У Польшчы сустрэліся міністры замежных спраў і абароны Польшчы і Вялікабрытаніі.

Фото: Polskie Radio

 

 

Двухбаковыя адносіны, міжнародныя дачыненні і сыстэмы бяспекі, а таксама супрацоўніцтва ў рамках NATO – такія тэмы абмяркоўваліся падчас сустрэчы міністраў нацыянальнай абароны і замежных спраў Польшчы і Вялікабрытаніі

Сустрэча міністраў замежных спраў Польшчы і Вялікабрытаніі Яцэка Чапутовіча (Jacek Czaputowicz), Барыса Джонсана (Boris Johnson), а таксама міністраў нацыянальнай абароны Марыюша Блашчака (Mariusz Błaszczak) і Гэвіна Уільямсана (Gavin Williamson) у фармаце так званай квадрыгі прайшла пад Варшавай. Абмяркоўвалася між іншым роля паўночнаатлянтычнага саюзу, яго дзейнасьць у якасці гаранта бяспекі і стабільнасці на ўсходніх рубяжах NATO. Меркаваннем Яцэка Чапутовіча, усе бакі высока цэняць гэтую ролю.

Я. Чапутовіч: Мы лічым, што неабходна ўзмацніць здольнасць NATO бараніць сваіх чальцоў і адпужваць ворагаў. Гэта асабліва важна ў нашай частцы Эўропы. Бакі перамоваў згадзіліся таксама, што неабходна ўзмацняць па меры магчымасці сувязі паміж Эўропай і Паўночнай Амэрыкай. Гэта было важнай часткай нашай дыскусіі. Адносіны са Злучанымі Штатамі Амэрыкі адыгрываюць важнейшую ролю, калі гаворка ідзе пра гарантыі бяспекі.

Польскі міністар замежных спраў адзначыў, што як Польшча, так і Вялікабрытанія выконваюць узятыя на сябе абавязацельствы, датычныя выдаткаў на абароназдольнасць – больш за 2% ВУП. Тэмай перамоваў была таксама сустрэча кіраўнікоў ЗША і КНДР. Яцэк Чапутовіч згадаў тэму хімічнага ўзбраення, абедзве краіны выказваюцца за забарону выкарыстання такой зброі. Палітык нагадаў, што восенню плянуецца правесці польска-брытанскія міжведамасныя перамовы.

У сваю чаргу міністар замежных спраў Вялікабрытаніі Барыс Джонсан звярнуў увагу на добрае супрацоўніцтва з Польшчай у рамках NATO.

Б. Джонсан: Я вельмі ганаруся тым, што брытанскія жаўнеры знаходзяцца ў Польшчы, што яны дапамагаюць ахоўваць усходнія межы NATO.

Міністар Джонсан згадваў таксама польска-брытанскае гандлёвае супрацоўніцтва, казаў, што эканамічны тавараабарот паміж краінамі пашыраецца, ён таксама павіншаваў польскі ўрад за праект будаўніцтва Цэнтральнага аэрапорту, які плянуецца збудаваць у Польшчы.

Міністар нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак падзякаваў ад імя польскай дзяржавы за тое, што брытанскія вайсковыя адзінкі разьмешчаныя ў Польшчы. І прыгадаў, што абодва бакі вядуць перамовы па пытанні супрацоўніцтва ў галіне вытворчасці ўзбраення.

М. Блашчак: Мы вядзем перамовы на гэтую тэму, між іншым датычныя праграмы «Нараў». Праграма прадугледжвае выкарыстанне галоўным чынам польскага ўзбраення, але мы спадзяемся, што яна будзе ўзмоцненая дзякуючы супрацоўніцтву з брытанскім бокам. Гаворка ідзе пра зэнітныя батарэі ракетных сыстэм малога радыюсу дзейнасьці. Мы закраналі таксама тэматыку нашых плянаў, датычных сумесных ваенных манэўраў.

Па словах кіраўніка мінабароны Вялікабрытаніі Гэвіна Уільямсана, абодва бакі хацелі б часцей ладзіць сумесныя ваенныя вучэнні. Уільямсан звярнуў увагу на тое, што ў Вялікабрытаніі пражывае каля мільёна асобаў польскага паходжання, таму неабходна развіваць як мага больш блізкія адносіны паміж дзяржавамі – культурныя, эканамічныя, а таксама ў галіне бяспекі.

Тэму адносінаў паміж рознымі краінамі-сябрамі NATO закранаў таксама надоечы кіраўнік паўночнаатлянтычнага альянсу Енс Столтэнбэрг (Jens Stoltenberg), які пабываў з візытам у Лёндане. Генэральны сакратар NATO заклікаў да адзінства саюзу. Ён нагадае, што апошнім часам паміж чальцамі NATO былі напружаныя адносіны, паколькі яны мелі розныя пункты гледжання на некаторыя справы. Тым ня менш, спадзяецца кіраўнік пакту, гэтыя праблемы не павінны пагражаць адзінству NATO.

Е. Столтэнбэрг: Сапраўды, мы бачым розніцы ў пазыцыі ЗША ды іншых сябраў NATO па такіх пытаннях, як гандаль, кліматычныя змены або дамоўленасць з Іранам на тэму атамнай праграмы. Ёсць таксама розніцы ў падыходзе да праблем з боку розных эўрапейскіх краін. Гаворка ідзе пра будучыню Эўрапейскага Звязу, каштоўнасці і папулізм. Гэтыя розніцы ў пазыцыях вельмі рэальныя. Ніхто не даваў гарантыі, што моцныя сувязі паміж Эўропай ды Амэрыкай дадзеныя раз на заўсёды, але я веру, што ўдасца іх захаваць.

Падчас свайго прабывання ў Лёндане кіраўнік NATO адзначыў, што адзінства і салідарнасць неабходна захаваць хаця б дзеля таго, каб супрацьстаяць пагрозе з боку Расеі. Ён згадаў пра спробу забойства Сяргея Скрыпаля і нападзенне на Ўкраіну.

Польскае Радыё

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...