У польскай сталіцы адбылася дыскусія пра адносіны паміж Паўночнаатлянтычным альянсам і Беларуссю.

Foto: Y.Likhtarovich

 

Размова ішла пра магчымасці ды абмежаванні ў двухбаковым узаемадзеянні.

NATO ды Беларусь маюць даволі зменлівую гісторыю адносін. На пачатку 1990-ых гадоў Беларусь пачала наладжваць стасункі з Паўночнаатлянтычным альянсам. Менск далучыўся да праграмы «Партнэрства дзеля міру», праводзіліся сустрэчы на вышэйшым узроўні ды навучальныя паездкі беларускіх вайскоўцаў у NATO і візыты натаўскіх спэцыялістаў у Беларусь. Аднак пасля 1996-га года, гэтыя кантакты спыніліся, Менск вярнуўся да савецкай рыторыкі й пачаў успрымаць NATO, як ворага. У апошнія гады градус варожасці знізіўся, узнавіліся кантакты паміж Менска ды штаб-кватэрай Альянсу. Пэрспэктывы далейшых адносін сталі тэмай абмеркавання ў Варшаве. У польскай сталіцы адбылася міжнародная экспэртная канфэрэнцыя «NATO-Беларусь: лепшае ўзаемаразуменне для даверу й стабільнасці». У сустрэчы ўзялі ўдзел экспэрты з Польшчы, Беларусі, Славаччыны, Украіны ды ЗША.

Погляды на адносіны NATO-Беларусь сярод экспэртаў падзяліліся. Так Павал Усаў з Цэнтру палітычнага аналізу ды прагнозу зазначыў, што Менск надалей бачыць у NATO ворага.

Павал Усаў: Два дні таму адбылася сустрэча беларускай Рады бяспекі, падчас якой Лукашэнка зазначыў, што Беларусь з’яўляецца расейскім фарпостам на Захадзе. Запатрабаваў ад Расеі грошай на мадэрнізацыю беларускай арміі.

Гэта вынікае з таго, што Беларусь успрымае сябе надалей як частку расейскай прасторы, перакананы Аляксей Лявончык з Беларускага дому.

Аляксей Лявончык: У беларускіх дзяржаўных СМІ Расея фігуруе як частка ўнутранай палітыкі. Менавіта так беларуская тэлевізія падае інфармацыю пра Расею. Беларусь успрымаецца як частка аднаго свету з Расеяй. Дзяржаўны наратыў гаворыць пра расейскія справы, як пра ўнутраныя для Беларусі. NATO прысвячаецца малая ўвага.

Беларусы глядзяць расейскія СМІ ды ў большасці вераць ім. Для сённяшняй Расеі NATO – гэта вораг дадаў аналітык ЕАST цэнтру Андрэй Елісееў.

Андрэй Елісеў: Расейскія СМІ вельмі папулярныя ў такіх краінах як Беларусь ці Малдова. У Беларусі дзейнічаюць так званыя расейскія гібрыдныя каналы. То бок фармальна яны беларускія, але беларускі змест там замяняе толькі меншую частку агульнага кантэнту. Для больш чым 40% беларусаў расейскія СМІ з’яўляюцца асноўнай крыніцай інфармацыі, а 2/3 насельніцтва часткова верыць расейскім СМІ.

З моманту вайну ва Ўкраіне расейскія СМІ паказала неаднаразова, як яны маніпулююць інфармацыяй. У Беларусі таксама NATO ня раз прадстаўлялі ў кепскім святле. Аднак адносіны NATO-Беларусь – гэта ня толькі варожасць, перакананы міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.

Раман Якаўлеўскі: Беларусь з’яўляецца партнэрам NATO з 1992-га года. Удзельнічала ў праграме «Партнэрства дзеля міру», мае індывідуальную праграму супрацы, была нават асацыяваным чальцом Парлямэнцкай асамблеі NATO. Яшчэ адзін пазытыўны момант супрацы з NATO, гэта навучанне беларускіх афіцэраў у Цэнтры па бяспецы NATO. Розныя курсы там прайшло больш за 60 беларускіх вайскоўцаў, у тым ліку й генэрал Мальцаў, які двойчы быў міністрам абароны Беларусі.

Прысутныя сярод экспэртаў аналітык ЕАST цэнтру Аляксандар Папкоў падкрэсліў, што «слоўныя атакі на NATO», гэта больш рытуал для беларускіх чыноўнікаў. Насамрэч, Менск ня хоча цяпер псаваць адносіны з NATO.

Аляксандар Папко: За апошнія месяцы NATO не было важнай тэмай у беларускай мэдыясфэры. Аднак, калі параўнаць з расейскімі СМІ, там NATO прадстаўляецца як варожы блёк, які хоча знішчыць Расею. NATO ў Беларусі не надаецца столькі ўвагі. Беларускія ўлады паўтараюць свой непакой у звязку з ростам актыўнасці NATO, але гэта традыцыйная рыторыка. Яна не змянялася за апошнія 20 год.

Тым больш, што большасць беларусаў не хацелі бы станавіцца часткай Расеі, распавёў вынікі сацыялягічных даследаваньняў праф. Андрэй Вардамацкі з Беларускай аналітычнай майстэрні.

Андрэй Вардамацкі: За добрасуседзкія адносіны з Расеяй, эканамічнае збліжэнне выступаюць 60% беларусаў. Калі ж запыталіся пра далучэнне да Расеі на правах суб’екта Фэдэрацыі, як Калмыкія ці Татарстан, то такое юрыдычнае далучэнне падтрымліваюць толькі 4-5% беларусаў.

Расея – гэта сапраўды абмежаваннем для для наладжвання супрацы паміж NATO і Беларуссю, але ёсць магчымасці для паляпшэння дыялёгу, лічыць аналітык Варшаўскага Цэнтру ўсходніх даследаваньняў Каміль Клысінскі.

Каміль Клысінскі: Магчымасці супрацы стварае змена сытуацыі ды больш агрэсіўная палітыка Расеі, асабліва канфлікт ва Ўкраіне. Гэта стварыла новы кантэкст. Беларусь заняла тут нэўтральную пазыцыю, не падтрымала расейскую агрэсію, не прызнала анэксію Крыма. Гэта ўсё стварае новы кантэкст вакол Беларусі, як краіны, што імкнецца да нэўтральнасці. Хаця Беларусь застаецца блізкім хаўруснікам Расеі. Пра гэта заўсёды трэба памятаць, калі мы кажам пра збліжэнне Беларусі ды NATO.

У польскай сталіцы адбылася міжнароднай экспэртная канфэрэнцыя на тэму «NATO-Беларусь: лепшае ўзаемаразуменьне для даверу й стабільнасьці». Сустрэчу зладзіў Беларускі дом у Варшаве ў супрацы з Нямецкім фондам Маршала ЗША.

Юры Ліхтаровіч, Польскае Радыё

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: