Менгарвыканкам прапанаваў аргкаміту святкавання 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі змяніць пляны на 25 сакавіка: замест ранейшай заяўкі на шэсце, мітынг і канцэрт падаць заяўку на толькі мітынг і канцэрт бяз шэсця, расказаў на Facebook  сябра аргкамітэту, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.

Як растлумачыў Віталь Рымашэўскі Свабодзе, такая прапанова паступіла ў вуснай форме, неафіцыйна. Але аргкамітэт будзе разглядаць прапанову – магчыма, што чальцы пагодзяцца і пададуць новую заяўку з мітынгам і канцэртам або ў парку Янкі Купалы, або каля Опэрнага тэатру.

Рашэнне будзе супольнае, цягам тыдня, — Рымашэўскі

«Я думаю, цягам тыдня ўсе арганізацыі сфармуюць супольнае рашэнне, — кажа Рымашэўскі Свабодзе. — Для нас прынцыпова важна, каб была супольная пазыцыя ўсіх арганізатараў і заяўнікаў акцыі 25 сакавіка. Будзем імкнуцца, каб яно было прынятае кансэнсусна. Хачу нагадаць, што папярэдні фармат узгоднены ўсімі ў аргкамітэце: гэта свята, не пратэставая акцыя.

Мы намагаліся ўсімі магчымымі мэтадамі, каб улады далі адказ раней — у прынцыпе, пакуль папярэдні неафіцыйны адказ ёсць. Прынамсі, яны сказалі, што калі будзе на такі фармат згода, то дазвол дадуць раней.

З майго пункту гледжання, ёсць пытанне даверу да чыноўнікаў Менгарвыканкаму і міліцыі ў тым, ці здольныя яны выконваць абяцанні. Колькі раз мы ўжо пераконваліся, што чыноўнікі могуць падманваць, хлусіць, не кажу ўжо пра дзеянні МУС.

Але будзем прымаць супольнае, узважанае рашэнне. Мы не зацікаўленыя ў канфрантацыі, мы зацікаўленыя ў мірным святкаванні і ў тым, каб свята стала нацыянальным, дзяржаўным беларускім святам, заклікаем беларускія ўлады далучыцца да яго святкавання».

***

Ліст з просьбай аб сустрэчы са старшынём Менгарвыканкаму Андрэем Шорцам, які падпісалі 13 прадстаўнікоў аргкамітэту, быў пададзены ў Менгарвыканкам яшчэ 25 студзеня. У ім прасілі дазволіць на 25 сакавіка ня толькі традыцыйнае шэсце і мітынг (якія дазваляюць не заўсёды, нярэдка брутальна разганяюць), але і канцэрт у цэнтры гораду. Адказаў на звароты пакуль не было.

Летась на заяўку аб акцыі на Дзень Волі адказалі з вялікім спазненнем — у парушэнне законаў не за пяць дзён да акцыі, а ўвечары напярэдадні яе. Пісьмова дазволілі акцыю ў іншым месцы, вусна ж Шорац забараніў любыя акцыі 25 сакавіка. Але за гэткія парушэнні законаў нікога не пакаралі.

«Недазабароненую» акцыю на 25 сакавіка 2017 году жорстка разагналі (спачатку некаторых людзей прапускалі праз турнікеты да Акадэміі навук, потым там і затрымлівалі). Каля сотні затрыманых былі пакараныя штрафамі і адміністрацыйнымі арыштамі.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: