З надыходам халадоў адміністрацыя Менскага заводу ацяпляльнага абсталявання пастанавіла дэмантаваць бойлеры для падагрэву вады ў інтэрнатах па вуліцы Гастэлы. Жыхары патэлефанавалі здымачнай групе «Маю права», каб карэспандэнты зафіксавалі працэс дэмантажу, паведамляе Белсат.

«Эліта паўсюль. Такія дамы пабудаваныя, а мы ў такім, выбачайце, у такім д…е жывем. А цяпер навогул без нічога!» – скардзяцца жыхары.

Тое, што пачалі дэмантаваць дэмантаваць награвальнікі вады, патлумачылі проста: у будынкаў інтэрнату змяняецца ўласнік, цяпер гэта прадпрыемства «Мінскія гарадскія інтэрнаты». Але людзі не разумеюць, як ім цяперака жыць у такіх умовах.

«Вось як мыць дзяцей? – абураецца жыхарка інтэрнату Святлана Данчанка. – Па чарзе ў такой халадзіне. Я не ведаю, што рабіць? Як мы прасілі бойлеры не ўбіраць. Нават не пашкадавалі дзяцей».

Жыхары гэтых інтэрнатаў згаджаліся з жахлівымі ўмовамі толькі ў надзеі з часам атрымаць сацыяльнае жыллё. Людміла Дрыла адпрацавала на Заводзе ацяпляльнага абсталявання 30 гадоў.

«За гэты час завод ні разу не прадставіў магчымасці пабудаваць жытло. Стаю на чарзе як маці-адзіночка з 1999 года», – распавядае спадарыня Людміла.

Цяпер у інтэрнаце жывуць 143 асобы. З іх 30 – малыя дзеці.

Спадарыня Людміла не хавае сваёй крыўды: «Мы ні заводу не патрэбныя, і так сталася, што і гораду Менску таксама не патрэбныя. Хто мы такія? Мы ўжо самі згубілі сябе ў часе».

Толькі пасля таго як абураныя жыхары накіравалі скаргу ў Менгарвыканкам, яны атрымалі копію рашэння аб змене ўласніка інтэрнатаў. Ды і тое, вельмі дзіўным чынам.

«Кінулі на першым паверсе на кухні на стале. І ўсё… Нікога не папярэдзілі. Калі людзі прыйшлі на кухню гатаваць, толькі тады і пабачылі», – кажа спадарыня Дрыла.

Таксама яна дадае, што некаторыя прадстаўнікі заводскай адміністрацыі дазвалялі сабе абразлівыя выказванні да жыхароў інтэрнату.

«Як казаў былы намеснік дырэктара, мы для іх быдла, ад якога трэба пазбавіцца. І гэтак ён выказваўся на сходзе», – узгадваюць жыхары.

Здымачная група «Маю права» сустрэлася з Андрэем Чайкоўскім, намеснікам дырэктара Менскага заводу ацяпляльнага абсталявання.

«КУП «Мінскія гарадскія інтэрнаты» адмовіліся прымаць дадзеныя прадметы (бойлеры), якія знаходзіліся ў нас на ўліку, – патлумачыў А. Чайкоўскі. – І нам нічога не заставалася, як 7-га лістапада дэмантаваць гэтыя малакаштоўныя прадметы і бойлеры», – патлумачыў Чайкоўскі.

Дык ці мела заводская адміністрацыя права пазбавіць выгодаў жыхароў інтэрнату? Алег Волчак, кіраўнік арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву» лічыць, што тут мае месца парушэнне грамадзянаў на жыллё. Таму цяпер ім варта аб’яднацца і адстойваць сваё права на людскае існаванне:

«Трэба калектыўна звяртацца да дэпутатаў, у Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, і да дэпутатаў Менскага гарадскога савету. Ва ўсе структуры, каб урэгуляваць гэтае пытанне. Таму, што сапраўды, рана або позна гэта можа скончыцца бунтам».

Але пакуль жыхары інтэрнату ставяцца да сітуацыі па-філасофску:

«Гітлера перажылі і, ё-маё, і Лукашэнку перажывем!»

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...