Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі звярнулася з касацыйнай скаргай у калегію грамадзянскіх спраў Менскага гарадскога суда ў справе выплаты кампенсацыі маці і сястры Ігара Пцічкіна.

Ігар Пцічкін

МУС Беларусі не пагаджаецца з рашэннем суда Заводскага раёна Менска ад 23 сакавіка. Тады суд ухваліў рашэнне аб кампенсацыі сваякам матэрыяльнай і маральнай шкоды за смерць Ігара Пцічкіна, які памёр 4 жніўня 2013 года ў менскім СІЗА № 1, паведамляе Радыё Свабода.

Яго маці Жанна Пцічкіна і сястра Ірына былі прызнаныя пацярпелымі з выплатай ім матэрыяльнага ўрону (з улікам інфляцыі і маральнай шкоды — 20 000 рублёў для Жанны Пцічкінай і 10 000 рублёў для Ірыны Пцічкінай). Абавязак выплаціць быў ускладзены на МУС, але ведамства падало касацыйную скаргу, каб не сплочваць матэрыяльную і маральную шкоду.

МУС просіць Менскі гарадскі суд адмяніць рашэнне раённага суда і перакласці абавязак выплаты кампенсацыі на Міністэрства фінансаў. З аднаго боку, МУС прызнае, што шкода прычынена дзяржаўным органам (СІЗА № 1 горада Менску, дзе праходзіў службу фэльчар Аляксандар Крылоў); з другога боку, сцвярджае, што адказнасць у кампенсацыі шкоды мусіць несці дзяржаўная казна.

У касацыйнай скарзе МУС даводзіць, што ў ходзе судовых слуханняў не было прад’яўлена належных доказаў, якія б сведчылі пра фізічныя і маральныя пакуты маці і сястры, а вызначаны памер маральнай шкоды завышаны і «не адпавядае патрабаванням разумнасці і справядлівасці з улікам віны».

МУС — Жанне Пцічкінай: «Не трэба было ставіць такі дарагі помнік»

МУС таксама не пагаджаецца з сумай выплаты, звязанай з пахаваннем памерлага: яшчэ падчас слуханняў прадстаўніца ведамства заяўляла Жанне Пцічкінай, што «не трэба было ставіць такі дарагі помнік».

Не пагадзіўся МУС і з тым, што суд Заводскага раёна прыняў рашэнне праіндэксаваць суму матэрыяльных выдаткаў у сувязі з інфляцый — маўляў, прысуджаная Жанне Пцічкінай выплата не прадугледжаная ў якасці аб’екта індэксацыі.

Цяпер юрысты праваабарончага цэнтра «Вясна», якія дапамагаюць сям’і Пцічкіных, рыхтуюць пярэчанне на касацыйную скаргу міліцэйскага ведамства:

«Чаго вартыя адны толькі аргументы МУС, што маці недастаткова даказала маральныя пакуты, — кажа Свабодзе юрыст цэнтра Валянцін Стэфановіч. — А як гэта даказаць — сведак прывесці, якія бачылі, што яна недзе плакала? Смерць блізкага чалавека цягне за сабой маральныя пакуты, прынамсі ў абсалютнай бальшыні выпадкаў. А тут яшчэ пікантнасць сітуацыі ў тым, што Беларусь нядаўна выступала са справаздачай у Камітэце правоў чалавека ААН. І адно з прынцыповых пытанняў якраз тычылася справы Пцічкіна. Яны адпісалі, што прыцягнулі да адказнасці фельчара-міліцыянта, яшчэ нешта, а як плаціць кампенсацыю, дык пачынаюцца выкрутасы».

Больш за тры гады спатрэбілася Жанне Пцічкінай, каб дамагчыся крымінальнай справы за неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў фельчарам медчасткі «Валадаркі» Аляксандрам Крыловым, якое пацягнула смерць ейнага сына праз неасцярожнасць.

Ігар Пцічкін памёр 4 жніўня 2013 года, калі адбываў 3 месяцы арышту за тое, што кіраваў аўтамабілем, не маючы правоў. Там да яго былі ўжытыя «меры фізічнага стрымлівання ў выглядзе фіксацыі рамянямі», у такім стане малады чалавек знаходзіўся больш за 20 гадзін да моманту смерці.

Адміністрацыя ізалятара заявіла, што Пцічкін памёр ад сардэчнай хваробы, але сваякі выявілі на целе сінякі і сляды пашкоджанняў.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: