Каб не заўчасная смерць духоўнага і ідэалагічнага натхняльніка кіраўніка Студзеньскага паўстання Вікенція Канстанціна Каліноўскага, невядома, як склаўся б лёс яго старэйшага брата.

Фота: Юлія Дарашкевіч

 

Каб не заўчасная смерць духоўнага і ідэалагічнага натхняльніка кіраўніка Студзеньскага паўстання Вікенція Канстанціна Каліноўскага, невядома, як склаўся б лёс яго старэйшага брата.

Кіраўнік паўстання Вікенцій Канстанцін Каліноўскі – вядомы нацыянальны герой Беларусі, а вось ягоны брат не мае такой шырокай вядомасці. Гэта не справядліва, бо праз Віктара В.К. Каліноўскі быў звязаны з гуртком З. Серакоўскага – Я. Дамброўскага (з 1858 г.), разам з братам вывучаў гісторыю і права Беларусі і Літвы. Браты Каліноўскія працавалі з дакументамі і літаратурай у Публічнай бібліятэцы; мелі сваю бібліятэку і збор рукапісаў на гэтую тэматыку.

Віктар Каліноўскі выконваў у Публічнай бібліятэцы даручэнні Віленскай Археалагічнай камісіі: выяўляў і капіраваў розныя рукапісы, якія тычыліся гісторыі Беларусі і Літвы, вёў самастойныя даследаванні па гісторыі ВКЛ, сялянскіх рухах у Беларусі і Украіне, напісаў кнігу “Уманская разня” пра паўстанне украінскіх сялян у 1768 г. Малодшы брат дапамагаў у бібліятэчных пошуках і заняццях.

Віктару Каліноўскаму не ўдалося паўдзельнічаць у паўстанні 1863-1864 гадоў – перашкодзіла смерць ад сухот (туберкулёза). У нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Гродне захоўваецца справа “Аб зборы звестак пра смерць студэнта Санкт-Пецербургскага ўніверсітэта Каліноўскага Віктара”. Старшыня віленскай следчай камісіі па палітычных справах палкоўнік Лосеў у рапарце да гродзенскага губернатара прасіў даслаць “дакладныя звесткі” пра смерць “брата павешанага злачынцы Канстанціна Каліноўскага” – дзе і кім пахаваны.

Два месяцы цягнулася справа. У папцы ёсць адказ гродзенскага архідзякана К. Гінтаўта, што ў гродзенскіх касцёлах няма метрык пра пахаванне Віктара Каліноўскага. Іх там і не магло быць. Лосеў другім рапартам губернатару гаворыць, што шукаць трэба ў бацькі, які арандуе фальварак Якушоўка ў Ваўкавыскім ўездзе ці ў сваякоў Каліноўскага. Жандармскі маёр (прозвішча не разборліва) так і зрабіў. Ён данёс губернатару дату смерці – 25.10 (6.11).1862 г. Дзе пахаваны і кім – не ўказана, але мы гэта добра ведаем. 27 кастрычніка (8 лістапада)1862 года настаяцель свіслацкага касцёла пахаваў Віктара на “публічных прыходскіх могілках”.

Вячаслаў Швед, прафесар гісторыі, для Беларускай праўды

Creative Commons License
This work is licensed under a Creative Commons Attribution-ShareAlike 4.0 International License.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: