Украінскі грамадзянін Павал Грыб, які ў верасні таямніча знік у Гомлі, а знайшоўся ў СІЗА ФСБ Расеі ў Краснадары, чакае чарговага суду аб падаўжэнні тэрміну арышту.

Сваякі зняволеных у Расеі ўкраінцаў просяць прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнку аб асабістай сустрэчы і дапамозе ў іх вызваленні. На сёння праваабаронцы кажуць пра больш як 60 грамадзян Украіны, якія ўтрымліваюцца ў расейскіх следчых ізалятарах паводле падазрэнняў і абвінавачанняў у тэрарыстычнай дзейнасці або ў замаху на тэрытарыяльную цэласнасць Расеі.

Украінскі бок перакананы, што ўсе затрыманыя — палітычныя вязні Расеі. Але афіцыйнай пляцоўкі для перамоваў аб іх вызваленні пакуль няма. Невядомая і дакладная колькасць арыштаваных у Расеі.

«Мы атрымліваем супярэчлівую інфармацыю наконт працэсу вызвалення закладнікаў, якія знаходзяцца ў Расеі і акупаваным Крыме. Мы дакладна не разумеем, ці ўключаныя нашы сваякі ў спісы на абмен і ці ёсць пэрспэктыва ім трапіць у гэты пералік. І таму мы ў адчаі», — сказаў сёння на брыфінгу Ігар Грыб, бацька Паўла Грыба, які сёлета ў жніўні знік на тэрыторыі Беларусі і ўжо чатыры месяцы знаходзіцца ў следчым ізалятары ў Краснадары.

Паводле расейскага следзтва, украінец Паўло Грыб нібыта плянаваў падарваць бомбу на школьнай лінейцы ў Сочы. Ягоны бацька перакананы, што сына з тэрыторыі Беларусі выкралі супрацоўнікі ФСБ Расеі.

Як сказаў Свабодзе Ігар Грыб, беларуская міліцыя праводзіла праверку, але канчатковых адказаў пакуль няма:

— Беларускі бок так і ня даў канчатковага адказу наконт абставінаў знікнення Паўла і як гэта адбывалася. Пакуль ёсць такі адказ, што беларускі бок нічога ня ведаў і ня бачыў. 19 снежня мае адбыцца (у Расеі. — РС) чарговае паседжанне суду, на якім будзе разглядацца пытанне аб падаўжэнні для Паўла меры стрымання. Але надзеі, што меру стрымання зменяць, няма.

— Вы маеце магчымасьць наведваць судовыя паседжаньні ці сустракацца з Паўлам?

— Я не магу, а на мінулае паседжанне ездзіла жонка. Ёй не дазволілі тады сустрэчу. Ні лістоў пісаць Паўлу, ні спаткання не даюць. Можа, хоць бы на паседжанні 19 снежня маці зможа яго ўбачыць. За ўвесь гэты час — ніводнай вестачкі. Яго трымаюць там у поўнай ізаляцыі. Таксама нічога невядома пра ўмовы ўтрымання. Нават падчас сустрэчы з консуламі ўмовы ўтрымання забараняецца абмяркоўваць.

— Як часта з Паўлам сустракаюцца ўкраінскія дыпляматы?

— Консулы бачыліся, але апошняя сустрэча трывала ўсяго 7 хвілін. Яе спынілі прадстаўнікі адміністрацыі следчага ізалятара з тае прычыны, што яны размаўлялі па-ўкраінску. Хоць гэта дазваляе расейскае заканадаўства. Прадстаўнікі консульства прыйшлі на гэтую, ужо трэцюю, сустрэчу з адпаведнымі дакумэнтамі, але прадстаўнік адміністрацыі ізалятара сказаў, што гэта яму ня ўказ, забараніў і перапыніў сустрэчу. Мы спрабавалі перадаваць перадачы, але што туды дайшло, ня ведаем.

— Што вам вядома пра стан здароўя Паўла?

— Мы нічога ня ведаем пра рэальны стан яго здароўя. Групу мэдыкаў, што была накіравана ў адпаведнасці з лістом Эўрапейскага суду па правах чалавека, не дапусцілі, каб аказаць дапамогу. А гэта былі лекары, якія ведаюць ягоныя захворванні. Таму і рэальнага стану здароўя мы ня ведаем, на жаль. Тое, што ў следчым ізалятары ён не прымае лекаў, выклікае занепакоенасць, таму што гэтая хвароба можа даць нэгатыўныя наступствы ў любы момант.

МУС Беларусі: праверка па скарзе Ігара Грыба прыпыненая

Прэсавы сакратар МУС Беларусі Канстанцін Шалькевіч сказаў Свабодзе, што праверку па заяве бацькі Паўла Грыба вядзе ўпраўленне ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкаму:

«У межах праверкі накіраваныя запыты ў органы ўнутраных спраў Расейскай Фэдэрацыі. Цяпер да атрымання адказаў праверка прыпыненая, канчатковае рашэнне па ёй не прынята».

Алена Літвінава, Алег Грузьдзіловіч, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: