ГУУС Менгарвыканкаму апублікавала на сваім сайце паведамленне пра агляд падчас менскага «Свята незалежнасці» 25 сакавіка — мітынг-канцэрт у гонар 100-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Міліцыя на Дні Волі ў Менску, 25 сакавіка 2013 году

 

Міліцыя папярэджвае, што, згодна з арт. 11 закону «Аб масавых мерапрыемствах», на тэрыторыі свята будзе праводзіцца агляд грамадзянаў і рэчаў пры іх «з дапамогай тэхнічных і спэцыяльных сродкаў».

«У выпадку адмовы грамадзяніна ад асабістага агляду альбо ад агляду наяўных пры ім рэчаў ён не дапускаецца ў месца правядзення масавага мерапрыемства», — дадае міліцыя.

Раней арганізатары канцэрту казалі, што агляд быў абавязковай умовай Менгарвыканкаму. Паслугі аховы свята, як і паслугі мэдыкаў і прыборку тэрыторыі, аплочвае горад.

Дазволеныя ўладамі мерапрыемствы з нагоды 100-годдзя БНР

 

«Прагучала, што калі акцыя пойдзе не паводле заплянаванага сцэнара, то ў гарадзкой міліцыі будзе дастаткова сілаў і сродкаў, каб яго спыніць, — казаў пасля адной з сустрэчаў з міліцыяй чалец аргкамітэту #БНР100 Юрась Губарэвіч. — Але што мелася на ўвазе пад „незаплянаваным сцэнаром“, не тлумачылася».

Тым, хто ідзе не на свята, а ў Опэрны тэатар (там будзе «Лебядзінае возера»), міліцыя рэкамэндуе праходзіць праз вуліцу Алаізы Пашкевіч і мець пры сабе квіткі.

***

2 сакавіка гарадзкія ўлады Менску далі дазвол на канцэрт і мітынг каля Опэрнага тэатру 25 сакавіка. На канцэрт і мітынг вядзецца народны збор грошай: на Talaka.by ужо сабралі больш за 94% неабходнай сумы, збіраюць сродкі і іншымі шляхамі. Бел-чырвона-белыя сцягі дазволеныя. Надвор’е можа быць халодным, але арганізатары да гэтага гатовыя.

У рэгіёнах святкаванне стагоддзя БНР дазволілі пакуль у Берасці, Горадні і Лідзе. Гарвыканкамы ў Берасці, Менску, Горадні ўзялі на сябе арганізацыю аховы, мэдычнага абслугоўвання і працы камунальных службаў. Сябры руху «За свабоду» чакаюць адказу на заяўкі ад уладаў Віцебску і Магілёва. Шэраг мерапрыемстваў заплянаваны за мяжой.

Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: