Беларускі музыка Алег Хаменка назваў запрашэнне расейскіх музыкаў на Дзень Незалежнасці ў Магілёве нонсэнсам.

novosti-ru.ru

Пра выступленне ў Магілёве расейскіх артыстаў на Дзень Незалежнасці 3 ліпеня першым паведаміў сайт, які апублікаваў дакумент аб ганарарах расейскім спевакам, паведамляе Радыё Свабода.

Згодна з дакументам, на іх выступ выдзелена 156 600 рублёў (больш за 84 тысячы даляраў).

Дырэктар філармоніі: быў тэндэр

Аўтар публікацыі акцэнтуе ўвагу, што сродкі на арганізацыю канцэрту і аплату артыстам бюджэтныя, і ставіць пытанне, чаму на Дзень беларускай незалежнасці запрошаныя менавіта Алег Газманаў, Леў Леўшчанка і Аляксей Вараб’ёў.

У Магілёўскай філармоніі пацвердзілі сапраўднасць апублікаваных дакументаў. Яе дырэктар Дзяніс Шаблінскі ў гутарцы з карэспандэнтам Свабоды сказаў, што выбіралі спевакоў, зыходзячы з фінансавых магчымасцяў абласнога бюджэту і ўмоваў тэндэру. Паводле суразмоўцы, спіс тых артыстаў, якіх збіраліся запрасіць з Расеі на сяточны канцэрт, поўніўся дзясяткам прэтэндэнтаў.

На пытанне, чаму выбралі Лешчанку, Газманава і Вараб’ёва, творчасць якіх не звязаная з беларускай дзяржаўнасцю, суразмоўца адказаў, што ніхто лепей за Лешчанку не выканае песню «Дзень Перамогі» і дадаў: «А чаму летась быў запрошаны на канцэрт Ёсіф Кабзон?»

На пытанне, чаму запрасілі спевакоў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Украіны праз наведванне імі Крыму, анэксію якога Расеяй не падтрымлівае Беларусь, Дзяніс Шаблінскі адказаў, што шукаць «палітычнай падкладкі» ў іх выступе ў Магілёве не варта, бо яе няма.

Шаблінскі дадаў, што на канцэрце будуць выступаць і беларускія артысты. Але на іх выступ не прадугледжваецца правядзенне абавязковага тэндэру, як для іншаземцаў, патлумачыў ён.

Дырэктар Магілёўскай філармоніі зазначыў, што выступленне Лешчанкі, Газманава і Вараб’ёва адбудзецца не на святкаванні 750-годдзя Магілёва, а на ўрачыстасці, прымеркаванай да Дня Незалежнасці.

Хаменка: гэта нонсэнс

Гурт «Палац» не будзе ўдзельнікам магілёўскіх урачыстасцяў. Лідэр гурту Алег Хаменка ведае пра сітуацыю з запрашэннем у Магілёў расейскіх музыкаў. Каментаваць яе ён не стаў, адзначыў толькі, што афіцыйны Дзень Незалежнасці мае аддаленае дачыненне да дзяржаўнасці Беларусі. Выбраную дату святкавання суразмоўца назваў памылкай.

«З першай, галоўнай, памылкі цягнецца безліч іншых, якія даводзяць сітуацыю не толькі да відавочнага нонсэнсу, але і катастрафічнага. На крывым жа падмурку не можа быць роўнага дома», — патлумачыў сваю пазіцыю Алег Хаменка.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: