Мінгарвыканкам загадаў беларускім крамам і аб’ектам грамадскага харчавання павялічыць удзельную вагу тавараў айчыннай вытворчасці.

karbalevich

Кіраўніцтва краіны патрабуе, каб пераважная колькасьць тавараў беларускіх вытворцаў была не толькі ў сістэме дзяржаўнага, але і прыватнага гандлю, а таксама ў аб’ектах грамадскага харчавання. Як да такой ідэі ставяцца спажыўцы?

Беларускія ўлады з усіх сілаў імкнуцца дэманстраваць аптымізм у сферы эканомікі. Лукашэнка на нядаўнім паседжанні Рады бяспекі ўбачыў там «станоўчыя тэндэнцыі». А наведваючы «Беларуськалій», ён з радасцю адзначыў, што аб’ёмы экспарту калію сёлета «мы чакаем гістарычныя»: «Мы столькі ніколі не прадавалі, колькі прададзім у гэтым годзе», — паведаміў прэзідэнт. Праўда, асаблівага росту валютных паступленняў чакаць не выпадае, бо ўсясветныя цэны на калійныя ўгнаенні рэзка ўпалі. І ўвогуле сам факт абмеркавання сітуацыі ў эканоміцы на Радзе бяспекі вельмі паказальны.

Больш за тое, некаторыя падзеі эканамічнага жыцьця краіны даволі пераканаўча сведчаць, што ў эканоміцы Беларусі «штосьці не так». Найперш, узгадаем непаразуменні з расійскім крэдытам. Нагадаю, што пасля вяртання Лукашэнкі з Масквы 9 траўня ён радасна паведаміў журналістам пра дамову ў Маскве з Пуціным пра выдзяленне Расіяй дзяржаўнай пазыкі ў памеры 2 млрд долараў. Прычым, паводле ягоных словаў, прыйсці грошы павінны цягам траўня. На календары ўжо другая палова чэрвеня, а расійскага дзяржаўнага крэдыту няма.

30 траўня кіраўнік Банку развіцця Сяргей Румас паведаміў, што замест дзяржаўнай пазыкі, якая затрымліваецца, дасягнута дамоўленасць пра выдзяленне Беларусі крэдыту ў памеры 1 мільярд долараў расійскім банкам ВТБ. Грошы павінны былі прыйсці цягам 10–14 дзён.

Сёння ўжо 20 чэрвеня, але няма і гэтых грошай. Амбасадар Расіі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў заявіў, што расійскі дзяржаўны крэдыт павінен прыйсці ў ліпені-жніўні. А намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч паведаміў, што Мінфін Беларусі дамаўляецца з банкам ВТБ аб брыдж-крэдыце аб’ёмам да 2 мільярдаў долараў.

Апошняя інфармацыя асабліва знамянальная. Можна зрабіць выснову, што сітуацыя на валютным рынку вельмі дрэнная, таму беларускія эканамічныя ўлады не могуць чакаць да ліпеня-жніўня, дадатковы мільярд долараў патрэбны тэрмінова. Нават і на вельмі нявыгадных умовах. Таму што брыдж-крэдыт прадугледжвае высокія працэнты.

Новая кампанія барацьбы з імпартам грубымі адміністрацыйнымі метадамі — з той самай серыі. Спачатку прэзідэнцкі ўказ № 222 стварае прыватным прадпрымальнікам, якія займаюцца імпартам, умовы, непрымальныя для эканамічнага выжывання. Потым пад шумок хакейнага чэмпіянату выцеснілі імпартнае піва. Прэм’ер-міністар Міхаіл Мясніковіч завіў, што замежных тавараў на нашым рынку павінна быць не больш за 15%. І вось, выконваючы загад, намеснік старшыні Мінгарвыканкаму Андрэй Дамарацкі на нарадзе ў пятніцу з кіраўнікамі ды заснавальнікамі гандлёвых арганізацыяў Мінску запатрабаваў, каб беларускія тавары складалі ў крамах не менш за 85%.

І як фінальны акорд — падрыхтаваны праект указу прэзідэнта аб рэзкім абмежаванні імпарту з дапамогай стварэння інстытуту спецімпарцёра. Гаворка ідзе пра фактычнае ўвядзенне манаполіі замежнага гандлю ў Беларусі. І гэта пасля таго, як зусім нядаўна ў Астане прэзідэнты Беларусі, Расіі і Казахстана ва ўрачыстай абстаноўцы падпісалі дамову аб стварэньні Еўраазіяцкага эканамічнага саюза, які прадугледжвае свабодны рух капіталу, тавараў, паслугаў. Яшчэ чарніла не высахла, а Беларусь у аднабаковым парадку, па сутнасці, дэ-факта выходзіць з гэтага пагаднення.

Выцісканне імпарту, які вымывае валюту з краіны — гэта ў пэўным сэнсе замена дэвальвацыі. Бо апошняй народ баіцца, лічаць улады, а без імпартных тавараў неяк перажыве.

І яшчэ адзін цікавы факт. У Салігорску Лукашэнка абвясціў, што ў Беларусі прыпыняецца будаўніцтва спартыўных і культурных аб’ектаў. Не вер вачам сваім. Нават святая карова — лядовыя палацы — стала ахвярай эканоміі бюджэту. І гэта пасля трыўмфальнага завяршэння Чэмпіянату свету па хакеі, дзе беларуская зборная паказала выдатны вынік. Звычайна такія падзеі спрыяюць бурліваму росту спартовых арэнаў. А тут усё наадварот. Відаць, моцна прыпякло.

Усякая казка рана ці позна заканчваецца. Гэта не пра фіяска зборнай Іспаніі — заканадаўцы футбольнай моды ў свеце апошняга дзесяцігоддзя. Гэта пра беларускую сацыяльную мадэль. Патрэбен толькі вонкавы аўдыт, накшталт спартовага спаборніцтва, які б паказаў, што кароль голы.

Крыніца: Валерый Карбалевіч, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...