Суд Чыгуначнага раёна Гомля вынес прысуд у дачыненні былога начальніка Веткаўскага РАУС падпалкоўніка міліцыі Уладзіслава Антоненкі. Паводле часткі 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса ён прызнаны вінаватым у хуліганстве і аштрафаваны за збіццё падлетка Вадзіма Шрэмава на 30 базавых велічыняў, што складае 690 рублёў, паведамляе Радыё Свабода.

Вадзім Шрэмаў (пацярпелы) і Уладзіслаў Антоненка ў судзе

 

«Дзякуй богу, усё скончылася, — уздыхае Людміла Шрэмава, маці Вадзіма, якому яшчэ не споўнілася і шаснаццаці. — Мы столькі перажылі, перацярпелі, што не перадаць. Маральнай кампенсацыі не патрабавалі».

«Справа мае вялікі розгалас»

Дзяржаўны абвінаваўца, намеснік гарадскога пракурора Аляксей Гаўрыкаў зрабіў выснову, што дзеянні Антоненкі следствам кваліфікаваныя правільна паводле часткі 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса — хуліганства. Артыкул прадугледжвае разнастайныя пакаранні — грамадскія працы, штраф, папраўчыя працы да 2 гадоў, арышт, абмежаванне волі да 2 гадоў альбо пазбаўленне волі да 3 гадоў.

«Справа мае вялікі грамадскі розгалас, увагу з боку прэсы. Найперш з прычыны пасады, якую займаў Антоненка на момант учынення злачынства. Але гэта не пасада ўчыняла злачынства, а грамадзянін. Такія злачынствы, на жаль, наш суд разглядае сістэматычна».

Уладзіслаў Антоненка ў судовай зале

 

Намеснік пракурора папрасіў прызначыць былому начальніку РАУС пакаранне штрафам у 40 базавых велічыняў. Меркаваў, што трэба ўлічыць шчырае раскайванне Антоненкі, ягоную негатыўную ацэнку свайго ўчынку, адсутнасць засуднасці і нават адміністрацыйнага пакарання, а таксама наяўнасць дваіх непаўналетніх дзяцей. Абцяжлівыя абставіны — нецвярозы стан, але, як лічыць дзяржаўны абвінаваўца, ёсць дараванне пацярпелага і яго маці, «віна перад імі загладжаная».

Ані слова ў абарону

Сам Уладзіслаў Антоненка заявіў, што яму няма чаго сказаць у сваю абарону. Ён яшчэ раз выбачыўся за хуліганства перад пацярпелым падлеткам і ягонай маці, а таксама перад УУС Гомельскага аблвыканкама. На першым паседжанні суда прызнаў, што «цалкам вінаваты, а ўчынак ганебны».

Інцыдэнт з удзелам начальніка міліцыі адбыўся сёлета 25 красавіка. Позна ўвечары нападпітку Уладзіслаў Антоненка выгульваў сабаку-баксёра разам з супрацоўніцай міліцыі Галінай Кавалёвай. Сабака кінуўся пад ногі маладой пары. Мясцовы жыхар Уладзімер Сідараў зрабіў заўвагу, што сабака без намызніка. П’янаму начальніку міліцыі і ягонай спадарожніцы заўвага не спадабалася. Антоненка з кулакамі кінуўся разбірацца з тым, хто насмеліўся нешта пярэчыць яму, начальніку міліцыі. Пераблытаў, напаў на падлетка Вадзіма Шрэмава, які таксама ішоў па вуліцы з дзяўчынай.

Нецэнзурная лаянка — царыца абвінавачвання

Напачатку інцыдэнт падаваўся як у выпадках з прадстаўнікамі апазіцыі, якіх міліцыя хоча прэвентыўна ізаляваць. Маўляў, Антоненка ішоў паўз краму «Еўраопт», за ім Кавалёва з сабакам. Каля крамы хлопец «нецэнзурна лаяўся» — нібыта высвятляў з дзяўчынай адносіны. Антоненка зрабіў яму заўвагу, але той не адрэагававаў. Начальнік міліцыі падышоў бліжэй, папрасіў супакоіцца. У гэты час падбег Уладзімер Сідараў і стукнуў начальніка міліцыі ў твар — той упаў. Кавалёва адцягнула Сідарава і патэлефанавала ў міліцыю.

«Я разлічваў, што крымінальная справа будзе спынена. Думаў, што застануся на працы ў міліцыі», — тлумачыў у судзе Уладзіслаў Антоненка свае пачатныя паказанні раённаму следчаму.

Паставіў усё на месца следчы з Гомеля, які стаў разбіраць хуліганства ў Ветцы з удзелам начальніка міліцыі.

Беларускі парадак

Выпадак у Ветцы — не першы, калі службоўцы без дай прычыны ўчыняюць гвалт над шараговымі грамадзянамі. На Берасцейшчыне міліцыянт пабіў 9-гадовага хлопчыка, за што яго ўрэшце звольнілі. Праўда, міліцыянтава жонка наважылася праз суд спагнаць з маці пабітага хлопчыка 500 долараў маральнай шкоды, паверыўшы ў бязгрэшнасць мужа пры пагонах.

З незалежных медыяў вядома, што міліцыянты беспрычынна збіваюць апазіцыянераў. Набыткам галоснасці робіцца жорсткасць ахоўнікаў у метро, на пляжы, нават у судзе. П’яныя міліцыянты нярэдка сядаюць за стырно і ўчыняюць дарожныя аварыі са смяротным зыходам.

Мікалай Казлоў

 

Сябра АГП, адстаўны падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў лічыць, што гэта вынік атмасферы беспакаранасці, якая пануе ў міліцэйскім асяродку.

«Усё пачынаецца з малога, — кажа Казлоў. — Атрымалі карт-бланш на збіццё і пасадкі апазіцыянераў. Гэта як сігнал ад уладных вярхоў. Далей метады гвалту і бязмежжа пакрысе пераносяцца на астатніх грамадзянаў, якіх паводле закону яны абавязаныя бараніць. Такая логіка развіцця беспакаранасці. Спачатку выключэнне, а пасля выключэнне становіцца правілам. Бо міліцыянт пачынае лічыць, што ён — „гаспадар жыцця“: у яго паўнамоцтвы, ён пры зброі, за яго пракуратура і суды. І калі ў міліцыю набіраюць людзей не асабліва падрыхтаваных, „кручаных“ — усё гэта і вылазіць, як шыла з меху».

На думку Мікалая Казлова, атмасфера ў кожнай міліцэйскай структуры шмат у чым залежыць ад начальніка. Службоўцы з ліку падначаленых разважаюць: «Ага, ён робіць гэтак — і стаў начальнікам! Дык і мне трэба раўняцца, каб падняцца хоць на прыступку вышэй».

«І калі ў звычайнай побытавай сітуацыі чалавек, які мае пагоны, кідаецца ў бойку, значыць, гэта для яго звыклая справа, руціна — ён вышэйшы за закон. У такога службоўца бракуе ўнутраных механізмаў стрымання. Дзіўлюся, як наагул у такіх сітуацыях даводзяць начальнікаў да суду. Гэта альбо сведкаў было шмат, альбо меліся нейкія іншыя неабвержныя доказы злачынства», —лічыць былы міліцыянт Казлоў.

Відэакамера як сродак галоснасці

Момант хуліганства начальніка Веткаўскага РАУС зафіксавала камера вонкавага назірання. Ніхто на яго не нападаў, не штурхаў, як спрабаваў тлумачыць у судзе сам Антоненка. Меў месца п’яны начальніцкі кураж.

Уладзіславу Антоненку няма яшчэ і 40. Скончыў Акадэмію МУС. Службу пачынаў у Гомельскім СІЗА, пасля прасоўваўся па кар’ернай лесвіцы ў Веткаўскім РАУС — ад афіцэра інспекцыі ў справах непаўналетніх да начальніка аддзелу. Красавіцкае здарэнне з удзелам Антоненкі ў цэнтры Веткі расследавалі супрацоўнікі УСК Гомельскай вобласці. Падпалкоўніка міліцыі звольнілі са службы за парушэнне правілаў прафесійнай этыкі.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...