«Людзям далі зразумець, што калі вы будзеце мітынгаваць, то дойдзе аж да звальненняў. Без тлумачэння прычынаў». На гэткія запужванні з боку мясцовых уладаў скардзяцца жыхары пасёлку «Сцяг працы» на Гомельшчыне. А мітынгаваць ёсць з-за чаго. З 2003 года людзі змагаюцца супраць сметнішча каля іхных дамоў. Нібыта дамагліся яго ліквідацыі. Але цяпер сітуацыя блізкая да экалагічнай катастрофы.

Замест таго, каб зліквідаваць сметнішча, зрабілі бачнасць парадку

Жыхары пасёлку Сцяг працы, што на Гомельшчыне, абвінавачваюць мясцовыя ўлады ў экалагічным злачынстве.

«Выкапалі катлаван да самай вады. Цяпер у гэты катлаван ссунулі ўсё смецце. І зверху – побач стаялі сасёнкі, бярозкі – усё накрылі. І закапалі смецце да самых грунтовых водаў. Зараз гэтыя грунтовыя воды будуць заражаць усю вёску», – абураецца мясцовы актывіст Міхаіл Пяхота.

Хлусня прапагандыстаў

Прыгожую карцінку ліквідацыі несанкцыянаванага сметнішча паказалі на дзяржаўным тэлебачанні. Слова далі нібыта і мясцовым жыхарам.

Вось толькі нестыкоўка: мясцовыя сцвярджаюць, што мужчына ў сюжэце праўрадавых медыяў – не жыхар пасёлку.

«Мы ўпершыню яго пабачылі на экране тэлевізару. Ён прадставіўся жыхаром пасёлку «Сцяг працы». Аднак мы нават сярод дачнікаў яго ніколі не бачылі. Поўны мужчына, цікавы. Калі мы – вясковыя дзеўкі – мы так і прыйшлі. А там такі дзядзька – не наш. Мы лічым, што яго прывезла старшыня сельскага савету», – кажуць мясцовыя.

Чытайце па тэме:  Смерть на службе. На Гомельщине родные еще одного повешенного солдата не верят в суицид

Мы звярнуліся па тлумачэнне сітуацыі да старшыні сельсавету

«Я па тэлефоне не тлумачу. Таму што гэта сур’ёзнае пытанне. Вы можаце прыехаць, калі ў вас ёсць акрэдытацыя ці дазвол на здымкі, мы можам з вамі паразмаўляць», – зазначыла старшыня выканкаму Жанна Бізня.

Не знайшоўшы падтрымання на мясцовым узроўні, жыхары звярталіся ў Гомельскі райвыканкам, Камітэт дзяржкантролю, Адміністрацыю прэзідэнта. Адказы – станоўчыя. Маўляў, дапаможам, вышлем з праверкаю камісію. Аднак, пакуль вынік – нулявы.

За пятнаццаць гадоў існавання ў беспасярэдняй блізкасці да пасёлку сметнішча пітная вада ператварылася ў атруту.

Выправіць сітуацыю спрабавалі хлёркаю

«Пасля таго, як засыпалі хлёркай летам, вада стала мутная, белая», – скардзіцца мясцовая жыхарка.

Не дапамагло. Пасля праверкі аказалася, што нават у калодзежы глыбінёю 35 метраў вада дрэнная.

Каб закапаная зараз звалка не ператварылася ў экалагічную катастрофу людзі ў апошняй надзеі быць пачутымі звяртаюцца да кіраўніка краіны.

«Просім правесці следства і пакараць людзей, якія вінаватыя ў тым, што мы апынуліся ў такім становішчы».

Ці ён пачуе? Будзем сачыць за развіццём сітуацыі.

Лола Бурыева, «Белсат»

 

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: