Новы міністар лясной гаспадаркі Беларусі Віталь Дрожжа выдаліў старонку «ЎКантакце», дзе публікаваў свае фота са зброяй і забітымі жывёламі. Як да гэтых фотаздымкаў паставіліся ў Міністэрстве прыродных рэсурсаў, якое адказвае за «адзіную дзяржаўную палітыку ў галіне аховы навакольнага асяроддзя»?

Міністар лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа з паляўнічымі трафэямі. Скрыншоты фота з выдаленай старонкі «ЎКантакце»

 

Прэс-сакратар Міністэрства прыродных рэсурсаў Алена Меляшкова сказала карэспандэнту Свабоды, што бачыла фотаздымкі новага міністра лясной гаспадаркі з паляўнічымі трафэямі.

«Наш міністар прыродных рэсурсаў Андрэй Худык такіх здымкаў ня мае ў сацыяльных сетках. Для нас гэта таксама цікава, і тут самае галоўнае, каб было захавана прыродаахоўнае заканадаўства. А паляванне ў Рэспубліцы Беларусь не забаронена, а міністры таксама людзі», — сказала прадстаўніца Мінпрыроды.

Ці займаецца паляваннем міністар Худык? Паводле Алены Меляшковай, «ён пра гэта не кажа і ня згадвае».

«Згадаўшы за паўгады ягоныя выступы, размовы са СМІ, з работнікамі ведамства, міністар такую інфармацыю не даваў. Мы не прапагандуем паляванне як від нейкага хобі. Але чалавек мусіць сам вырашаць чым займацца», — адзначыла яна.

Ці не парушыў «лясны» міністар заканадаўства?

Ці магло мець месца парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства, мяркуючы па фотаздымках міністра лясной гаспадаркі Віталя Дрожжы?

«Чырвонакніжнікаў на здымках не было, гэта адназначна, — адказала прадстаўніца мінпрыроды.— Таксама не было звяроў, якія ахоўваюцца міжнароднай супольнасцю. Лясная гаспадарка ажыццяўляе паляўнічую дзейнасць. Наогул, у нас дзяржаўная інспэкцыя аховы жывёльнага і расліннага свету кантралюе ў тым ліку пытанні абыходжання з дзікімі жывёламі, пытанні палявання. Але візуальна парушэнняў няма».

Прэс-сакратарка міністэрства лясной гаспадаркі Анастасся Дакучаева сказала карэспандэнту Свабоды, што высветліць у міністра Віталя Дрожжы, чаму ён выдаліў свае здымкі з сацыяльных сетак з паляўнічымі трафэямі.

Аляксандар Лукашэнка 5 красавіка прызначыў новага міністра лясной гаспадаркі Беларусі — Віталя Дрожжу. Пасля прызначэння міністар выдаліў сваю старонку «ЎКантакце», дзе публікаваў свае фоты са зброяй і целамі забітых жывёлаў.

Копія старонкі са здымкамі засталася на сайце archive.is. На момант публікацыі міністар мае старонку ў «Аднаклясніках», дзе ў публічным доступе размешчаны ягоны здымак з забітым дзіком.

Віталь Дрожжа нарадзіўся ў Карэлічах Гарадзенскай вобласці ў 1978 годзе, адвучыўся ў БДТУ і Акадэміі кіравання. Ад 2013 году працаваў генэральным дырэктарам Нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры», да таго — служыў у міліцыі, кіраваў лясніцтвам на Лагойшчыне, быў галоўным інспэктарам-рэвізорам у Мінлясгасе, кіраваў Бабруйскай лясной гаспадаркай.

Лукашэнка загадаў новаму міністру «навесці парадак у лесе, каб за хабар леснікі і ляснічыя не сплаўлялі лес», які затым нібыта «за цэнты трапляе на Захад», а таксама аднаўляць высечаныя лясы.

Алесь Дашчынскі, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: