Па звестках прадпрымальнікаў, у Беларусі адкрылася больш за 100 «узбэцкіх» крамаў таннага адзення. Свабода паспрабавала даведацца, каму яны належаць, ці маюць сэртыфікаты якасці на тавар і якім чынам трымаюць нізкія кошты.

«Фатаграфаваць нельга»

Нядзеля 21 снежня 2018 году, менскі Камароўскі рынак. Побач з ім невялікі офісны будынак цыліндрычнай формы. Над уваходам шыльда з яркімі літарамі «Распродаж адзення» на белым тле замест назвы. Некалькі тыдняў таму тут жа была шыльда з інфармацыяй пра гандаль канфіскатам, цяпер яе няма.

Унутры крама выглядае як вялікі пакой з мінімальным касмэтычным рамонтам, застаўлены шэрагамі высокіх вешалак з вопраткай. Ля сцен — сталы са стосамі бялізны, разваламі гаманцоў і шкарпэтак. Цэны на тавар можна даведацца з цэннікаў, налепленых проста на джынсы, цішоткі, кашулі і швэдры. Дзіцячая вопратка вісіць асобна. Разлічыцца можна каля выхаду. Там стаіць звычайны стол, за ім супрацоўніца крамы. Побач, на крэсле, сядзіць мужчына.

На першы погляд Захар (так завуць мужчыну) не бярэ ніякага ўдзелу ў працы. Аднак варта толькі папрасіць паказаць сэртыфікаты якасці на выбраныя кашулі, як ён дастае тонкую тэчку з некалькімі файламі і распытвае, хто ты такі. У выніку Захар забірае тэчку назад (сэртыфікатаў якасці там не аказалася), паведамляе, што фатаграфаваць дакумэнты нельга, і некуды тэлефануе.

Пазней перадае трубку, адкуль яшчэ адзін супрацоўнік выбачаецца за адсутнасць сэртыфікатаў, паведамляе, што яны часова ў Менгарвыканкаме «на праверцы» і просіць пакінуць нумар тэлефона, па якім са мной абавязкова звяжуцца і пакажуць усе неабходныя дакумэнты.

«Яны спачатку нас давядуць да банкруцтва, а потым самі падымуць кошты»

Нашэсце крамаў з таннай вопраткай пачалося ў Беларусі вясной 2017-га. Адным з першых засвяцілася ТАА «Цюбецейка» ў Светлагорску (адсюль пайшла агульная назва крамаў з таннай вопраткай — «цюбецейкі»). Па звестках кіраўніка аб’яднання прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» Анатоля Шумчанкі, з таго часу па ўсёй краіне адкрылася больш за сто такіх крамаў. У канцы 2017 году частка з іх закрылася.

«Цяпер не сэзон, таму яны часова спынілі працу. Але вясной пачнуць з новымі сіламі гандляваць, — кажа Шумчанка. — Добра адгандляваліся хлопцы, добра папрацавалі. Зараз дадому паедуць адпачыць. Вывезлі з Беларусі грошы, валюту, а мы тут далей тут капацца будзем, капейкі зарабляць».

Чытайце па тэме:  Гунар Віганд пра лідэраў беларускай апазіцыі: "Я з імі ўжо сустракаўся"

Па словах Шумчанкі, думкі беларускіх прадпрымальнікаў наконт нечаканых канкурэнтаў падзяліліся. Адны лічаць, што госці з Сярэдняй Азіі карыстаюцца недасканаласцю беларускага заканадаўства (Міністэрства па падатках і зборах не правярае новаадкрыты гандлёвы пункт на працягу двух гадоў), іншыя — што «ўзбэцкі» бізнэс курыруе нехта «зверху».

«Я ня ведаю, у чым прычына і хто за гэтымі крамамі стаіць. Але я ведаю дакладна, што калі б так працавалі беларускія індывідуальныя прадпрымальнікі, у іх бы забіралі тавар, — упэўнены Анатоль Шумчанка. — Ніхто б не цырымоніўся. Гэта вось прадпрымальнікаў і абурае. Міністэрства па падатках і зборах скардзіцца, што нізкія зборы ў іх, а тут пад носам столькі парушэнняў — і нічога».

Лідэр прадпрымальнікаў прызнае, што ў так званых «узбэцкіх» крамах цэны значна ніжэйшыя, чым у беларускіх «іпэшнікаў». На думку Шумчанкі, гэта магчыма таму, што госці эканомяць на сэртыфікацыі тавараў (таму і ня могуць паказаць сэртыфікаты якасці), сплаце падаткаў (маўляў, частка выручкі ідзе ў абход касы), а таксама дзякуючы вялікім аб’ёмам гандлю.

«Праз гэтыя нізкія цэны руйнуецца наш айчынны бізнэс, які грошы траціць тут, у Беларусі, — кажа Шумчанка. — Мы ж не выводзім грошы з краіны. Трэба прыярытэты расстаўляць. Калі б мы так працавалі, як яны, у нас цэны былі б яшчэ ніжэйшыя. Але мы ў рамках закону працуем, у нас высокія санкцыі. Сёння гэтыя крамы прыбяруць наш беларускі бізнэс, будуць працаваць за 200 даляраў у месяц… Мы будзем знішчаныя, а заўтра яны самі падымуць цэны да таго ўзроўню, якія яны захочуць зрабіць. Вось так будзе».

Шумчанка кажа, што не разумее, чаму дзяржава ня ўмешваецца ў сытуацыю. «Значыць, некаму гэта выгадна. Нехта з гэтага нешта мае», — дадае прадпрымальніцкі лідэр.

«ОЙШАтэкстыль»

Як стала вядома Свабодзе, крама з шыльдай «Распродаж вопраткі» каля Камароўкі належыць таварыству з абмежаванай адказнасцю «ОЙШАтэкстыль». Яно было зарэгістравана ў Менгарвыканкаме і Міністэрстве па падатках і зборах на пачатку красавіка 2017 году, тэрмін рэгістрацыі — 9 месяцаў, памер устаўнога фонду невядомы.

Чытайце па тэме:  Дональд Трамп зарегистрировал в Беларуси свой товарный знак - на производство водки и строительство

Працаваць ТАА «ОЙШАтэкстыль» пачало ў канцы жніўня (такая пазнака ёсць на кнізе скаргаў і прапановаў). Падобная крама з такой жа назвай і асартымэнтам яшчэ тры месяцы таму працавала ў Магілёве па адрасе Пушкінскі праспэкт, 24, аднак з невядомых прычын закрылася.

У сталічную краму з таннай вопраткай рэгулярна шукаюць супрацоўнікаў. Графік працы розны. Або 2 дні праз 2, або 5 дзён запар з выходнымі ў суботу і нядзелю. Заробак абяцаюць ад 25 да 40 рублёў на дзень, досвед працы «вітаецца», але разам з тым «ня мае значэння». Выходзіць рублёў 500–700 у месяц.

Як даведалася Свабода, дырэктар і заснавальнік кампаніі «ОЙШАтэкстыль» — грамадзянін Узбэкістану Ясёжан Ахрараў, назву ён даў у гонар дачкі. Цяпер Ахрараў за межамі Беларусі, атрымаць ад яго камэнтар не ўдалося.

 5 рублёў за цішотку, 25 — за джынсы

Асартымэнт крамаў з таннымі таварамі вельмі шырокі: ад дзіцячай вопраткі і джынсаў — да шкарпэтак, кашалькоў і пасцельнай бялізны. Этыкеткі аднатыпныя, з дрэнна чытэльным, часта змазаным шрыфтам. У краме з шыльдай «Распродаж вопраткі» каля Камароўкі на большасці з іх краінай паходжання тавару пазначаны Кітай. Дакладней, «Guangdong Textiles Mansion» у Гуанчжоў. Ёсць таксама тавары, на этыкетках якіх краінамі паходжання пазначаныя Расея і Ўзбэкістан. Цэны і памеры ўпісаныя ад рукі чарнільнай асадкай альбо чорным маркерам.

Некаторых вытворцаў, інфармацыя пра якіх значыцца на этыкетках у краме кампаніі «ОЙШАтэкстыль», немагчыма знайсці нават праз гугл. Напрыклад, вытворцу дзіцячага адзення пад маркай «Tarko-Osiyo Kids». Адрас прадпрыемства падаецца такі: Узбэкістан, Ташкенцкая вобласць, Зангіацінскі раён, пасёлак Назарбек, вуліца Хаміда Алімжона, дом 1А.

У рэальнасці пасёлак Назарбек размяшчаецца адразу за кальцавой Ташкента, ён невялікі, а вуліцы не падпісаныя ні на Google maps, ні на «Яндэкс мапах». Не заўважна значных прадпрыемстваў у гэтым пасёлку і на сатэлітарных фота. Ніякіх тэлефонаў і іншых кантактаў фабрыкі, чыю дзіцячую вопратку прадаюць у цэнтры Менску, таксама няма.

Пра расейскага вытворцу «Данецкая мануфактура М» можна знайсці больш інфармацыі. Гэта расейская кампанія (яе назва паходзіць ад таго Данецку, што ў Растоўскай вобласці, ня блытаць з украінскім Данецкам). Яна спэцыялізуецца на вытворчасці хатняга тэкстылю — бялізны, ручнікоў і іншых падобных рэчаў.

Чытайце па тэме:  Санников: Беларусы вернутся из Украины, и украинцы нам помогут

А цэны прывабліваюць. 5 рублёў за баваўняную цішотку, 25 за джынсы. Таму ня дзіва, што так званыя «цюбецейкі» карыстаюцца папулярнасцю і ў рэгіёнах, і ў сталіцы.

«У „іпэшнікаў“ парушэнняў яшчэ больш, чым у нас»

Андрэй (назваць сваё прозвішча не захацеў, запіс размовы ёсць у рэдакцыі РС) працуе ў кампаніі «ОЙШАтэкстыль» юрыстам. Ён катэгарычна ня згодны з выказваннямі Шумчанкі пра незаконнасць «крамаў-цюбецеек» і пагадзіўся адказаць на некалькі пытанняў Свабоды.

«Усе гэтыя абвінавачанні неабгрунтаваныя. Калі ўзяць і паглядзець кнігі праверак у такіх крамах, дык там практычна штодзённа праверкі. Калі не штодзённа, то 2–3 праверкі ў месяц дакладна бывае, самых розных органаў, — кажа Андрэй. — Калі праверка прыходзіць, то яна ўсё адно знойдзе парушэнне. Але ёсць парушэнні сур’ёзныя, а ёсць нязначныя, якія не нясуць вялікай шкоды дзяржаве».

Юрыст раіць пацікавіцца, колькі тавару мытня канфіскоўвае ў «іпэшнікаў», колькі рэгіструецца фактаў нявыплаты імі падаткаў.

«Чаму Шумчанка не дае інфармацыі, колькі парушэнняў штодзённа выяўляецца ў саміх прадпрымальнікаў? Беларускім прадпрымальнікам налічваюцца вялікія штрафы, — кажа Андрэй. — Узбэцкім таксама, але разбежка будзе велізарная. Параўнайце».

Нізкія цэны ў «крамах-цюбецейках» юрыст «ОЙШАтэкстылю» тлумачыць іх большым, у параўнанні з «іпэшнікамі», таваразваротам і асартымэнтам. «Гэта зусім розныя аб’екты, іх нельга параўноўваць, — кажа юрыст. — Калі беларускі прадпрымальнік адкрые падобную краму, тады можна будзе параўноўваць цэны на тавар… А так я не магу параўнаць краму на 300 „квадратаў“ з шапікам на 30».

Супрацьстаянне «ўзбэцкіх» крамаў і беларускіх «іпэшнікаў» працягваецца.

Як сказаў Свабодзе лідэр аб’яднаньня «Пэрспэктыва», цяпер арганізацыя збірае і фіксуе факты парушэнняў у крамах з таннай вопраткай. Звесткі пра парушэнні перадаюцца ў профільныя міністэрствы з просьбай разабрацца. У кастрычніку гэта скончылася канфіскацыяй тавару адразу ў чатырох крамах, якія працавалі ў Гомельскай вобласці. Іх уладальнікі не змаглі прад’явіць дакумэнты аб паходжаньні свайго тавару.

У кантрольных органах паведамляюць, што правяраюць гандлёвыя пункты незалежна ад формы ўласнасці. «Цюбецейкі» на штрафы і канфіскацыю тавару адказваюць завозам новых партый.

Алесь Пілецкі, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: