Калі мы разважаем пра кантроль аўтарытарнай дзяржавы над грамадствам, што найперш прыходзіць на розум? Міліцыянты, аўтазакі, турмы, спецслужбісты… Магчыма, тэлевізар, прапагандысцкія білборды. Але ёсць адзін інструмент, які звычайна ніхто не ўзгадвае, хаця па магутнасці ён не меншы, чым усе пералічаныя вышэй.


У 2014 годзе міжнародныя рэйтынгі назвалі беларусаў самым пітушчым народам у свеце. У 2016-м наша краіна саступіла першынства Літве, але па-ранейшаму засталася ў топе. Сярэдні беларус, старэйшы за 15 гадоў, спажывае 17,2 літры чыстага спірту на год, што амаль у тры (!) разы больш, чым у сярэднім па планеце. Паводле меркавання Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, незваротная дэградацыя генафонду насельніцтва пачынаецца пасля адзнакі ў 6–8 літраў.

Але хто і як можа вымераць узровень маральнай і інтэлектуальнай дэградацыі?

Спакон веку алкаголь ужываецца ў якасці сродку для пакарэння непакорных. Узгадаем эскімосаў, чукчаў, амерыканскіх індзейцаў. Каланізатары наўмысна спайвалі плямёны, каб тыя гублялі волю да супраціву, станавіліся залежнымі ад бутэлькі і — як следства — ад тых, хто яе ім пастаўляе. Хто першы пачаў выкарыстоўваць гэты сродак для закабалення свайго ўласнага, а не суседніх народаў? Гэта пытанне для гісторыкаў, але відавочна, што ўжо з часоў Савецкага саюза калектыўнае спажыванне алкаголю стала не проста звычаем, і нават не культурным пластом, а амаль нацыянальнай ідэяй. Ад тых часоў і бярэ свой адлік крайне эфектыўнае выкарыстанне алкаголю як інструменту падаўлення несанкцыянаванай грамадскай актыўнасці, і нават несанкцыянаваных думак, які, да таго ж, прыносіць грошы ў дзяржаўны бюджэт.

Манаполія дзяржавы

Вы ніколі не задумваліся, чаму амаль усе заводы па вытворчасці напояў з утрыманнем спірту ў Беларусі знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці? Гэта не выпадковасць, вытворчасць алкаголю — стратэгічная сфера, у якую нельга пускаць абы каго.

Па аналогіі з атрыманнем рэнты ад карысных выкапняў, стабільны, трывалы даход дзяржава атрымлівае ад продажу алкаголю. Чалавек, які купляе бутэльку ў краме, плаціць дзяржаве як мінімум двойчы: спачатку аддаючы свае грошы ААТ ці ЗАТ, уласнікам акцый якога з’яўляецца дзяржава, потым — за акцыз, падатковую надбаўку, зноў жа, у кішэню дзяржавы.

Гэта сфера гарантаванага прыбытку. Гэтаксама як людзі ніколі не перастануць карыстацца электрычнасцю, ездзіць на транспарце, есці хлеб і паліць цыгарэты, яны заўсёды будуць піць. Вытворца гэта разумее, і фактычна алкаголь працягвае заставацца ў Беларусі таварам першай неабходнасці.

Сацыяльны рэгулятар і кантралёр

Адна з важнейшых функцый алкаголю ў соцыуме — заняцце вольнага часу грамадзян. Амаль траціну свайго жыцця мы аддаём працы. Яшчэ траціну — на сон. Тое, што застаецца, можна было б прысвяціць самаразвіццю, адукацыі, творчасці… Але зайдзіце ў любую краму ў пятніцу ўвечары: на касах праз аднаго будуць стаяць людзі з бутэлькамі гарэлкі ці «паўтарашкамі» піва.

Культура нашай краіны сфармаваная такім чынам, што слова «адпачынак», як і словы «кампанія», «тусоўка», нязменна асацыююцца са спажываннем алкаголю. Нельга проста пайсці пагуляць з кампаніяй: трэба ўзяць «па піву». З лепшым сябрам па душах размаўляюць не за кубкам гарбаты, а за чаркай гарэлкі. Нават прагляд фільма ці футбольных матчаў дома для большасці людзей будзе з нязменнай бутэлькай таго ж самага піва.

Спажыванне алкаголю сталася (дакладней, не сталася, а яго зрабілі) сацыяльна прымальнай і нават пажаданай нормай для запаўнення вольнага часу. Выгоды дзяржаўнай сістэмы відавочныя: чалавек менш займаецца асабістым развіццём, менш разважае і рэфлексуе, менш адукоўваецца, ды нават менш чытае, не спрабуе ўдзельнічаць у грамадскім жыцці і нейкіх пазітыўных актыўнасцях, не кажучы ўжо пра пратэстныя акцыі.

«На… ты туда попёрся? Выходной же, сидел бы бухал!» — даводзілася мне чуць ад міліцыянтаў на адрас арыштаваных 25 сакавіка. Самі таго не ведаючы, яны выявілі гэтым выказваннем цэлы пласт дзяржаўнай палітыкі, мэта якой — любым чынам заняць вольны час грамадзяніна, адцягнуўшы яго ад несанкцыянаванай сацыяльнай дзейнасці. Замест яе ён трапляе ў туман, у якім яму няма справы да пытанняў, што хвалююць свядомага грамадзяніна: правоў, свабодаў, сацыяльнай справядлівасці.

Не будзем забывацца, якое ўздзеянне этылавы спірт і яго вытворныя аказваюць на мозг чалавека: этанол — гэта моцны дэпрэсант, які прыгнятае цэнтральную нервовую сістэму. Ён рассейвае ўвагу, зніжае інтэлектуальныя якасці, пазбаўляе мозг здольнасці вырашаць складаныя задачы, спрошчвае мысленне. Не дарма пагромы этнічных, рэлігійных і іншых меншасцяў робяць часцей за ўсе п’яныя натоўпы: п’яны дзейнічае на інстынктах і прымітыўных схемах паводзін, усе культурныя «наслаенні», плады выхавання адыходзяць у яго на другі план.

Узгадаем «франтавыя 100 грамаў» і амаль няспыннае п’янства катаў НКУС і СС падчас Другой сусветнай вайны. Таму, хто расстрэльвае людзей, немагчыма дазволіць рэфлексаваць над тым, што ён робіць.

Чым больш часу чалавек знаходзіцца ў п’яным стане — тым лягчэй ім кіраваць. Ён не задае сабе складаных пытанняў, а на любую фрустрацыю адказвае не пратэстам, а падвышэннем дозы.

Яшчэ адным пабочным вынікам п’янства аказваецца злачыннасць: некаторыя віды злачынстваў, такія, як забойства і хуліганства, больш чым у палове выпадкаў робяцца ў п’яным стане. Па маіх асабістых падліках, ад траціны да паловы насельніцтва турмаў і лагераў трапілі туды «з-за сінькі».

Запытаецеся, у чым жа тут карысць для дзяржавы? Усё вельмі проста. Уявіце сабе, што гэтыя людзі не выпілі б і не зрабілі б злачынства. Для краіны гэта азначае мінус як мінімум 1\3 усіх зняволеных (каля 15 000) — і, аўтаматычна, скарачэнне многіх карных устаноў (СК, міліцыі, пракуратуры, судоў ды калоній) і тысяч іх супрацоўнікаў, якія вымушаныя будуць перавучвацца на цывільныя прафесіі. Ці трэба гэта ім? Пытанне рытарычнае. Гэта ўжо не кажучы пра больш глыбінны і важны ўплыў турэмнай сістэмы, яе субкультуры і каштоўнасцяў на грамадства (зэкі з часам вызваляюцца і нясуць засвоенае на волю), які, на маю думку, таксама з’яўляецца часткай сістэмы кантролю і ўсталявання грамадскай іерархіі. Але гэта тэма для асобнага артыкулу.

Канешне, у сітуацыі, што склалася, было б недарэчна вінаваціць адну толькі дзяржаву як бюракратычна-адміністратыўны апарат. Сам соцыум робіць шмат для рэплікававання такіх паводзін і перадачы іх з пакалення ў пакаленне: напрыклад, праз аліенацыю і маргіналізацыю тых, хто не п’е, асабліва мужчын. На непітушчых глядзяць з непаразуменнем, а часам і з падазронасцю: «Ты што, хворы?», «Ты ў секце, ці што?». Ну і, канешне, сакраментальнае: «Ты мяне паважаеш?» У людзей, што не спажываюць алкаголь, выразна, часам крытычна, звужаецца кола зносін, пакідаючы іх у ізаляцыі пад падазронымі поглядамі. «Не давяраю тым, хто не п’е. Людзі з падвойным дном», — часта даводзілася мне чуць ад знаёмых. Не дзіва, што ў такіх умовах адмова ад спажывання алкаголю патрабуе пэўнай цвёрдасці і гатоўнасці быць незразумелым навакольнымі.

Дзяржава не выносіць канкурэнцыі

Часта даводзіцца чуць: хай п’е, абы не калоўся! Сумнеўная альтэрнатыва. Алкаголь — як і марыхуана, опій, амфетаміны, спайсы, — дапамагае забыцца пра праблемы сённяшняга дня і хоць на час сысці ў іншы свет, у якім не трэба думаць і несці адказнасць за свае ўчынкі.

Але, у адрозненне ад алкаголю, захоўванне і распаўсюд наркатычных сродкаў жорстка пераследуецца дзяржавай. Але ці задаваліся вы пытаннем, чаму дзяржава з такім імпэтам пераследуе спажыўцоў і распаўсюджвальнікаў наркотыкаў? Хіба з-за таго, што наркотыкі больш шкодныя для здароўя? Анягож! Марыхуана доўгі час прадавалася як лячэбны сродак, макавыя і гераінавыя наркаманы, прытрымліваючыся правілаў гігіены, могуць жыць і калоцца ўсё жыццё і памерці ў старасці (паміраюць яны, уласна кажучы, не ад саміх наркотыкаў, а ад выпадковага перадозу альбо ад спадарожных хвароб: ВІЧ і гепатыт).

Можа, ад таго, што чалавек, які «ўкалоўся», больш сацыяльна небяспечны? Статыстыка злачынстваў кажа сама за сябе: злачынствы супраць асобы нашмат часцей здзяйсняюцца п’янымі, чым наркаманамі. Можа, дзяржава турбуецца пра залежных?

У чым жа, у такім выпадку, прычына такой рознай палітыкі ўладаў у дачыненні да наркотыкаў і алкаголю? На мой погляд, адказ тут можа быць толькі адзін: згаданыя вышэй камерцыйная і палітычная карысць. Ад наркагандляроў дзяржава не атрымлівае грошы. Іх не абкладзеш акцызамі і падаткамі, а канкурэнцыю яны складаюць істотную, тым самым змяншаючы прыбыткі тых, у чыіх руках знаходзіцца алкагольная прамысловасць. Адсюль і геройскі-бязлітасная барацьба з наркотыкамі рукамі міліцыі, адсюль і крывадушная тэлепрапаганда супраць нелегальных наркотыкаў, у той час калі легальныя (а алкагольныя напоі — таксама ж наркотыкі) свабодна прадаюцца ў кожнай краме.

З усяго вышэй сказанага можна зрабіць выснову: такія беды нашай краіны, як нізкі адукацыйны ўзровень, цынізм і інтэлектуальная збяднеласць грамадства, адсутнасць пратэстнай культуры, атамізацыя, маюць нашмат больш глыбокія карані, чым гэта часам падаецца. Для кантролю і ўтаймавання грамадства прымяняюцца значна больш тонкія механізмы, чым мы прывыклі думаць. І для таго, каб вызваліцца ад гэтага кантролю, недастаткова проста сімвалічных зменаў: герба, сцяга, дзяржаўнай мовы ці нават прэзідэнта. Змены мусяць быць глыбейшымі і пачынацца з кожнага з нас.

Мікалай Дзядок, Новы час


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.