Амбасадара Беларусі ў Расеі Ігара Петрышэнку спыталі, ці адрынае Беларусь «русский мир». Ён перапытаў, як можна «падзяліць нашага чалавека на расейца і беларуса».

Ігар Петрышэнка

 

Ігар Петрышэнка даў вялікае інтэрвію «Российской газете», выданню ўраду Расейскай Фэдэрацыі.

Ён казаў, што «ні беларусаў, ні расейцаў ня трэба пераконваць у неабходнасці развіваць саюзную інтэграцыю — маўляў, гэта не пытанне, «ці сябраваць з братам». Ён спасылаўся на рэфэрэндум 1995 году, паводле афіцыйных вынікаў якога былі прынятыя рашэнні аб эканамічнай інтэграцыі з Расеяй і наданні расейскай мове статусу дзяржаўнай у Беларусі (той рэфэрэндум прызначаўся і праводзіўся са шматлікімі парушэннямі, Захад не прызнаў яго дэмакратычным).

Паводле Петрышэнкі, «Саюзная дзяржава» Беларусі і Расеі не развіваецца асобна ад Эўразійскага эканамічнага саюзу — гэта «ўзаемадапаўняльныя праекты». І без «Саюзнай дзяржавы», кажа ён, не было б роўнага права беларусаў і расейцаў на перасоўванне, працу, мэдыцынскае абслугоўванне, адукацыю і сацыяльную абарону на тэрыторыі Беларусі і Расеі.

Карэспандэнт «Российской газеты» спытаў амбасадара: ці праўду пішуць «нам і вам вядомыя СМІ», што Беларусь «дрэйфуе на Захад і адрынае „русский мир“»?

«Наш цудоўны кавалачак роднай зямлі стаіць на месцы, ён нікуды не дрэйфуе, — адказаў Петрышэнка. — Так, у нас ёсць суседзі з Захаду, з Усходу, з поўначы, з поўдня, і з імі з усімі трэба сябраваць. І сябраваць ня супраць кагосьці, таму што гэта шлях у нікуды.

Дарэчы, дакладна гэтаксама Расейская Фэдэрацыя праводзіць уласную шматвэктарную замежную палітыку. І мы толькі радуемся, калі развіваецца яе супраца з рознымі краінамі.

Часам штучна ствараецца непатрэбны ажыятаж, быццам мы кудысьці дрэйфуем, але гэта зусім няправільна, што неаднаразова падкрэслівалася ня толькі ў СМІ, але і на самым высокім узроўні.

Прынамсі, у расейскага кіраўніцтва няма да нас такіх пытанняў. Вы ж ведаеце, што наш кіраўнік дзяржавы неаднаразова падкрэсліваў, калі перад намі ставілі выбар — з Захадам мы або з Усходам, то адказ быў, што мы супраць Расеі ні з кім сябраваць не збіраемся».

Ён дадаў, што Беларусь, «як і Расейская Фэдэрацыя», зацікаўленая ў актыўным дыялёгу з Эўразвязам ды іншымі краінамі.

«Што ж тычыцца адмаўлення „русского мира“, як можна падзяліць нашага чалавека на расейца і беларуса? — дадаў Петрышэнка. — Мы беларусы, мы сапраўды адбыліся як нацыя. Сапраўды гэтак жа, як расейскі чалавек. Што тут ня так, што дзяліць?

У нас у краіне дзве дзяржаўныя мовы. Так, мы стараемся больш актыўна развіваць беларускую мову, але што кепскага ў тым, што гаворым на роднай мове? Я лічу, што нельга ісці на повадзе ў тых, хто спрабуе такім чынам нас пасварыць, убіць клін у нашы братнія стасункі».

Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: