, фашысцкай арганізацыі». Былі праведзеныя арышты ў газетах «Піянер Беларусі», «Чырвоная змена», «ЛіМ»,«Іскра Ільіча», у Белдзяржвыдавецтве, Белдзяржкіно, Белрадыёцэнтры, у Акадэміі Навук, у Белдзяржуніверсітэце, у Вышэйшым педагагічным інстытуце, сярод пісьменнікаў.

Ужо на 3 лістапада «арыштавана пакуль 70 чалавек, у тым ліку пісьменнікі Сташэўскі, Зарэцкі, Вольны, Баранавых, Багун, Маракоў, Кляшторны. Іх арышт узгоднены з ЦК КП(б)Б. Усе яны, з пункту гледжання літаратурнай, каштоўнасці не ўяўляюць», — пісалася ў чарговай справаздачы аб праведзенай працы.

Па сведчаннях арыштаваных былі вызначаныя кіраўнікі арганізацыі — Зарэцкі, Вольны, Сташэўскі. У іх узялі паказанні, паводле якіх выявілі дачыненне да арганізацыі пісьменніка Цішкі Гартнага (Жылуновіча), была атрыманая санкцыя на яго арышт. З допытаў апошняга нібыта вызначылі сувязь «з украінскімі нацыяналістамі Хвільовім, Досвітнім, Палішчуком, Дняпроўскім, Курбасам, Вішняй, Ірчанам, Гільовым, Эпікам», якія «яшчэ ў перыяд 1930–1933-х гадоў дамовіліся аб усталяванні адзінага нацыяналістычнага фронту для барацьбы з савецкай уладай».

Далейшыя распрацоўкі прывялі да адкрыцця сумна знакамітай справы №9031 (кастрычнік 1937 года) па раскрыцці «нацыянал-фашысцкай тэрарыстычнай, шпіёнскай-дыверсійнай арганізацыі». Былі асуджаныя да 8–10 гадоў пазбаўлення волі, расстраляныя сотні прадстаўнікоў беларускай і беларуска-габрэйскай інтэлігенцыі, у тым ліку толькі ў ноч на 29–30 кастрычніка 130 чалавек (у асабістых справах іх смерць аформлена як 29, так і 30 кастрычнікам 1937 года).

Па просьбах працоўных

Падчас Вялікага тэрору сігналаў аб парушэннях «ад працоўных» паступала столькі, што не ўсе з іх пераправяраліся — апарат спецслужбаў быў перагружаны. У асобных выпадках толькі даносу было дастаткова для хуткага, без адкрыцця крымінальнай справы, асуджэння да працяглага пазбаўлення волі або расстрэлу — калі гаворка ішла аб дачыненні да антысавецкай арганізацыі. Такое асуджэнне называлася — «па альбомных спісах».

Асуджаліся людзі як звычайнымі судамі, так і адмысловымі — Тройкамі і Асобымі тройкамі, якія былі створаныя для таго, каб разгрузіць звычайныя суды. У Троек судовы працэс быў спрошчаны, пасяджэнне займала каля 15 хвілін — за такі час, як засведчана ў следчай справе (з 11.00 да 11.15), быў асуджаны да расстрэлу Тодар Кляшторны.

Вялікі тэрор, які прайшоў у нашай краіне 80 гадоў таму, вырашаў важныя для савецкай улады задачы дзяржаўнага развіцця і кіравання. Найперш, былі ліквідаваныя агмяні любога арганізаванага іншадумства — палітычнага, эканамічнага, культурнага, інтэлектуальнага, нацыянальнага.

Па-другое, пад кантроль спецслужбаў былі ўзятыя ўсе элітныя групы савецкага грамадства і іх найбольш яркія прадстаўнікі. Па-трэцяе, дзяржава паспрабавала, хай і з часовым поспехам, укараніць у свядомасць грамадзян перакананасць у няўхільнасці жорсткага пакарання за парушэнне нормаў і стандартаў, устаноўленых дзяржавай.

Страх перад рэпрэсіямі, і нават магчымасцю быць названым «шкоднікам» або «ворагам народа», зрабіўся асноўным стымулам для эканамічнага і палітычнага развіцця савецкай дзяржаўнай сістэмы. А «даносніцтва», вызначанае як дзяржаўная норма (за неданясенне было прадугледжана крымінальнае пакаранне), стварыла дадатковы механізм кантролю за выкананнем палітычных і эканамічных установак.

Ударная чэкісцкая праца

Варта асабліва адзначыць, што ў выніку Вялікага тэрору быў наладжаны кантроль з боку спецслужбаў за савецкай гаспадарчай і партыйнай бюракратыяй, які пасля тэрору набыў татальны характар: агентурная сетка збірала інфармацыю пра дзеянні ўсіх ланцужкоў дзяржаўнай машыны ад шараговых выканаўцаў да вышэйшага кіраўніцтва.

Злучэнне міліцыі і палітычнага вышуку ў адным ведамстве давала магчымасць сабраць найбольш поўную інфармацыю пра жыццё ўсіх кіруючых работнікаў (паводле так званых наменклатурных спісаў), на кожнага з якіх заводзілася спецыяльная тэчка, якая ўключала любую негатыўную інфармацыю, у тым ліку даносы і матэрыялы іх праверак. Калі прадпрыемства не выконвала план, выпускала няякасную прадукцыю, ці на ім мелі месца выпадкі вытворчага траўматызму, забастоўкі або проста незадаволенасць рабочых, спецорганы абавязкова правяралі, ці не было шкодніцтва з боку кіраўніцтва прадпрыемства і кіраўніцтва галіны, у якую прадпрыемства ўваходзіла. Тэчкі з падшытымі матэрыяламі за некалькі гадоў дазвалялі следчым пры неабходнасці выбудаваць любую версію меркаванага злачынства.

Заўважу, што ў адсутнасць кампутараў збор інфармацыі, яе апрацоўка і афармленне былі досыць працаёмкімі. У тыя часы было папулярна характарызаваць паспяховую працу стаханаўскай, ударнай. Чэкісцкая праца ў БССР была ўдарнай і выконвалася «стаханаўскімі метадамі».

Таццяна Процька, Новы Час

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: