Такі пейзаж сёння ствараюць машынны двор з майстэрняй, фермы, цялятнікі, збожжасушылкі і іншыя гаспадарчыя аб`екты былога калгаса «Рассвет» у вёсцы Вострава на Слонімшчыне, піша Газета Слонімская.

УСЁ ШТО ЗАСТАЛОСЯ АД БЫЛОГА КАЛГАСА “РАССВЕТ”

 

Напрыканцы 2018 года з машыннага двара вывезлі ў Міжэвічы апошнюю тэхніку, а з фермы — апошніх кароў. Цяпер на машынным двары толькі вецер гуляе, а на фермах усё яшчэ застаюцца жыць каты ды галубы. Цяпер тут поўная глухамань. Ніхто не рыкае, нішто не гудзіць. Толькі вецер свішча.

Раней тут размяшчаўся мехдвор

 

Раней такі ж лёс напаткаў былую калгасную гаспадарку ў Смаўжах і абедзвюх Перавалоках.

Калгасная індустрыя, якую пабудавалі тут дзяды і бацькі сённяшніх сялян, пачала згортвацца з 2007 года, калі тутэйшы калгас «Рассвет» далучылі да суседніх «Міжэвічаў». Далучылі валявым рашэннем тагачасных начальнікаў насуперак волі калгаснікаў. Так выконвалася генеральная лінія вярхоўнай улады на ўзбуйненне калектыўных гаспадарак.

А тут адкормлівалі бычкоў

 

Узбуйнілі. Некаторыя з былых ужо начальнікаў, хто спрычыніўся да таго ўзбуйнення, сёння прызнаюць, што рашэнне тое было памылковым. Пустэча сённяшняга Вострава — былой цэнтральнай калгаснай сядзібы — не пакідае ў гэтым ніякіх сумневаў. Механізатараў і жывёлаводаў, хто яшчэ працуе ў сённяшняй аграгаспадарцы «Міжэвічы», возяць раніцай з Вострава на працу і прывозяць вечарам з працы на калгасных машынах. Заробкі мінімальныя. Людзі кажуць, што ім калісьці не пашчасціла з начальствам, бо эксперымент з узбуйненнем праваліўся.

Што чакае наперадзе ўзбуйненыя «Міжэвічы» — не ведае ніхто.

Тэкст і фота Міколы Канановіча

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: