Гадавая хваля прэміяў адхлынула –  можна свабодна і мерна паразважаць.

Ілюстрацыйнае фота

Усе з’явы на Зямлі – водгулле Космасу. Не ўлічваць гэтага – значыць, блукаць у цемры. Тады творчы імпэт вядзе думку ў пакутлівае і доўгае бадзянне па бязглуздасцях матэрыяльнага свету.

“Ноч” Віктара Марціновіча выяўляе адзін з такіх шляхоў. Які пачынаецца ад заблудзі, цягнецца-блытаецца ў змроку і, непраяснены, знікае ў казачнай прасторы, то бок нікуды не прыводзіць.

Твор густы на падзеі, значэнні, погляды, варыяцыі. Мае дастаткова таёмасцяў, нечаканасцяў і, наогул, адметнасцяў, каб зацікавіць. Якраз для звычайнага невымогчывага чытача.

Асаблівасць такая, што кампазіцыйна раман будуецца вакол аднаго галоўнага героя Кнігара, зрэдзь адгаліноўваецца на іншыя характары, якія вынікаюць і пераплятаюцца сітуацыйна. Паралельныя сюжэтныя лініі адсутнічаюць. Апавяданне вядзецца ад першай асобы – гэты стыль вызначае скіраванасць твору, падкрэслівае надзвычайнае сабетніцтва і празмерную катэгарычнасць героя. А таксама – настраёвасць гульні: аўтар бытта недатычны да ягоных дзіўнасцяў.

Але “Ноч” – і досыць хутка – пераконвае: аўтар – бог, які стварае адметны свет для героя, а гэтага – па свайму наўзору і падабенству.

Напачатку яшчэ заўважаюцца адрозненні: колькі радкоў пра Калкату, розумы кантыненту, Шыву і аватару абяцаюць паглыбленне ўва ўсходнюю мудрасць ды абстракцыю вобразаў. Міжволі ўзбуджае: нарэшце Марціновіч узяўся за філасофію іншасьці…

Але далейшая выразная суб’ектыўнасць пісання астуджае, паказвае звыклую прызямлёнасць падзеяў без аніякіх адвалочнасцяў: свет звужваецца да аднаго лінейнага і фізічнага бачання. Нават “пуджа канцу” завецца прыколам будыстаў з трубамі.

Увогуле, грубасць і зматэрыялізаванасць уяўленняў проста зацягваюць раман. Цемра падаецца як насланнё адных вонкавых абставінаў. Нават пра нейкія ўнутраныя працэсы  чалавека, загадкавыя з’явы сведчаць рухі тых жа звычайных шчыльных рэчаў альбо толькі пераказы забабонаў і вусцішу. “Ратаванне свету” (увесь курсіў – выняткі ад раману) адбываецца ў стылі сучасных шаблонаў і стандартаў з некаторым аздабленнем уласнай фантазіяй.

Пераспевы сусветнай тэматыкі наганяюць аскому. Уся існая кніжная і кіношная несусвеціца проста сабраная ў кучу ды вывернутая на Беларусь, як на абшар, дзе нібыта адбываецца збег прыкрых варункаў.

Герой не любіць сваю краіну і паўстае як выключна самотная істота. “За сваё жыццё я прызвычаіўся лічыць радзіму стылым, непрыдатным для існавання месцам, засумаваць па якім можна хіба тады, калі трапіш у пекла. Ды і як, ды і па чым тут нудзіцца?“ Ад гэтага не выпадае дзіваваць, бо ён – тыповы прадукт свайго часу і ўвасабляе страчанае пакаленне, якое падмяніла нацыянальныя каштоўнасці наедным побытам ды касмапалітычным гойсаннем і вылучае застыглы змрок.

Унутранае скрыўленне спараджае адпаведныя паводзіны, крытэры, схільнасці.

“…калі не любіш людзей, будзеш любіць хаця б сваю псіну”  – вытлумачае самотнік свой нораў. Як толькі ён не заве свайго сабаку: мая дзявуля, псюля, сабуля, сабулёўна, сяброўка, дзяўчынка, дзяўчыначка, дзеўка, дзявулька! І толькі аднойчы мовіць пра звера “гаўкалка”, што бліжэй да яго прыроды. Памарока ад псюлі такая, што герой, наогул, пазбягае звычайных юнацкіх любошчаў і прыкметна няўспыхлівы да сваёй “каханкі”. Складваецца ўражанне, што апошняя проста прылепленая да сюжэту для кампазіцыйнай прывабнасці і гладкасці.

І ў дарогу ён адпраўляецца не з-за яе, а па прычыне цьмянасці свайго нутра, якое не вылечваецца нават кніжнасцю. “Бо добрая адукацыя не дазваляла … вытлумачаць усё тое, што мы бачылі ў нябёсах”

“Я — Кнігар, не бібліятэкар”, “Я — Кніжнік”,  “Я не Кніжнік. Я — кнігар. Накшталт бібліятэкара…”,бадзяжны літаратуразнавец” – на такіх процілеглых назовах свайго жыццёвага занятку настойвае герой і залішне дэманструе свае, як ён лічыць, веды. Але насамрэч ён паказвае не веды, а толькі іх форму. Так, менавіта формай, выявай ведаў у матэрыяльным свеце, захапляецца-распараджаецца герой – кнігамі. А іхны змест, сутнасць, ідэі, то бок сапраўдныя веды, слугуюць для яго своеасаблівым таварным знакам продажу.

Увогуле, фармаванне – адвечны спосаб нашага жыцця. Нябёсы заўсёды абалачывалі веды, як касмічны сэнс, у нейкі матэрыяльны выгляд з мэтай лепшага засваення людзьмі: камень, расліна, дрэва, папера, кампутар… Чалавек гэта лёгка ўспрымае: на тое ён і homo sapiens.

У гэтым сэнсе Кнігар банальны і не разумее, што друкаванкі – насамрэч мова, на якой Сусвет размаўляе з чалавекам. І не колькасцю кніжкаў вызначаецца гэты дыялог, а якасцю спазнання. Кожны павінен адчуць Боскае Пакліканне –  дзеля чаго і адбываецца ўсё на свеце.

На жаль, герой далёкі ад гэтага. Адтаго ён разгублены, мятушлівы, няўпэўнены, жыве на раздарожжы, шукае-блукае. І не знаходзіць!

Усё, што яму трапляецца,  – звыклае, гнятлівае і … брыдкае.

Стан – нявызначаны. Істае – у цямноце. Мінулае,  будучае – не праглядваецца.

Што адбываецца?

Наяўных ведаў у яго не хапае.

Аж шкада бедака!

Не ўзрушвае літаратуразнаўца і прыгажосць. Вакольна паглынутая цемрывам, яна зрэдзь паўстае ў вобразах канкрэтных жанчынаў. Гэтыя ў рамане – не для захаплення, для адчапнога. Для формы. Звычайныя і трывіяльныя, яны насцярожваюць, нічога не вырашаюць, адцягваюць і нават замінаюць, дэманструючы нялепшыя якасці. На іх фоне курта – прыўкрасная зорка. Ён не можа намаляваць іх паводле свайго ўспрымання, адзначыць “..знешнія якасці тых жанчынаў, на якіх збіраліся ўскараскацца іх героі”.  Для гэтага скарыстоўвае, як заўсёды, кніжныя акрэсленні. “…апісанне дзявочай красы злілося ў манатонны гулкі вулей. Азначэнні паўтараліся з тэксту ў тэкст: вусны, грудзі, лыткі, майткі пазліпаліся ў адно суцэльнае шмаравідла”. А адну з асобаў характарызуе словамі Уладзіміра Караткевіча пра… грушу.

Магчыма, незвычайнае страсенне, прасвятленне змянілі б шлях Кнігара, скіравалі б яго да пераўтварэння свядомасці, да высокіх сфераў.

Сама па сабе фізічная дарога не мае вялікага значэння: ясная – цьмяная, доўгая – кароткая, туды – сюды… Калі яна не асвечаная распашыраным сведам’ем, глыбокім разуменнем Законаў Космасу – тленнае цела можа сноўдацца па Зямлі колькі заўгодна, але ніколі не вырашыць свае праблемы. Закутае матэрыяльным бачаннем, яно не здольнае даўмеўцца, што вецер Часу абвявае-працінае і яго, і нетры, і неба аднолькава, без выключэння і нічога не адасабляе. “Час у матэрыі спыніўся. У жывых істот — працягвае ісці”  –  меркаванне недасведчанага: па-першае, жывыя істоты – таксама матэрыя, а па другое, матэрыя – уся жывая!

“Я ўзважыў у галаве маштабы блэкаўту… ды адкінуў магчымасць узаемасувязі як анекдатычную. Супадзенне, звычайнае супадзенне”  – уражвае гэткае маладумнае сцвярджэнне начытанага героя. Ягоная кніжнасць павярхоўная, дылетанцкая і не дапамагае сапраўднаму веданню. У рамане гэта добра выяўляецца.

Светапогляды герояў закабаленыя, нават закасцявелыя. Асабліва дзіўнымі, спрошчанымі і стандартнымі падаюцца разважанні пра Бога (смяхотнае злучэнне: “алгарытм” і “нелагічны, гэты Бог”). І Самуэль-“Міша”, і маці Тацьцяна, і Дама Карнавалу, і іншыя “перапяваюць” на свой лад абыходкавыя матывы і нічога вартага, слушнага не прапануюць. Адзінае, што іх яднае, – скептытызм,  які ідзе ад усё той жа неасвечанасці і адналінейнасці. Нясмела, боязна праступае  богаборніцтва аж да д’ябальства… “Я…  і дакладна звяртаўся да іншага Бога.

Наогул, твор развівае сумневы, спрабуе паламаць стэрэатыпы, але на “цёмны” абыватальскі манер. Так, напрыклад, выглядаюць аб’ёмістыя ды каламутнаватыя фрагменты пра свядомую блытаніну існавання, гістарычны шлях чалавека альбо  “слушная” рэкамендацыя: “У гэткім свеце за жыццё найлепш змагацца невялічкімі сярэднявечнымі каралеўствамі, а не буйнымі сучаснымі дзяржавамі”. А слынны Герадот зусім не заслугоўвае павагі: “Нейкі валацуга дзве з паловай тысячы гадоў таму зазірнуў адным вокам у маю краіну, нічога ў ёй не зразумеў, расказаў іншым, якія таксама нічога не зразумелі, але валацугу паверылі”. Пры гэтым сябе Кнігар лічыць вандроўнікам і знаўцам. А ягоныя якасці ў рамане разглядаюцца як звышчалавечыя: “Адам , які прабіваецца праз цемру да сваёй Евы”, а каханнем нягоршы за чыюсьці “марную мару выратаваць увесь свет”.

Самадумства, эгаізм і “дзіўнаватасць” асабліва выпукляюцца, калі герой адчувае сябе “сінтэзаваным”: “графітавы чалавек ува мне, унутраны графітавы чалавек”. Далейшае развіццё падзеяў паказвае, што ягоная апрадмечаная свядомасць рэгрэсуе, упадае ў інвалюцыю, адмаўляе электрычнасць, як энергетычны дасяг чалавецтва,  і насур’ёз апелюе да мінералаў, як да выйсця.

Сцяжэлае сведам’е падзяляе героя маральна: ён лічыць, што можна думаць незычліва, а паводзіць прыстойна, – і заставацца вартым ды прыдатным чалавекам. Іменна такая  псіхалогія прысутнічае, калі ён дбае пра аднаго сабаку, а ненавідзіць увесь свет. У Кнігара – ні каліўку душы! Не толькі галоўныя, але і другарадныя дэталі раскрываюць ягоную ўнутраную скрыўленасць, хваравітую зараджанасць.

Займальна, што ў рамане адсутнасць дня паўплывала на маральнасць. У чалавека “Ноч”чу амаль зніклі пазітыўныя якасці і разросся негатыў: ува ўсіх герояў разняволілася спахоўнае і ладна выткнулася паднаготная. Яны толькі дапоўнілі агульнае зацямненне-затлумленне, якое найбольш адлюстравалася ў вобразе Самуэля-“Мішы”-Пастуха-Геолага. Калі трэба сказаць нешта важнае і значнае, аўтар выводзіць гэтага “незвычайнага” героя з цемры, атуляе яго загадкавасцю, балаканнем, змудраванасьцю, містычнасьцю, інтрыгавальна перамяноўвае-пераўвасабляе, намінаючы, што ён – боства і з асаблівай місіяй на Зямлі. “Вы Бог? Вы сатана? Вы іншапланетнік?”. Але ніякіх адкрыццяў і аб’явенняў не адбываецца ні па форме, ні па зместу: гучыць звычайнае абагульненне запазычанасцяў. Складваецца ўражанне, што аўтар імкнецца перахітрыць нават самога сябе. Толькі нічога з гэтага не атрымліваецца ўсё з-за таго ж: “У граматыцы ягоных гаварэнняў нешта было глабальна паламанае”, ён абсалютна не разумее” Прынцыпаў Касмічнага Светаўтварэння! Па паводзінах і выказваннях, Самуэль – фанабэрысты нігіліст-крытыкан няўрымслівага, самадумнага і неўратычнага складу. …“з “Мішам” немагчыма было весці дыялог” . І зусім не звышнатуральная істота! Ён не ўсведамляе эвалюцыі і зменьлівасці формаў спазнання: “… людзі наўмысна пазбягаюць ведаў. Гэта — у іх прыродзе. Усё, што ім патрэбна, — забаўкі ды субстрат ведаў, які яны назвалі “інфармацыяй”  – а яшчэ тут патыхае непрыязнасцю да чалавека. Аватара ніколі не заявіць: “Чалавецтва настолькі пераканалася ў сваёй велічы, што і скон свой звязвала з сабой  … быццам homo sapiens — галоўная сіла на планеце”. Гэтыя словы спрошчваюць глабальныя веды, ігнаруюць самую сутнасць Касмічнага Быцця: сінтэз сусветнай навукі, рэлігіі і філасофіі даказвае, што Зямля створаная для чалавека і ўсё на ёй адбываецца менавіта з-за яго! Адтаго ўсе вяшчунствы “старога каўбоя” наконт пытанняў “за што?” і “для чаго?” выглядаюць, мякка кажучы, праставата. ”Вы ўвесь гэты час не там шукалі” і не тою мудрасцю кіраваліся – такую рысу можна падвесці пад усёй павярхоўнай філасофіяй не толькі Самуэля, але і ўсяго раману.

Зрэдзьчас Кніжнік выяўляе цікавыя, блізкія да сапраўднасці, назіранні.

Так, ваду і паветра прылічае да адной субстанцыі.

А, увогуле, добрая думка пра ваду не знаходзіць належнага працягу. Мабыць, яна не здолела выплыць са састарэлых уяўленняў пра H2O (вадкасць – і ўсё!) і паўстаць у шматмер’і жыццядайнай энергіі ўсяго Сусвету.

Толькі бліскам застаецца і ўзгадка пра іншае жыццё: “Хтосьці чакае нас, заблукалых у космасе”.

Варта адцеміць: рэкамендацыя “прыслухацца да шолаху зораў” сапраўды надзённая, а – “трэба перастаць жэрці планету” – бессэнсоўная і прынцыпова неабгрунтаваная. Калі апошняя слугуе за ідэю раману, то ўсе намаганні – проста пшык!

На нейкім этапе змушае запытацца амаль інтымна: “Адкуль выскачыў гэты свет? … І ці выскачыў ён насамрэч, ці, можа, камусьці прымроіўся ў цемры?”.

Прадметнасць быцця – вузкая і няясная сфера, касмічны этап зняволення розуму.

Герою не дадзена выйсьці за яе межы, спасцігаць інакш. Ён – бездапаможны.

Шматлікія ягоныя высілкі – толькі памнажэнне асабістага сутоння: “…усе мы, чалавецтва, двухногія, насельнікі цемры, тубыльцы ночы…”.

А гэта – дадатковыя скажэнні, здагадкі, памылкі, аблуднасць.

Раман спараджае ды захоўвае колькі прыкрасцяў, часам, зводзіць, чаго  можна і не заўважыць у пеністым  словаблуддзі і ў мудрагелістай аргументацыі.

Так, добрую палову раману героя суправаджае святло Месяца на маладзік – дзівосы: рэальна на маладзік Месяц нябачны і няма святла ноччу!

Тут адразу прыгадваецца ранейшы пэрл. “Абыякавыя мільёны” выстаўляюцца дурнямі толькі з-за таго, што ўпарта наведваюць месца, куды аднойчы патрапіла маланка: маўляў, тая лучыць туды зноў і зноў! – мастацкая бязглуздзіца, бо людзі дакладна ведаюць: шматкроць малання аднолькава не цэліць (“Сцюдзёны вырай”).

Асаблівая блытаніна назіраецца на кіношныя тэмы. Раней Расэла Кроу аўтар пераблытаў з Кевінам Спейсі (фільм “Гульні розуму”), была мешань з Сарай Конар (фільм “Тэрмінатар”). Цяпер “прыгажуньку” Анжаліну Джолі назвалі  Вівьен, асацыюючы, мабыць, з Вівьен Лі (фільм “Панесеныя ветрам”), а бабуля (пасля недвухсэнсоўных намёкаў – міс  Марпл) зрабілася “міссіс Марплз”. “Вечна маладая секс-сімвалка” Мэрылін Манро здзекліва скрыўленая да Мэрлін і “Сівой Мэрлін”. Цікава, што і светлавы перадатчык замігцеў, як пульсар у нябёсах. Пульсар не мігціць!

Паводле назіранняў: падманваюць у малым – ашукваюць у вялікім, блукаеш сам – аблудзіш іншых, праўда – адная!

Асабліва гэта тычыцца ведаў, як разумовага арыенціру. Калі яны няправільныя альбо скажоныя – спазнанне скрыўляецца, свядомасць памыляецца. Да таго ж, ладна пэцкаюцца вобразы. Апраўдвае гэта толькі тое, што мастацкая літаратура прымае ўваабражэнні любога кшталту.

Аналіз дазваляе меркаваць, што мыслёва, у віртуаліях, твор напісаны па-расейску, але для апублікавання перакладзены на беларускую мову.

“Гэтая забаўка” адчуваецца на працягу ўсяго чытання – русіфікацыя  забірае не толькі граматычныя формы, але і стыль выкладання, сэнсавыя падыходы ды камбінацыі і нават вобразнасць. Усе лінгвістычныя асаблівасці раману сведчаць пра змушаны і неіманентны досвед скарыстання мовы.

Шырокавядома, што беларуская мова, як і кожная, выяўляецца найбольш арганічна ад моцнага нацыянальнага самасведам’я. Ад прыпадаблення – іншыя вынікі.

Прыкладаў апошняга ў рамане дастаткова. Наступны – асаблівы. Ён сведчыць пра ўстойлівасць пабочнага ўплыву на ўяўленні  ды аўтарскі і рэдактарскі недагляд, ад якога перакруцілася значэнне слыннай думкі: “Бог аддзяліў свет ад цемры…”.

Трохі насцярожвае і перасмыкае, калі ператвораны ў месію “Міша” выдае: “тэкст рускага быў прысвечаны… галоўнай загане вашых земляў”. Насамрэч той самы “рускі”  ніколі ніводным словам не абмовіўся пра нашыя – беларускія! – землі. А адчаго тады “Міша” абагульняе? Безумоўна, высунуў свае вушы творчы імперскі дух!

Наогул, некаторыя аўтарскія павадкі, падводы, намёкі падобныя больш да  неасвечанасці, чымся да замаскаванай веднасці з подступамі.

Па праўдзе,  многа выкрутасаў “Ночы” выклікае сумнеў і скаламут. Наяве той выпадак, калі адукаванасць – наравістая, але не ад каранёў і глыбіняў. Дэталі твору атлумляюць і патрабуюць уважлівасці. Адтаго лепш нагадаць: “Хай кожны дэшыфруе гэтую прыпавесць нанава і самастойна”.

Выйсці з цемры да святла – цяжка. Асабліва, калі яна ўнутры.

Істыя Законы нашага існавання вызначаныя Богам і нам невядомыя. Яшчэ ніхто на свеце не патлумачыў Іх! І не патлумачыць! Меркаванняў – процьма. Зманлівых, недарэчных, карыкатурных. На жаль, вера ў іх – паскудзіць і атручвае.

Каб не паддацца – лепш адпрэчваць.

Мікола Калядны,

для Беларускай праўды

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...