Вынікі ўчорашніх выбараў у мясцовыя саветы камэнтуюць лідэры БНФ, БХД і руху «За свабоду».

Фото: svaboda.org

 

«Шклоўскае ноўхаў — датэрміновае выязное галасаванне»

Рыгор Кастусёў, старшыня Партыі БНФ:

«Такога, як гэтым разам, раней яшчэ не назіраў. Прывяду красамоўны прыклад па адным з участкаў Шклоўскай гарадзкой выбарчай акругі, дзе я вылучаўся дэпутатам Магілёўскага абласнога савету. Дык вось, у асноўны дзень галасавання прыйшло аж 3 чалавекі! Явачны спіс пры гэтым перавышаў 200 выбарнікаў. Аднак па выніках галасавання яўка на гэтым участку атрымалася 98%! Уяўляеце? Апроч таго, з’явілася шклоўскае ноўхаў — датэрміновае выязное галасаванне. Такога таксама яшчэ не было.

Рыгор Кастусёў

 

Такім чынам, беларуская ўлада праверыла гатовасць камісіяў на пэрспэктыву, прайшла, так бы мовіць, практычная трэніроўка. Асноўная падрыхтоўка вядзецца да 2020 году, калі будуць прэзыдэнцкая і парлямэнцкая кампаніі. З чым уладу можна павіншаваць — гатовасць 100-працэнтная. З такой мабілізацыяй „поспех“ будзе гарантаваны».

«Брутальная і нахабная фальсыфікацыя»

Віталь Рымашэўскі, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі:

«Такой брутальнай і нахабнай фальсыфікацыі, мабыць, ніхто не чакаў. У Менску на акрузе, дзе я назіраў, як лічылі галасы, датэрміновая „яўка“ склала 2/3. Пры гэтым вельмі прафэсійна дзейнічалі правакатары-назіральнікі ад праўладных арганізацый, агрэсіўна накідваючыся на незалежных назіральнікаў. І каб ня наш актыўны ўдзел, у тым ліку прамоўцаў ад БХД і іншых палітычных партый, людзі не даведаліся б і дзясятай часткі, як працуе брутальная машына фальсыфікацыі.

Віталь Рымашэўскі

 

Гэтыя выбары адрозніваюцца нават ад многіх парлямэнцкіх, паколькі ўзровень укідаў быў проста неверагодны, у разы большы, асабліва на папярэднім этапе. Яўка за 77% на мясцовых выбарах — такое папросту нерэальна. Усё ж парлямэнцкая кампанія апрыёры больш актыўная.

Плюс кампаніі ў тым, што мы скарысталіся момантам і ў БХД запісаліся сотні новых чальцоў. Акрамя таго, шмат сабрана подпісаў за вырашэнне мясцовых праблемаў, і ўсе нашы прамоўцы будуць працягваць працу на акругах».

«Назіральнікі ня бачылі, за каго раскладаюцца галасы ў стосы бюлетэняў»

Юрась Губарэвіч, старшыня руху «За свабоду»:

«Па вялікім рахунку, нічога дзіўнага не адбылося. Выкарыстана практыка папярэдніх выбарчых кампаній, калі фальсыфікацыі адбываліся на ўсіх этапах — пачынаючы ад накручвання яўкі датэрміновага галасавання, падмены бюлетэняў і да так званых выбарчых карусэляў.

Юрась Губарэвіч

 

Асноўны дзень таксама нічым не парадаваў. На большасці ўчасткаў у адказ на звароты назіральнікаў кампаніі „Права выбару“ старшыні камісіяў адмаўляліся ад публічнага і адкрытага падліку галасоў, не давалі магчымасці весці фота- ці відэафіксацыю, былі шматлікія выдаленні. У выніку назіральнікі так і ня здолелі пабачыць, за каго раскладаюцца галасы ў стосы бюлетэняў.

Выключэннем стаў участак № 7 па маёй акрузе, дзе падчас папярэдняга назірання назіральнікі не зафіксавалі разыходжання сваіх дадзеных з дадзенымі камісіі. Магчыма, аказала пэўны ўплыў тое, што там прысутнічала амбасадарка Вялікай Брытаніі Фіёна Гіб. У выніку вымушаныя былі падлічыць галасы адкрыта. Вынік не прымусіў чакаць: на гэтым участку я атрымаў перамогу. Але на астатніх 12 участках Акадэмічнай акругі № 48 спрацавалі загадзя даведзеныя лічбы. У выніку працэнты размеркаваныя стандартна: першае месца — дзейнаму дэпутату Сяргею Казлову, мне — толькі трэцяе».

Ігар Карней, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: