У Судане пасля чатырохмесячнага процістаяння з народ рухнуў рэжым аль-Башыра, якія кіраваў краінай 30 год. Ці стане ваенны пераварот пачаткам дэмакратычных працэсаў, ці сістэма ахвяравала дыктатарам, каб выратаваць сябе?

Яшчэ 10 снежня 2018 года ў Мінску Лукашэнка сустракаўся  з прэзідэнтам Судана Амарам Хасанам Ахмедам аль-Башырам. Хто б мог падумаць, што роўна праз чатыры месяцы суданскага дыктатара адхіляць ад улады і возьмуць пад хатні арышт?

 

11 красавіка бясслаўна завяршылася 30-гадовае праўленне дыктатара Амара Хасана Ахмеда аль-Башыра, які адхілены ад улады і ўзяты пад хатні арышт. Стане Судан на шлях дэмакратычнага развіцця ці старога дыктатара заменіць новы?

На пытанні Беларускай праўды адказаў эксперт па нееўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін.

-Процістаянне грамадзян і рэжыму аль-Башыра цягнулася яшчэ з 19 снежня мінулага года. Аналагічная барацьба ў Венесуэле цягнулася ўвесь 2017 год, з крывавымі суткненнямі на вуліцах, у часе якіх загінулі больш за сотню чалавек. У Судане за час процістаяння загінула, па розных ацэнках, ад 46 да 100 чалавек. Але, як правіла, трываласць рэжыму залежыць ад рэсурсу (фінансавага, вайсковага, псіхалагічнага). У суданскіх вайскоўцаў рэсурсаў хапіла на некалькі месяцаў, пасля чаго яны вырашылі адступіць ад аль-Башыра і перайсці на бок народу.

Пратэсты, арганізаваныя палітызаванымі прафсаюзамі, пачаліся з рэгіёнаў, дзе народ паўстаў супраць рэзкага росту цэнаў на хлеб, пасля перакінуліся і на сталіцу. Пасля чатырох месяцаў пратэсту ўсё завяршылася вайсковым перараротам.

Спецслужбы спынілі выкарыстанне сілы супраць пратэстанцаў ці вечарам ў аўторак, ці раніцай у сераду. У Судане пратэсты прывялі да таго, што аль-Башыр, які кіраваў краінай 30 гадоў адхілены ад улады і арыштаваны.

-Якія перспектывы вымалёўваюцца перад краінай?

-Што далей – вялікае пытанне. Персаналісцкая дыктатура аль-Башыра, якая замыкалася на персоне прэзідэнта, усё роўна не магла існаваць без сістэмы, якая на яго працавала. Існуюць розныя версіі таго, што адбылося: альбо сістэма ахвяравала аль-Башырам, каб захаваць сябе, альбо краіна рухаецца да сапраўдных пераменаў. Судан знаходзіцца ў вельмі складаным стане (у эканамічным, сацыяльным, палітычным) і мае патрэбу ў сур’ёзных палітычных пераменах, бо 30-гадовая дыктатура аль-Башыра прывяла краіну ў крызісны стан. У Судане праблемы не толькі з эканомікай, але і сур’ёзныя ўнутраныя канфлікты: вайна ў Дарфуры ідзе з 2003 года, а гэта толькі адзін з канфліктаў.

Заявы вайскоўцаў пра двухгадовы пераходны перыяд выклікаюць напружанне і апасенні, што пераварот можа стаць толькі касметычным: адыёзную фігуру прыбралі, яе можна выдаць нават міжнароднаму крымінальнаму суду. Але пры гэтым пакінуць усё па-старому. І гэта найгоршы варыянт, які не дазволіць Судану выйсці з тупіка.

Яшчэ ў аўторак тройка (ЗША, Вялікабрытанія, Нарвегія) выступіла з заклікам вызваліць палітзняволеных, спыніць гвалт супраць пратэстоўцаў. А ўчора міністр замежных спраў Вялікабрытаніі выступіў з заявай, што суданскі народ чакае не двухгадовага вайсковага рэжыму, а сапраўдных дэмакратычных пераменаў. Пратэстоўцы таксама выступаюць супраць вайсковага кіравання і патрабуюць стварыць кааліцыйны ўрад, які мог бы стаць шляхам да дэмакратычнага развіцця. Але пакуль выглядае так, што вайскоўцы схільныя толькі да касметычных зменаў.

-Літаральна ў снежні 2018 года Лукашэнка ў Мінску сустракаўся з аль-Башырам, які выдзеліў беларускаму кіраўніцтву ўжо другі ўчастак па здабычы золата, а Лукашэнка абяцаў адкрыць машынабудаўнічы цэнтр і збудаваць цяпліцы ў гэтай афрыканскай краіне. Палітычны нюх падвёў беларускага кіраўніка?

-Знешняя палітыка Беларусі арыентуецца не на самыя дэмакратычныя рэжымы. А не самыя дэмакратычныя рэжымы адначасова і не самыя ўстойлівыя. Галоўная матывацыя дыктатарскіх рэжымаў – захаванне сваёй улады, адпаведна, эканамічнае, сацыяльнае развіццё адсоўваецца на задні план. А з гэтага вынікае тупіковасць любога дыктатарскага рэжыму. І калі мы выбіраем супрацу з дыктатарскім рэжымам, то аўтаматычна становімся на шлях рызыкі: мы інвестуем у рэжым, але ў выпадку народнага паўстання ці вайсковага перавароту ўсе нашы ўкладанні ў гэты рэжым проста знікнуць. Таму палітычнае чуццё з такімі рэжымамі працуе, пакуль яны маюць магчымасць трымаць сітуацыю пад катролем. Супраца з дыктатарскімі рэжымамі заўсёды тоіць у сабе рызыку.

-За апошнія гады звергнуты не адзін дыктатарскі рэжым па ўсім свеце. Мода на дыктатараў прайшла?

-Трэцяя хваля дэмакратызацыі ў свеце пачалася ў 1974 годзе з пераменаў у Партугаліі. Да гэтай жа хвалі адносяць і дэмакратызацыю Усходняй Еўропы, і дэмакратызацыю Лацінскай Амерыкі – канец 80 – пачатак 90-ых гадоў. Цяперашнія дыктатарскія рэжымы – вынік недаробленай трэцяй хвалі дэмакратызацыі, так бы мовіць.

Шэраг падобных рэжымаў узнік у сітуацыі, калі грамадства знаходзіцца на раздарожжы, як правіла, пасля ўнутраных канфліктаў, працяглых грамадзянскіх войнаў ці па завяршэнні папярэдняй дыктатуры. Пераход ад дыктатуры ды дэмакратыі вельмі складаны працэс, які сутыкаецца з мноствам выклікаў. Я памятаю, на Лацінскую Амерыку ў сярэдзіне 90-ых гадоў таксама глядзелі з вялікім напружаннем: усе чакалі, што ў лацінаамерыканскіх краінах вось-вось прыйдуць да ўлады дыктатары. Але не. У 2000-ых уздымаецца так званая “ружовая хваля”, да ўлады прыходзяць левыя ўрады, прыходзяць на падмурку папулісцкіх лозунгаў, антыістэблішменцкіх лозунгаў (знаёмая Беларусі сітуацыя) – і гэтыя рэжымы падпітваюцца добрай кан’юнктурай на міжнародных рынках, найперш кан’юнктурай на энерганосьбіты. У сярэдзіне 2010-ых распаўсюджваецца меркаванне, што з’явілася мода на дыктатуру. Шэраг падобных рэжымаў пачынае дэманстраваць персаналісцкія, аўтаратырныя рысы. У выніку ў сярэдзіне 2010 гадоў з’яўляецца апасенне, што можа ўтварыцца моцны антыліберальны антыдэмакратычны пояс.

Аднак вельмі хутка высвятляецца, што ў той жа Лацінскай Амерыцы дэмакратычныя інстытуты прыжыліся, а дэмакратычныя выбары паставілі крыж на левых рэжымах, схільных да аўтарытаршчыны (найперш аргенцінскім). У выніку дэкртартарскіх рэжымаў не так і шмат: у Лацінскай Амерыцы гэта – Венесуэла, Куба і Нікарагуа.

У Афрыцы назіраецца тое ж самае. З пачатку арабскай вясны 2011 года, якая ахапіла Паўночную Афрыку, у тым ліку і Егіпет, пайшла хваля звяржэння аўтарытарных рэжымаў. Але тут спрацавала тая мадэль, у якую можа ўпісацца і Судан: на месца папярэдняй дыктатуры прыходзіць не дэмакратыя, а новая дыктатура. Імёны іншыя, але сутнасць застаецца. А гэта – нявырашаныя праблемы, якія раней ці пазней прывядуць да новых канфліктаў і паўстанняў. Тое самае мы назіраем ў Лівіі: войскі Хафтара спрабуюць узяць пад кантроль заходнія рэгіёны краіны, прызнаныя міжнароднай супольнасцю. Ці ў Алжыры: Бутэфлік адмовіўся ад удзелу ў прэзідэнцкіх выбараў, але прыкметаў дэмакратызацыі не назіраецца.

Мода на дыктатарў праходзіць таму, што чалавецтва разумее: дыктатура – гэта не магчымасці, а страчаны час. Ужо цяпер дыктатарамі быць не камільфо, і чым далей – тым радзей мы будзем ужываць гэтае слова. Хаця Фукуяма ўжо прагназаваў канец гісторыі, але, як выстветлілася, чалавецтва ўпарта не жадае вучыцца на сваіх памылках.

Георгій Громаў, Беларуская праўда

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...