Сёлета беларусы свету святкуюць 100 год абвяшчэння Незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі — Акту 25 Сакавіка.

Уладзімір Кобец, фота Аляксандры Шапялевіч

 

Нашыя еўрапейскія суседзі таксама будуць святкаваць 100-гадовыя юбілеі незалежнасці сваіх краінаў. 100 год таму ў выніку Першай сусветнай вайны распаліся чатыры магутныя імперыі — Аўстра-Вугорская, Германская, Асманская і Расейская, была заключана Версальская мірная ўгода і народы Цэнтральнай і Усходняй Еўропы пачалі будаваць свае незалежныя краіны.

Беларусы таксама ўключыліся ў працэс дзяржавабудаваньня — дакладней, адбудовы сваёй краіны на мейсцы акупаванага Расеяй Вялікага Княства Літоўскага. 100 год назад быў скліканы самы прадстаўнічы ў гісторыі — Першы Усебеларускі Кангрэс.

Лагічна было б адзначыць гэтае свята на дзяржаўным узроўні — ушанаваць памяць і подзвіг тых, хто ў складаных варунках спрычыніўся да аднаўлення незалежнасці нашай дзяржавы.

Лагічным было б зрабіць і годны 100-гадовага юбілею падарунак усім беларусам свету — нашай вялікай дыяспары.

Але ж 100-годдзе ўлады не святкуюць, замежным беларусам прапанавалі незразумелую выбарачную “духоўную сувязь” элітаў.

Пытанне толькі — з кім? З чыноўнікамі, якіх 20 год адбіраюць па прызнаку нянавісці да ўсяго беларускага і нігілізму? З “дзедушкай Леніным”, чыімі істуканамі застаўлена ўся наша краіна? Ці з катам беларускага народу Сталіным і лініяй яго імя?

Ці з чым? З НКВД і КГБ, якім, па словах Лукашэнкі, няма чаго саромецца за сваю спадчыну?

Істотна разумець, што “духоўную сувязь” збіраюцца ўмацаваць з тымі, ці з нашчадкамі тых, каго сама ж гэтая ўлада, ці яе савецкія, ці расейскія папярэднікі прымусілі з краіны з’ехаць — нашчадкі ўдзельнікаў вызвольных паўстанняў, тых, хто жывым вярнуўся ці ўцёк з Сібіры, выжыў і з’ехаў далей ад царскіх, савецкіх і лукашэнкаўскіх турмаў і катаргаў. З’ехалі, страціўшы ўсё, але захавалі “духоўную сувязь” з Айчынай — той, што ў сэрцы, у думках, рэалізаваліся ў Вольным Свеце, стварылі Галівуд, падымалі эканомікі, навуку і культуру іншых краін, стваралі Ізраіль.

Зараз тыя, хто лічыць сябе спадкаемцамі расейскіх і савецкіх катаў, “остро нуждаются” у грошах нашчадкаў магнатаў і шляхты ВКЛ і Рэчы Паспалітай, паўстанцаў, дысідэнтаў, внтысаветчыкаў, карацей, па іхнаму — “ворагаў народу”. Хочуць зь імі навязаць “духоўную сувязь”. Тут адзін крок да сеансаў спірытызму — з мільёнамі тых, хто не паспеў ад іх уцекчы, каб сёння быць аб’ектам наладжвання сувязяў.

Пакуль ня будзе рэабілітавана Ларыса Геніюш і іншыя беларускія героі, на беларускіх Курапатах ня спыніцца вандалізм і будаўніцтва “Бульбаш-холаў”, пакуль па бел-чырвона-белым сцягу будзе таптацца амонаўскі бот, дагэтуль духоўную сувязь беларусы замежжа будуць адчуваць з тым, хто сказаў: “Падымаем сцяг абратна!”.

Беларусы замежжа і так маюць сапраўдную і моцную духоўную сувязь з тымі, хто ўласна і стварае беларускі свет, беларускую наасфэру — са Скарынам, Багдановічам, Купалам, Аляхновічам, Арсенневай, Геніюш, Мараковым, Быкавым, Караткевічам, Сысам, з сучаснікамі — Някляевым, Бахарэвічам, з Нобелеўскім лаўрэатам Святланай Алексіевіч. Яны ведаюць, што на беларускай мове створаныя і ствараюцца самыя вялікія творы.

Толькі вось кіраўнік дзяржавы ня мае з мовай і беларускай культурай “духоўнай сувязі”, таму дзяржава, якая мусіла б бараніць і развіваць беларускую культуру і адкрываць яе свету, мэтанакіравана знішчала яе, аж пакуль не спатрэбілася “духоўная сувязь” “за вашыя грошы”.

За гады праўлення гэтага рэжыму ў замежжы пайшлі з жыцця многія з тых, хто жыў Беларуссю і для Беларусі, але так і не дачакаўся ад беларускай дзяржавы ані ўвагі, ані павагі. З імі адыйшла цэлая эпоха. Нашчадкі вялікіх беларусай, хто яшчэ памятае адкуль паходзяць іх знакамітыя дзяды, не цікавыя беларускім уладам.

Праўнучка Ігната Дамейкі – Паc Дамейка, што жыве ў Сіднэі, на пытанне карэспандэнта “Свабоды”: ці часта з ёй кантактуюцца афіцыйныя чыноўнікі? Магчыма, тэлефануюць дыпляматы з Канбэры? – адказвае:

“Да мяне неаднаразова зьвярталіся літоўскія і польскія дыпляматы. Я ўжо не кажу пра гісторыкаў адтуль. Але ніхто і ніколі з беларускіх дыпламатаў са мной не кантактаваўся. На жаль, ніякіх афіцыйных стасункаў не было.”

Родны чалавек любіць роднага не за здароўе і мускулы — проста за тое, што ён родны, сям’я, сваяк. Нават калі ён у бядзе — яшчэ больш любяць і дапамагаюць, ратуюць.

Так і Айчыну любяць не за рэкордную перакачку расейскай нафты ці мадэрнізацыю і продаж афрыканцам савецкай зброі.

Айчыну любяць за тое, што гэта Дом, дзе ты пачуваешся сваім, куды заўсёды хочацца вярнуцца. Айчыну бароняць і не даюць у крыўду, ёй ахвяруюць жыццё, ёй прысягаюць.

Пакуль Беларусь будзе “сваёй” не для беларусаў, а для прайдзісьветаў усіх масцей, можна наладжваць “духоўную сувязь” хоць з марсіянамі — вынік будзе той самы. Калі нам кажуць пра выбарачны падыход і пра эліты ў іншых краінах, то хутка мы пабачым і арабскіх шэйхаў, і расейскіх алігархаў з пасведчаннямі суайчыннікаў, ці высокіх іншаземных чыноўнікаў — чаго ня зробіш, абы “раскруціць капіталістаў на грошы”.

З такім падыходам і з добрай ідэі карысці ня будзе. На чужых мітах сваю Айчыну ніколі не пабудаваць. Змяняць трэба стаўленне да дзяржаўнасці, яе гісторыі і культуры, да людзей ўнутры краіны, іх правоў.

Тады не будуць патрэбныя і “пасведчаньні суайчыннікаў”. А калі патрэбны — то, як з “картай паляка” — даць магчымасць вярнуцца дамоў нашчадкам рэпатрыянтаў, гвалтам пераселеных у Сібір і Казахстан, ці тым, хто застаўся па-за краем з-за змененых межаў. Таксама каб адфільтраваць паток мігрантаў і прыняць у першую чаргу суайчыннікаў, стварыць для іх умовы да паскоранай інтэграцыі. Тады ў Беларусь будуць вяртацца тыя, хто хоча тут жыць і працаваць, рэалізавацца і вырасціць дзяцей.

Уладзімір Кобец, Сустаршыня Беларускага Дому ў Варшаве, спецыяльна для Беларускай праўды

Creative Commons License
This work is licensed under a Creative Commons Attribution-ShareAlike 4.0 International License.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: