Знакаміты на ўвесь свет кампазітар, мастак, піяніст Напалеон Орда год адседзеў у астрозе Гродна, асуджаны да высылкі ў “аддаленыя губерні Расіі”, але абвінавачанне знялі.

Прафесар Вячаслаў Швед знайшоў у Нацыянальным гістарычным архіве Гродна новыя дакументы, якія раскрываюць цікавыя падрабязнасці з жыцця Напалеона Орды.

Удзельнік паўстання 1830-1831 гадоў, Напалеон Орда вярнуўся з эміграцыі ў 1856 годзе па маніфесту таго ж года. Прыпісаны да Кобрынскага мяшчанскага грамадства, арэндаваў казённую ферму Варацэвічы ў Кобрынскім уезде. Вясной 1863 годзе агітаваў сваіх дваравых уступіць у паўстанцкі атрад, што трое з іх і зраблі 30.04 (12.05)).

Знаходзіўся пад следствам з 22.01 (3.02) 1866 года, сядзеў у кобрынскім турэмным замку з 28.02 (12.03).1866 года. У выніку вобшукаў, праведзеных у ягоным доме, знайшлі парахаўніцу з порахам, патрыятычныя вершы і падазроныя паперы. 3 (15).05.1866 года быў адпраўлены ў Гродна, дзе праседзеў у мясцовым астрозе да 30.05 (11.06).1867 г. Вайсковы суд прыгаварыў да высылкі ў “аддаленыя губерні Расіі”, але канфірмацыяй выконваючага абавязкі камандуючага Віленскай вайсковай акругі генерал-лейтэнанта Манюкіна ад 15 (27).07.1867 г. быў звольнены ад адказнасці.

Дарэчы, з 40 гродзенскіх малюнкаў Орды два сведчаць аб яго знаходжанні ў гродзенскай турме. На адным мы бачым езуіцкі касцёл з левага бакавога фасаду, на другім – верхні ярус дамініканскага касцёла. На абодвух малюнках на першым плане паказаны турэмны двор у розных ракурсах.

Чытайце па тэме:  Литва уже не исчезает? В декабре иммиграция была выше эмиграции

З архіўнай справы бачна, што Напалеон і яго жонка Ірына (францужанка) абвінавачваліся ў тым, што дазволілі свайму сыну Вітольду ўступіць у французскае войска без дазволу расійскага ўрада. Следства высветліла, што Вітольд нарадзіўся ў Францыі пад час знаходжання бацькі ў эміграцыі ( у 1856 г. хлопцу было 15 гадоў). Калі бацькі ў 1856 г. паехалі ў Расійскую імперыю, ён застаўся на месцы. Па законах Францыі Вітольд лічыўся яе грамадзянінам і мог ісці на вайсковую службу, таму французскае пасольства ў часе следства па гэта справе звярнулася да расійскай улады. Тая вымушана была зняць абвінавачванне з Ордаў.

Іншыя архіўныя справы гавораць пра ўдзел Напалеона Орды ў Лістападаўскім паўстанні: “Служил в мятежных рядах подпоручником 4 Конно-егерского полка из которого был командирован в главный штаб мятежного войска в коем находился чрез всю кампании…”. Следчым камітэтам аднесены да 2 разрада злачынцаў, маёнтак Варацэвічы падлягаў канфіскацыі, але па ўказу Кіруючага сената ад 22.03.1832 г. быў пакінуты маці паўстанца да яе смерці.

Прафесар гісторыі Вячаслаў Швед, для Беларускай праўды

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: