Гісторыя прэзідэнцкіх выбараў Беларусі не багатая на ўдзел жанчын у якасці кандыдатак. Першай і пакуль адзінай, хто дамогся такога статусу, стала Таццяна Караткевіч на выбарах 2015 года, паведамляе Еўрарадыё.

Еўрарадыё

 

У вялікай беларускай палітыкі не жаночае аблічча. Ні ў 1994 годзе, ні ў 2001-м, ні ў 2005-м, ні ў 2010-м ніводнай зарэгістраванай кандыдаткі-жанчыны не было. У 2015 годзе ЦВК зарэгістраваў Таццяну Караткевіч і Жанну Раманоўскую, але апошняя агітацыйную кампанію практычна не вяла, і таму сур’ёзна казаць пра яе ўдзел у выбарах не даводзіцца.

Чарговая прэзідэнцкая кампанія пачнецца ўжо ў наступным годзе. І ў ёй могуць узяць удзел адразу чатыры яркія і своеасаблівыя кандыдаткі! Гэта будзе гендарны рэкорд Беларусі. Чаго чакаць?

“Мне ўжо не 15 гадоў, каб адказваць на пытанне, чым я лепшая за некага іншага”

Пра жаданне стаць кандыдатам у прэзідэнты кажуць абодва лідары кампаніі “Гавары праўду” – Андрэй Дзмітрыеў і Таццяна Караткевіч. Хто выйдзе на прэзідэнцкую дыстанцыю, а хто на парламенцкую, будзе вырашана зыходзячы “са стану грамадства, яго гатоўнасці і бачання кандыдатуры”.

Караткевіч як можа ўхіляецца ад адказу на пытанне, чым яна лепшая за Дзмітрыева ў якасці кандыдата ў прэзідэнты. Як і пра перавагі жанчыны-кандыдата перад кандыдатам-мужчынам.

“Мы так не ставім пытанне: кандыдат-мужчына ці кандыдат-жанчына. Калі б мне было 15 гадоў, я б на такія пытанні пра тое, хто з нас лепшы, і адказвала б. Мы ж проста розныя, і ўсе маюць нейкія свае лепшыя кампетэнцыі. Усе ведаюць, што мае палітычныя амбіцыі складаюцца з выніковасці — хацелася б быць выніковай, а не проста называць сябе лепшым ці горшым палітыкам, як гэта заведзена ў традыцыйнай апазіцыі”, — кажа Таццяна Караткевіч.

У той жа час Таццяна адзначае кансерватызм мужчын-выбаршчыкаў, якія не гатовыя галасаваць за жанчыну-кандыдата.

Беларускае грамадства стамілася ад засілля мужчын

Не хавае сваіх прэзідэнцкіх амбіцый і дэпутат Палаты прадстаўнікоў, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая. Праўда, тут праблема з тым, якая структура яе падтрымае: з сённяшнім кіраўніцтвам АГП Ганна на нажах, і партыя лепш падтрымае Вольгу Кавалькову ў межах правацэнтрысцкай кааліцыі (у кааліцыю ўваходзяць АГП, БХД і Рух “За Свабоду”), чым сябра партыі Канапацкую.

Што да сваіх пераваг як кандыдата, то тут Ганна спадзяецца на “адсутнасць гендарнага падыходу”.

— Я лепшая таму, што я раблю больш, а не таму, што я жанчына! Хаця, магчыма, ў мяне і будуць перавагі ў сувязі з тым, што я жанчына, бо беларускае грамадства стамілася ад засілля мужчын.

— Такім чынам, вы ўпэўненыя, што ў тым ліку і гендарны фактар будзе гуляць на вашы карысць?

— Мяне потым заб’юць мае сяброўкі-феміністкі, але няхай будзе так!

“Жанчыне заваяваць сімпатыі ўсіх выбаршчыкаў праблематычна”

Алена Анісім была не супраць пазмагацца за прэзідэнцкую пасаду яшчэ ў 2015 годзе. Яе кандыдатуру падтрымалі і арганізатары Кангрэса за незалежнасць Беларусі, яна разглядалася як адзін з кандыдатаў ад кампаніі “Народны рэферэндум”. Але далей справа не пайшла: Алена Анісім адмовілася ад далейшага ўдзелу ў кампаніі таму што “ў такой сітуацыі перамогу здабыць немагчыма”.

Цяпер Алена Анісім кажа, што асабіста ў яе намеру браць удзел у выбарах няма, але…

“Калі нехта будзе, папярэдне перамовіўшыся са мной, прапаноўваць маю кандыдатуру — гэта ўжо іншае пытанне. На сёння ў мяне такой прапановы няма. Сама прапаноўваць сваю кандыдатуру дзеля таго, каб папіярыцца, я не збіраюся. Не таму, што ў мяне малыя амбіцыі. Як чалавек ва ўзросце, я хачу мець вынікі — я не хачу пустой работы. Але калі нейкія сілы захочуць мяне бачыць у якасці, умоўна кажучы, лідара патрыятычных сіл — тады гэта будзем прамаўляць вельмі канкрэтна”.

Адначасова, Алена Анісім лічыць, што жанчыне ў Беларусі вельмі складана перамагчы на прэзідэнцкіх выбарах яшчэ і таму, што яна — жанчына:

“Таму, што ў нас і ўлада пераважна належыць мужчынам, і з прычыны розных асабістых момантаў: мужчыны хутчэй і лягчэй прымаюць адказныя рашэнні. Таму сёння мужчына — найбольш рэальная кандыдатура”.

Палітык перакананая, што жанчыне-палітыку ў сённяшняй Беларусі заваяваць сімпатыі большасці выбаршчыкаў “дастаткова праблематычна”.

Мужчынам у палітыцы прасцей

Пакуль не толькі заявіла пра сваё жаданне паўдзельнічаць у выбарах, але і пачала на ўнутрыпартыйным узроўні рэалізоўваць свае амбіцыі толькі сябра БХД Вольга Кавалькова.

Вось толькі Беларускія хрысціянскія дэмакраты вырашылі, што прадстаўляць іх падчас прэзідэнцкай гонкі будзе Павел Севярынец. Але гэта не канчаткова. Рашэнне вылучыць Севярынца ў прэзідэнты прыняла Нацыянальная рада БХД, а шараговыя сябры партыі свайго слова яшчэ не сказалі. Яны яшчэ могуць прымусіць Нацраду змяніць рашэнне на карысць Вольгі Кавальковай, якая падчас першага галасавання Нацрады заняла другое месца.

Вольга не перастае казаць пра тое, што яны з Паўлам Севярынцам “адна каманда”. Тым не менш на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” Вольга Кавалькова піша:

“Я лічу, што Павал годны чалавек і кандыдат, але пропаведзь і палітыка — гэта зусім розныя рэчы. Як хрысціянка, я лічу, што задача хрысціянска-дэмакратычнай партыі — не навязваць усім сваё погляды, а служыць людзям. Галоўная місія і задачы палітычнай партыі — прапанова праектаў законаў на аснове хрысціянска-дэмакратычных прынцыпаў. Пропаведдзю і місіяй павінны займацца цэрквы і хрысціянскія арганізацыі”.

Днямі Севярынец і Кавалькова выправяцца ў рэкламны тур па рэгіёнах, дзе будуць “апрацоўваць” аднапартыйцаў. Кожны будзе даводзіць, чым ён лепшы за апанента ў якасці партыйнага кандыдата ў прэзідэнты. І чым жа лепшая як кандыдат Вольга?

“Па-першае, я жанчына, — пералічвае Вольга Кавалькова. — Па-другое, у нас з Паўлам розная прафесійная адукацыя, розная адказнасць у партыі. Напрыклад, мая асноўная дзейнасць — правядзенне сацыяльных кампаній, распрацоўка законапраектаў, лабіраванне іх сярод як праўладнага, так і НДА-сектара. З гэтага пункту гледжання, ёсць адрозненні ў нас”.

Чакайце, няўжо мы дараслі да таго моманту, калі ў палітыцы шансаў на перамогу ў жанчыны больш менавіта таму, што яна жанчына?!

“Я лічу, што ў жанчыны… Мне б хацелася, вядома, каб у жанчыны было больш шансаў. І мне хочацца, каб больш жанчын было [у палітыцы]. Мы гэта даказвалі, што жанчыны здольныя ўплываць на палітыку краіны і змяняць сітуацыю. Таму, так, я лічу, што шансаў у жанчыны больш”, — кажа Вольга Кавалькова.

Што праўда, Вольга адразу ж пачынае разважаць пра “патрыярхальнасць беларускага грамадства”, калі “ўсе думаюць, што ў такой краіне, як Беларусь, толькі мужчына можа быць лідарам”. Таму… мужчынам у палітыцы прасцей.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: