Арменія настойвае, каб новы генеральны сакратар Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) быў абраны шляхам кансэнсусу і лічыць, што паскараць гэты працэс не трэба, паведамляе Белсат.

news.rambler.ru

 

«У аснову АДКБ закладзены прынцып прыняцця кансэнсусных, прымальных для ўсіх рашэнняў. Справа не ў паскарэнні або запаволенні тых ці іншых працэсаў, а ў павышэнні эфектыўнасці арганізацыі шляхам прыняцця прымальных для ўсіх рашэнняў, выключэння сітуацыяў, якія не маюць прававога рэгулявання», – адзначыла прэс-сакратарка МЗС Арменіі Ганна Нагдалян у інтэрв’ю ТАСС, каментуючы заклік МЗС Беларусі паскорыць працэс прызначэння новага генеральнага сакратара АДКБ.

Паводле прэс-сакратаркі, «увесь час нашага сяброўства ў АДКБ мы падкрэслівалі важную ролю арганізацыі ў сістэме бяспекі Арменіі, таму наш прыярытэт – з дапамогай абмеркавання і шчыльнай супрацы павысіць яе аўтарытэт і эфектыўнасць дзейнасці». «Скрозь гэтую прызму і трэба разглядаць крок Арменіі, які накіраваны на аддзяленне дадзенай структуры ад ўнутрыправавых пытанняў краіны», – дадала Нагдалян.

Аляксандр Лукашэнка 21 снежня 2018 года публічна падтрымаў прызначэнне Станіслава Зася на пасаду генеральнага сакратара АДКБ і падпісаў адпаведны праект Савету калектыўнай бяспекі АДКБ. Аднак у самой арганізацыі кансэнсусу па гэтым пытанні пакуль няма.

Арменія не дае згоды на прызначэнне Зася, бо папярэдні генеральны сакратар АДКБ, прадстаўнік Арменіі Юры Хачатураў быў адкліканы датэрмінова. У Ерэване лічаць, што новым сакратаром АДКБ да 2020 года мусіць быць таксама армянін, але астатнія краіны арганізацыі ўпэўнены, што на гэтую пасаду па чарзе мусіць быў выбраны прадстаўнік Беларусі.

Прэсс-сакратар прэм’ер-міністра Арменіі Арман Эгаян заявіў 21 снежня, што Ерэван настойвае на тым, каб генеральнага сакратара АДКБ выбіралі шляхам кансэнсусу. Сам дзяржаўны сакратар Савету Бяспекі Беларусі Станіслаў Зась заявіў што статут АДКБ прадугледжвае прыняцце рашэнняў у абмежаваным фармаце, то бок без падтрымання ўсіх чальцоў. Але ён усё ж спадзяецца, што атрымаецца дасягнуць кансэнсусу.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: