Заключны дзень для беларускай парламенцкай дэлегацыі ў Варшаве. Учора прайшлі самыя важныя сустрэчы – з польскім прэзідэнтам і прэм’ерам. А таксама – візіт у Сейм, дзе бакі падпісалі пагадненне, паведамляе Белсат.

Мясніковіч сустрэўся з міністрам прадпрымальніцтва і тэхналогій Польшчы Ядзвігай Эмілевіч

 

Гэтак Беларусь і Польшча дамовіліся аб узаемным сацыяльным забеспячэнні для грамадзянаў. Гэта дазволіць беларусам, што працавалі ў Польшчы, і палякам, што працавалі ў Беларусі, атрымліваць пенсіі, сацыяльную дапамогу, а таксама страхаванне пры няшчасных выпадках на прадпрыемствах. Міхаіл Мясніковіч, Старшыня Савету Рэспублікі Беларусі:

«Усе нашыя сустрэчы былі вельмі канструктыўныя, і яны былі накіраваныя на перспектыву, на ўвагу да простых людзей, моладзі».

Што праўда, падпісанне пагаднення – вынік папярэдняй шматгадовай працы. За зачыненымі дзвярыма гаворка магла пайсці і пра набалелыя праблемы. Паміж Польшчай і Беларуссю дагэтуль застаецца актуальная праблема адукацыі па-польску і статусу польскай меншасці ў Беларусі. Станіслаў Карчэўскі, Сенатар Польшчы:

«Я перакананы, што нашыя сустрэчы, нашыя размовы, нашыя дачыненні набліжаюць нас да развязання ўсіх спрэчных справаў. Мы абмеркавалі ўсе справы, што датычаць святаў, а таксама будучыні Саюзу палякаў Беларусі».

Вялося і пра эканамічную супрацу ды развіццё супольнага бізнесу. Праўда – і тут без канкрэтыкі. Уладзімір Мацкевіч, метадолаг:

«Гэта парламенцкі візіт. Па-першае, палякі лічаць нелегітымным гэты парламент, таму нічога, апроч палітычных пытанняў не будзе на мэце гэтага візіту».

Па-другое, паводле Уладзіміра Мацкевіча, сучасная стратэгічная палітыка Польшчы засяроджаная перадусім на ўласным рынку ды гандлюе з выгадай для сябе.

Апроч палітычнай і эканамічнай супрацы, польскі і беларускі бакі абмеркавалі і пытанне культурнай супрацы. На знак чаго Міхаіл Мясніковіч падараваў Польшчы факсімільнае выданне кніг Францыска Скарыны. Польскі сенатар прыняў запрашэнне на святкаванне тысячагоддзя Берасця. У кантэксце культурным прагучалі і публічныя згадкі пра агульную гісторыю ды Люблінскую ўнію. Раней казалі перадусім пра братэрства з расейскім народам. Павел Усаў, палітолаг:

«Калі палітыкі пачынаюць размаўляць пра гісторыю, гэта азначае, што ніякіх больш сур’ёзных тэмаў яны абмяркоўваць не могуць. Або гэтыя сурʼёзныя тэмы не становяцца ключавым пытаннем».

Ужо заўтра Міхаіл Мясніковіч паедзе ў Беласток. Адтуль у яго запланаваны візіт, якога няма ў праграме ды куды не паедзе польская дэлегацыя, – у вёску Заляшаны, дзе ў 1946 годзе атрады Рамуальда Райса на мянушку Буры забілі семдзесят дзевяць вяскоўцаў, збольшага беларускага паходжання. Польскі інстытут нацыянальнае памяці прызнаў, што гэтае злачынства мела прыкметы генацыду.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: