Прадстаўнік прарасейскай арганізацыі «Национально-освободительное движение» (НОД) Раман Рабцаў паведаміў карэспандэнту Свабоды, што Менская эпархія Беларускай праваслаўнай царквы не дазволіла ўдзельнікам аўтапрабегу правесці малебен у адной з цэркваў у Беларусі.

Аўтакалёна актывістаў прарасейскай арганізацыі «Национально-освободительное движение» (НОД) праехала ўвечары 18 верасня праз цэнтар Менску. На машынах былі выявы Ўладзімера Пуціна і Багародзіцы, надпіс «Хрэсны ход. Дзяржаўны пакроў» і «георгіеўскімі» стужкамі.

«Я не зусім разумею, чаму, бо мы два братэрскія народы, вера праваслаўная адна, і маглі б правесці малебен, нічога б не адбылося. Але вырашылі так у Менскай эпархіі, значыць так», — сказаў прадстаўнік НОД Раман Рабцаў.

Старшыня Сынадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускай праваслаўнай царквы протаярэй Сяргей Лепін сказаў карэспандэнту Свабоды, што «ніхто дазволу на гэтае мерапрыемства не даваў».

«Я ўжо казаў раней, што мы пазбягаем тых, хто не прызнае самастойнасць нашай дзяржавы, хто займаецца такой неадназначнай палітычнай дзейнасцю», — адзначыў ён.

«Гэта быў не аўтапрабег»

Ці мелі арганізатары дазвол менскіх уладаў на правядзенне аўтапрабегу У Менгарвыканаме і менскай міліцыі ніяк не пракамэнтавалі акцыю прарасейскай арганізацыі ў цэнтры сталіцы.

«Гэта быў не аўтапрабег. Тут жа калёна не ішла, машыны ехалі самі па сабе. Думаю, гэта не супярэчыць закону. Там была назва аўтамабільнага хрэснага ходу «Крестный ход. Державный покров», «Большая Россия». Таму які дазвол?», — кажа суразмоўца.

Чытайце па тэме:  Губернаторы и деятели культуры: кто просил Путина остаться

Чаму на машынах была выява Ўладзіміра Пуціна, а не, да прыкладу, Аляксандра Лукашэнкі?

«Яны заўсёды былі ў дарозе, часу няма. Увесь жа час ехалі па Расейскай Фэдэрацыі. І, магчыма, у апошні момант вырашылі заехаць у Беларусь. І часу няма, каб азадачыцца тым і наляпіць. Плюс гэта ж яшчэ каштуе грошай. А гэты аўтапрабег ніхто не фінансуе. Таму проста не паспелі. Ну і да таго ж наш прэзыдэнт — Пуцін. І мы за дружбу нашых народаў. І за Лукашэнку, у прынцыпе», — кажа Раман Рабцаў.

«Аднавіць скрэпы нашых братэрскіх народаў»

Паводле прарасейскага актывіста, Менск плянаваўся ў маршруце аўтапрабегу, які стартаваў у чэрвені з Магадану.

«Мэты — гэта ўмацаванне праваслаўнай веры. Аб’яднанне нашых брацкіх народаў, змацаванне дружбы беларускага і расейскага народаў. Гэта дзве асноўныя мэты», — адзначыў ён.

Пры гэтым Рабцаў сказаў, што яго арганізацыя не выступае супраць незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

А ці звязаны аўтапрабег з вучэннямі «Захад 2017»? «Не звязаны. Гэта выпадкова. Проста Багародзіца вядзе, самі здзіўляемся іншы раз».

Раман Рабцаў кажа, што ў Беларусі НОД мае шмат прыхільнікаў.

«Многа тых, хто хацеў быў па-сяброўску жыць. Гісторыя наша агульная і вялікая. І каб сябраваць, я думаю, ёсць багата прыхільнікаў. Мы хацелі аднавіць скрэпы нашых братэрскіх народаў», — сказаў прарасейскі актывіст.


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.