12 і 13 жніўня ў «ланцугах салідарнасьці»​ ў розных гарадах Беларусі стаяць пераважна жанчыны. На іх белае адзеньне, у руках — кветкі. Вось што кажуць удзельніцы мірных акцыяў салідарнасьці, паведамляе Радыё Свабода.

«Мы ўсе Евы і ўсе вядзьмаркі»

Журналістка Вольга Чакулаева:

— Калі апусьціць увесь трэш зь несумленнымі выбарамі і гэтак далей, проста ў нейкі няўлоўны момант стала ясна, што краіну могуць выратаваць толькі жанчыны. Мяккай жаночай сілай. Не вайной, не рэвалюцыяй — толькі эвалюцыяй. Мы проста ўмеем рабіць цуды. Таму што мы ўсе Евы і ўсе вядзьмаркі.

«Мы выбралі „Калыханку“, бо гэта самы пяшчотны жанр»

Настасься Касьцюгова, якія працуе ў сфэры крэатыву і рэклямы, — ​адна зь ініцыятарак акцыі, у часе якой жанчыны сьпявалі «Калыханку».

— Я не прыдумляла ўсе гэтыя акцыі, яны паўсталі стыхійна. Мы з Марынай Ментусовай прыдумалі толькі адну, з «Калыханкай», і так супала, што ў гэты дзень, калі мы хацелі выйсьці і прасьпяваць, жанчыны па ўсёй краіне сталі станавіцца ў «ланцугі» ў белым. Нас шмат, і ідэя жанчынам выйсьці і пазначыць мірныя намеры народу проста лунае ў паветры. Мы ўсе хочам паказаць і сваім людзям, і ўсяму сьвету, што ня хочам гвалту, ня хочам заслугоўваць права быць пачутымі праз кроў, мы не злачынцы, не хуліганы, не кіраваныя кімсьці беспрацоўныя маргіналы. Мы звычайныя людзі, розных прафэсіяў і поглядаў, але ў адным сыходзімся: падманваць нас нельга. Зьбіваць нас за тое, што мы ня згодныя з прэзыдэнтам, — нельга. Ісьці вайной на мірных людзей нельга.

Што да акцыі з «Калыханкай», гэта таксама было вельмі стыхійна. Мы зь сяброўкай вырашылі, што хочам мірна выказацца, і мы абедзьве з творчых прафэсіяў. Мы хацелі сымбалічна пазначыць гэты страшны кантраст паміж мірнымі людзьмі і тымі зьверствамі, якія ў іх бок зьдзяйсьняюць супрацоўнікі правапарадку. Мы выбралі «Калыханку», бо гэта, напэўна, самы пяшчотны жанр, які выклікае цёплыя асацыяцыі. Мы замянілі толькі адно слова — «вачаняты адкрывай». Так мы хацелі сказаць, што хочам, каб рэжым гвалту і жорсткасьці да мірных людзях заснуў вечным сном, а людзі вакол прачнуліся.

Нельга проста заплюшчыць вочы на тое, што зараз адбываецца, і забыць гэта. Нельга моўчкі пагадзіцца з злачынствамі супраць мірнага народу. Ужо было меркаваньне, што выйсьці прасьпяваць песенькі — гэта наіўна, што сілавікоў не спыняць песьні. Але гэта ня спроба дыялёгу зь сілавікамі, з тымі, хто зьбівае мірных людзей, з кім немагчымы дыялёг, і нават, мабыць, небясьпечна чакаць ад іх разуменьня. Яны тут не для таго, каб нас разумець, а для таго, каб нас спыніць. У іх сьвеце мы злачынцы і тэрарысты. Але наша задача паказаць усім астатнім, што гэта ня так. І, можа быць, тады нас стане больш.

«Гэта мусіць быць як мінімум прыгожа»

Журналістка Аліна Рудзіна:

— Да ўдзелу ў акцыі мяне асабіста прывёў цэлы ланцуг абставінаў. Я ўвогуле была бяз сувязі шмат гадзінаў, нічога ня ведала пра акцыю, ішла па Камароўцы і выпадкова сустрэла спачатку журналістаў, а потым сваіх каляжанак з кветкамі: Ірыну Сухій, Насту Бекіш, Асю Дарафееву — у белым. і Ірына кажа: пойдзем з намі, маўляў, а я: а якая канцэпцыя, — а яна: добрая. Я падумала, што гэта мусіць быць як мінімум прыгожа, а потым ужо ўявіла маштаб. Так што спачатку было сьмешна, потым — вельмі натхняльна.

«Нават у „ланцугах“ страшна стаяць, але немагчыма трываць гэты гвалт супраць нас»
Даша Вісьнер:

— Мы з мужам акуратна ўдзельнічаем у вечаровых акцыях. Учора пасьля ўсяго кашмару папярэдніх дзён я зранку некалькі гадзінаў не магла перастаць плакаць, пайшла да гінэкалягіні, якая расказвала, што дзяжурыла ў лякарні ўвечары 9 жніўня, што ім прывозілі параненых са стэлы і яны, гінэколягі, зашывалі людзям галовы, што яна ніколі ў жыцьці такога ня бачыла і больш бачыць ня хоча.

Гэта жудасьць, гэта вельмі страшна, гэта не ўкладаецца ў галаве, таму, пабачыўшы, што ў горадзе пачаліся «ланцугі салідарнасьці», я пайшла шукаць дзяўчат і знайшла іх каля «Дана Мола», сёньня — насупраць Акадэміі навук. Нават у «ланцугах» страшна стаяць, але немагчыма трываць гэты гвалт супраць нас, гэтае беззаконьне, забойствы і генацыд свайго народу. Ідэя «ланцугоў» прываблівае сваім мірным характарам (зрэшты, як і вечаровыя акцыі, бо нямірнымі іх робяць улады), а таксама магчымасьцю паказаць, што жанчыны разам, што мы — не «авечкі» і не «бедалагі», што мы — грамадзянкі і палітычная сіла.

І я бачу, што гэтая салідарнасьць заразная: далучаюцца простыя мінакі, і ўчора, напрыклад, дзяўчаты ў форме «ZARA HOME» папрасілі пачакаць іх, каб яны змаглі далучыцца. Мы, беларусы, не павінны трываць тое, што з намі робяць, мы павінны выходзіць, павінны яднацца, страйкаваць на працы, байкатаваць дзяржаўныя прадпрыемствы. Мы павінны даць адпор фальсыфікацыям, злачынствам, гвалту і нянавісьці да людзей.

«Трэба хаця б нешта рабіць»

Ганна Шыянок, супрацоўніца IT-кампаніі:

— А што застаецца, калі ўсіх мужчын перасаджалі. На аўтазакі кідацца? Дома сядзець немагчыма, думаць нават немагчыма. Які страх адбываецца ў краіне, жанчын б’юць. Дзяцей, чые крыкі чуваць з ізалятараў? Як жыць у такой краіне? Трэба хаця б нешта рабіць.

«Магчыма, гэты шанец застаўся толькі ў жанчын»

Эколяг Ірына Сухій:

— Трэба як мага хутчэй спыніць беззаконьне, якое робіцца ў краіне. Ужо ня проста фальсыфікуюць выбары, а бʼюць, калечаць і забіваюць нас, нашых мужчын, нашых дзяцей. І, магчыма, гэты шанец застаўся толькі ў нас, у жанчын. Здаецца, і статыстычна нас больш у краіне, чым мужчын, то трэба гэта выкарыстоўваць, спыніць гвалт і аднавіць справядлівасьць.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...