Прадстаўнік расейскай кампаніі «Пиро-Росс» (двух супрацоўнікаў якой затрымалі ў Беларусі пасьля здарэньняў з фаервэркамі 3 ліпеня, калі загінула жанчына, а яшчэ 10 чалавек былі параненыя) сьцьвярджае ў камэнтары Antijournalist.by, што Міністэрства абароны Беларусі адмовілася ад тэхнічнага абслугоўваньня пускавых установак, пашкоджаных 3 ліпеня, паведамляе Радыё Свабода.

Андрэй Інкін, як сьцьвярджаецца на Antijournalist.by, быў канструктарам тых самаходных пускавых установак 2А85, што выкарыстоўвалі ў Менску 3 ліпеня. Ён мусіў быць у Менску ў гэты дзень, каб кантраляваць сцэнар салюту, але ня змог гэта зрабіць, бо хварэў.

Інкін кажа, што зараджаньнем салютных установак займаліся не прадстаўнікі «Пиро-Росс», а беларускія вайскоўцы. Прадстаўнікі ж кампаніі павінны былі б ліквідаваць дробныя няспраўнасьці, калі б вайскоўцы іх заўважылі. Асноўнай задачай тых прадстаўнікоў было ўзгадніць сцэнар салюту. Зь беларускага боку, сьцьвярджае Інкін, не было чалавека, адказнага за тэхнічны стан установак, хоць у Расеі такія спэцыялісты ёсьць.

Таксама прадстаўнік «Пиро-Росс» заявіў, што 10-гадовы гарантыйны тэрмін эксплюатацыі гэтых салютных установак скончыўся ў 2018 годзе, а Міністэрства абароны Беларусі адмовілася ад іх тэхнічнага абслугоўваньня ці капітальнага рамонту ў расейскай кампаніі.

Ён мяркуе, што вайскоўцы маглі самі праводзіць тэхнічнае абслугоўваньне, бо, магчыма, ня мелі сродкаў на капрамонт у Расеі. Інкін падкрэсьлівае: заканчэньне гэтага тэрміну ня значыць, што ўстаноўкамі немагчыма карыстацца далей, а значыць толькі, што трэба правесьці іх абслугоўваньне ў заводзкіх умовах.

Прэс-сакратар Міністэрства абароны Ўладзімер Макараў сказаў карэспандэнту Свабоды, што «паколькі па ўсіх гэтых пытаньнях разьбіраецца сьледзтва, усе пытаньні — да Сьледчага камітэту». Атрымаць апэратыўны камэнтар Сьледчага камітэту наконт гэтых заяваў Свабодзе не ўдалося.

Сьледчы камітэт мае галоўнае пытаньне да снарадаў, а не да пускавых установак

Старшыня Сьледчага камітэту Беларусі Іван Наскевіч расказаў 11 ліпеня пра расьсьледаваньне здарэньня.

Як перадае БелТА, абвінавачаньне двум затрыманым грамадзянам Расеі пакуль ня выставілі. Іх трымаюць пад вартай у сьледчым ізалятары № 1 гораду Менску. Сьледчыя падазраюць, што супрацоўнікі кампаніі «Пиро-Росс» зьвязаныя з пастаўкай няякаснай піратэхнікі. Затрыманыя даюць паказаньні.

Абвінавачаньне ім зьбіраюцца выставіць, кажа Наскевіч. На гэта ёсьць 10 дзён з моманту затрыманьня.

Сьледчыя па-ранейшаму разглядаюць чатыры вэрсіі прычынаў здарэньня, але Наскевіч адзначае, што «самая відавочная» вэрсія «ўжо знаходзіць пацьверджаньні»: зарады салютных гарматаў былі няякасныя.

«Цяпер пытаньне іншае: яны першапачаткова былі неналежнай якасьці альбо такімі сталі — гэта самы актуальны прадмет расьсьледаваньня», — сказаў ён.

Прадстаўнік жа «Пиро-Росс» сьцьвярджаў, што 5-гадовы гарантыйны тэрмін на зарады яшчэ ня скончыўся: асноўную іх частку вырабілі ў 2017 годзе, а некаторыя зарады 105 мм — сёлета.

Трагедыя падчас салюту 3 ліпеня. Што здарылася

Падчас салюту на афіцыйны Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня ў Менску адбыліся 4 выбухі снарадаў для фаервэрку.

Ад раненьня аскепкамі загінула жанчына. Пацярпелі яшчэ 10 чалавек. Салютныя ўстаноўкі разбураныя.

Ад месца запуску салютаў у парку Перамогі да месца, дзе была сьмяротна параненая жанчына, было больш за 500 мэтраў. Шыбы ў дамах на вуліцы Чарвякова аскепкі разьбілі на адлегласьці больш як кілямэтар.

Збоі пры запусках салютаў адбыліся таксама на пляцоўках ў Чыжоўцы і ва Ўруччы. Паводле відавочцаў, снарады разарваліся нізка над зямлёй.

СК пачаў крымінальную справу за парушэньне правілаў абыходжаньня з рэчывамі і прадметамі, якія маюць павышаную небясьпеку для навакольных. Паводле ч. 2 арт. 463 Крымінальнага кодэксу пагражае да 5 гадоў турмы.

4 ліпеня ў Менску затрымалі падазраваных у выбуху, гэта прадстаўнікі фірмы — пастаўшчыка фаервэркаў.

Напярэдадні трагедыі вайскоўцы паведамлялі, што падчас салюту 3 ліпеня будуць выкарыстоўваць новыя фаервэркі, аднак пасьля здарэньня Мінабароны паведаміла уначы, што «зарады гэтай партыі ўжо ўжываліся для салютаў».

Зарады, якія выкарыстоўвалі падчас салюту 3 ліпеня, зроблены ў Расеі. Мінабароны Беларусі выказала меркаваньне, што прычынай выбухаў сталі няякасныя зарады калібру 195 мм (аднаго з пяці ўжытых).
Дзяржаўныя СМІ не сьпяшаліся паведамляць пра трагічнае здарэньне падчас сьвяточнага салюту ў гонар афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. А Беларуская тэлевізія ўвогуле праігнаравала яго.

Гэта ня першая трагедыя падчас сьвяткаваньня афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. У 2008 годзе ў Менску падчас сьвяткаваньняў адбыўся выбух. Пацярпелі каля 50 чалавек. Выбухнула самаробная выбуховая прылада, начыненая мэталічнымі гайкамі і цьвікамі. Вінаватым у выбуху прызналі Дзьмітрыя Канавалава, у 2011 годзе яму прысудзілі сьмяротнае пакараньне падчас працэсу аб тэракце ў менскім мэтро.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...