Акцыя ў Аўшвіцы, зладжаная з удзелам беларускіх мастакоў, выклікала гарачыя дыскусіі ў сацыяльных сетках. Больш за год зняволення за палітычны арт-перформанс не знайшоў вялікага абурэння ў грамадстве, аднак цэнтрам увагі сталася забойства авечкі ды месца правядзення акцыі. З іншага боку польскія перформеры ды мастакі цалкам праігнаравалі гэтую падзею. Дык што ж гэта было? І ці можна за гэта караць рэальнымі тэрмінамі?

Фото: pixabay.com

 

Беларуская праўда сабрала меркаванні грамадскіх актывістаў ды прастаўнікоў арт-асяродку Беларусі.

Ілля Сін, перформер, удзельнік арт-суполкі “Экзарцыстычны Gesamtkunstwerk”

Акцыя, якой бы яна ні была з пункту гледжання мастацтва і нават этыкі, стала добрым вопытам дыягностыкі беларускага грамадcтва – прычым акурат той яе часткі, да якой мы прызвычаіліся дапасоўваць нейкія станоўчыя эпітэты кшталту “незалежнае”. Дыягназ, як на мой глузд, проста жахлівы! Гэтыя тоны папраўдзе звярынай агрэсіі, гэтая паталагічная адсутнасць талерантнасці… Урэшце, нават элементарнага чалавечанага спачування!

Так, камусьці даспадобы Шапэн, а камусьці – Герман Нітч. Але гэтыя абставіны не павінны перашкаджаць супольнаму суіснаванню самых розных індывідыўмаў. Мы можам не ўспрымаць пазіцыю іншага, але павінны яе прымаць. Чулі такое слова: “плюральнасць”? Дзіўна, што мне даводзіцца казаць гэта на пачатку ХХІ стагоддзя, ды яшчэ і неаліберальнай аўдыторыі, якая ўсцяж супраць забароны абортаў.

У дадзеным выпадку, я прынцыпова не ацэньваю ані мастацкі, ані этычны складнік акцыі – хаця мае ацэнкі не былі б надта ўхвальнымі. Я ацэньваю толькі грамадскую на яе рэакцыю. Яна падаецца мне цалкам неадэкватнай – як і валюнтарысцкі вырак суда, што карыстаўся эфемернымі і няўцямнымі з пункту гледжання юрыспрудэнцыі катэгорыямі кшталту “апаганванне”.

Але пры гэтым пры ўсім нашая даўно дэфляраваная свядомасць чамусьці дасюль так балюча рэагуе на нейкія сціплыя (прынамсі, параўнальна з рэчаснасцю) мастацкія дэмаршы. І чалавек, які вымушае бедных рыбак біцца ў канвульсіях дзеля рэкрэацыі ды задавальнення эга (у нас гэта называецца “рыбалка”, чулі пра такое?), гатовы раздзерці ў шматкі іншага чалавека , які забівае жывёліну, каб надаць свайму мастацкаму выказванню большую пераканаўчасць.

Можа, мастацтва, як і ўвогуле сфера ідэальнага, успрымаецца ў нас бы штучны зімовы сад, дзе цёпла і прыгожа нават у самую сцюжу? Ну, тады ўдзельнікаў акцыі (як бы я да яе ні адносіўся) варта хіба падзякаваць за тое, што яны зруйнавалі шкляныя сцены гэтай цяпліцы. Шкада толькі, аскепкі балюча ўдарылі па іх саміх.

Чытайце па тэме:  Асуджаны ў Беларусі баявік уцёк назад у «ДНР»

Мікола Дзядок, прадстаўнік анархічнага руху

Канешне, акцыя была зроблена наўмысна правакацыйна і месца было абрана менавіта такое, каб прыцягнуць увагу і пабачыць шалёную рэакцыю пэўных людзей. Я не лічу, што сама прысутнасць нейкіх голых целаў ля Аўшвіца мусіць быць для кагосьці абразлівай ці апаганьвае штосьці, зневажае памяць загінулых там. Што да ахвярапрынашэння – я не ўхваляю гэты крок і лічу, што можна было абысціся без гэтага, зрабіць акцыю больш сімвалічнай і без забойства.

Рашэнне суда – не адэкватнае і не справедлівае. Яго ўвогуле не мусіла быць, бо гэта была палітычная акцыя і арт-пермофанс. І я разглядаю судовы працэс як сур´ёзнае абмежаванне свабоды слова, а судовае пакаранне за такую акцыю – як зневажальнае да базавых правоў чалавека.

Рэакцыя многіх людзей на гэты перформанс мне вельмі не спадабалася; калі на перфомераў накінуліся ў сацсетках, пачалі асуджаць, казаць, як дрэнна яны гэта усё зрабілі. Канешне, гэта кажа аб тым, што наша грамадства яшчэ не саспела да разумення да таго, што людзі могуць па-рознаму праяўляць сваю палітычную пазіцыю. Нажаль, людзі ў нашай краіне вельмі кансерватыўныя ды займаюцца самацэнзурай і самаабмежаваннем выяўлення сваёй палітычнай пазіцыі. Рэакцыя ў сацсетках гэта цалкам адлюстроўвае, і я лічу, што людзі павінны самі выбіраць, якім чынам выказваць сваю пазіцыю, пратэставаць, а не заціскацца ў кімьсці прыдуманныя рамкі.

Алесь Плотка, паэт

Для мяне Аўшвіц – месца цішы, але мастацтва і закон – гэта паралельныя сусветы. Па каментарах можна канстатаваць трывожны стан і беларускага, і польскага грамадстваў. Па справе Pussy Riot шмат хто ў Беларусі не адмовіў сабе ў асалодзе пацешыцца з таго, якія ж дзікуны жывуць на ўсход ад нашай краіны. Але калі справа кранулася нас, натоўп ізноў захацеў укрыжаваць кагосці. Знаёмая гісторыя, так? Пакуль частка знаёмых прыдумвае слова ‘праваслаўнуты’ пра каталікоў, я думаю пасля гэтага, дзе мяжа дэгуманізацыі людзьмі адно аднаго, і як яе правесці. Як стварыць імператыў недатыкальнасці чужога меркавання і механізм кантроля за законам (бо, безумоўна, забойца жывёлы мае быць пакараны, але паводле закону, а не ўяўленняў пра добрае і дрэннае). Як абараніць беларускую меньшасць Польшчы цяпер ад пісаўскага ўраду, які і так-то, мякка кажучы, слаба падтрымлівае этнічныя групы, а цяпер атрымаў шалёны папулісцкі козыр і на беларусаў. Мы ўсе сёння – статак для вялікага Курбан-Байрама, але немагчымасць уздзеяння на пастухоў правакуе у статку шаленства.

Фото Love Macht Frei

 

Чытайце па тэме:  В Конго сбит вертолет Ми-24 с беларуским экипажем

Хрысціна Чарняўская, эка-актывістка

Правесці антываенную акцыю – ідэя добрая і даволі своечасовая. Бо ствараецца ўражанне, што свет хутка захлібнецца ў ваенных канфліктах. Аднак выбраны фармат, мне падаецца не зусім ўдалым, таму ўдзельнікі павінны былі разумець, што чакае іх пасля.

Не магу адназначна сказаць, што я на 100% адабраю само месца — Аўшвіц. Вядома, што любая акцыя, якая выходзіць па-за традыцыйнае чалавечае ўспрыманне такіх мемарыяльных месцаў, будзе ўспрымацца людзьмі ў штыкі і негатыўна. На маю думку, такі перфоманс (з распрананнем і маніфестам) можна было правесці ў любым іншым публічным месцы і ён меў бы не меншы рэзананс, але ўжо з іншым адценнем. Хаця паўтаруся, пасыл, які ўклалі удзельнікі ў сваю акцыю, што маўляў, чалавецтва не выносіць урокаў са сваёй гісторыі – я ўхваляю. Ні ў якім разе не магу падтрымаць забойства авечкі, я не прымаю такіх нявінных ахвяр, як і тысячы тых, што гінуць штодня. Што тычыцца пакарання – не думаю, што рэальны турэмны тэрмін так быў неабходны.

А вось рэакцыя людзей падаецца цалкам прадказальнай. Людзі не прымаюць паказальнае публічнае забойства, але не думаюць, што тысячы жывёлаў утрымліваюцца штодня ў жахлівых умовах, тысячы забіваюць не самым лайтовым і гуманным спосабам. Але гэта схавана ад нашых вачэй, таму і ўспрымаецца як цалкам нармальная сітуацыя.

Іван Шыла, журналіст

Я спектычна стаўлюся да канцэпцыі «святых мясцінаў» і катэгорыі знявагі пачуццяў. Таксама я не стаўлюся дрэнна да голых людзей, нават у самых публічных месцах. Я не зразумеў гэтай акцыі, але маё неразуменне не азначае асуджэнне гэтай акцыі і як канцэпцыі.

Я асуджаю забойства жывёлы. Так, я ем мяса, але не трэба апеляваць да масавых забойстваў жывёлаў.

Ці можна перашкаджаць іншым людзям у час акцый? Так. Зневажаць іх пачуцці? Бясспрэчна. Забіваць жывёлаў? Не, гэта дрэнна. Жорсткія законы за дрэннае абыходжанне з жывёламі? Так, гэта правільна. За гэта і павінны судзіць.

Што тычыцца рэакцыі людзей, то, напэўна, смелыя акцыі і робяцца для такой рэакцыі. Але з піярам трэба было працаваць лепей – рэакцый усё адно мала.

Таня Арцімовіч, арт-крытык, рэдактарка медыя праекта pARTisan

Некаторыя пішуць, што гэта акцыя няўдалая і немастацкая. Але што значыць мастацкая акцыя? Увогуле, на маю думку, спасылка на мастацкасць сёння выглядае архаічнай. З майго пункту гледжання, акцыя «паспяховая» хоць бы таму, што яны трапілі пад суд. Непаспяховай яна была б, калі б ніхто не заўважыў.

Чытайце па тэме:  Лунинецкий суд приговорил бывшего милиционера к 5 годам лишения свободы

Фактычна ўсе з тых, хто дыскутаваў з прычыны гэтай акцыі, выступаюць супраць такога прысуду. Але абурэнне грамадства вызвала тое ж самае, за што хлопцаў і дзяўчат асудзілі — святасць месца, дзе акцыя адбылася, і забойства жывёлы.

Я выступаю на баку тых, хто не разумее гэтага абурэння ў кантэксце таго, што кожны дзень на нашых сталах ёсць мяса, мы карыстаемся касметыкай, носім вопратку са скуры. Для мяне з’яўляецца большым цынізмам заплюшчваць вочы на ўскоснае забойства, удзельнікамі ягога мы з’яўляемся штодня. Сама я, як удзельніца мастацкага поля, не пагаджаюся з тым, што мастацтву ўсё дазволена, і для мяне межы і жыццё іншага застаюцца прыярытэтнымі. Але я не магу асуджаць тых, хто гэта робіць, хаця б таму, што кожны з нас не сваімі рукамі робіць гэта кожны дзень. Звычайныя грамадзяне тым, што ўдзельнічаюць у гэтай індустрыі. Палітыкі — тым, што развязваюць яшчэ больш крывавыя бойкі ў розных кропках свету, дзе гаворка ідзе ўжо пра жыццё чалавека.
Наконт прысуду, на мой погляд, ён не адэкватны. Хоць адзначу, што мяжа паміж этыкай і эстэтыкай для мяне вельмі празрыстая. З аднаго боку, я не лічу, што мастацтву ўсё дазволена, з іншага, не згодная, калі мастацтва судзяць у сацыяльных катэгорыях. Але гэтая адкрытая дыскусія.

Аліна Нагорная, грамадскі рух “Дзея”

Заўсёды каштоўна, калi людзi маюць намер зрабiць нешта важнае для грамадства. Але не кожны намер можа даць добры вынiк. Калi казаць пра перформанс у Аўшвiцы, то па-першае – навошта забiваць, калi ёсць iдэя паказаць ахвяру – можна зрабiць яе з тканiны, пераапрануцца самiм, прыдумаць iншы сродак.

Забiваць, тым больш на месцы забойстваў – так сабе выглядае.

Па-другое, там не было адзiнага выразнага зразумелага мэсэджу. Плакат, адсутнасць вопраткi i iншыя рэчы маглi б паасобку стаць сваесаблiвым перформансам. Але усё разам проста змяшалася ў незразумелы малюнак. Але, усё роўна, лiчу, што пакаранне занадта суровае. Нельга даваць такiя тэрмiны за выказванне меркавання, няхай i такiм чынам. Лiчу, што варта абмежавацца штрафам i пазбаўленнем магчымасцi заводзiць жывёлаў.

Ганна Дусь,

Аляксандр Лібертад,

Беларуская праўда

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: